«Дзеянні суддзі з'яўляюцца злачынствам пераследу» — праваабаронца пра смерць Мікалая Клімовіча
Беларускі праваабаронца Павел Сапелка пракаментаваў смерць у калоніі палітвязня Мікалая Клімовіча, які пакутаваў ад хваробы сэрца.
20.05.2023 / 15:43
Андрэй Бычыла
«Выпадак Мікалая — гэта ясная і выбітная ў сваей цынічнасці расправа над чалавекам за яго перакананні, калі суддзя Андрэй Бычыла, маючы ўсе звесткі пра ўсе абставіны стану здароўя абвінавачванага, маючы магчымасць вынесці хоць і адвольны з пункту гледжання правоў чалавека, але па меншай меры — не звязаны з пазбаўленнем волі, а значыць, не смяротны прысуд, прызначыў самы цяжкі з магчымых відаў пакарання.
Вядома, пры гэтай уладзе суддзя атрымае ад улад толькі падтрымку і адабрэнне, але, з пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права, дзеянні суддзі Бычыла з'яўляюцца злачынствам пераследу — пазбаўленне волі па палітычных матывах, а смерць асуджанага абцяжарвае адказнасць вінаватага», — прыводзіць словы Паўла Сапелкі «Вясна».
Пра смерць Мікалая Клімовіча стала вядома 7 мая. 28 лютага Андрэй Бычыла прыгаварыў яго да 1 года пазбаўлення волі за знак «смешна» пад карыкатурай на Аляксандра Лукашэнку.
Мікалай Клімовіч перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы і перад прысудам сказаў: «Любое турэмнае знявольванне для мяне — гэта смерць, таму што я павінен быць пад сталым наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца».
Чытайце таксама: