Польшча закрыла мяжу для прычэпаў на беларускіх і расійскіх нумарах — як гэта адаб'ецца на Беларусі?
З 1 чэрвеня і да асаблівага распараджэння Польшча закрывае рух праз беларуска-польскую мяжу для грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, саставаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі. Спыталі ў лагіста і перавозчыка, якіх наступстваў варта чакаць ад гэтых абмежаванняў і як яны збіраюцца працаваць у новых умовах.
30.05.2023 / 14:07
Уся справа ў прычэпах
Сярод новых правіл ад польскага боку галоўным можна назваць забарону ўезду грузавога транспарту з прычэпамі і паўпрычэпамі, зарэгістраванымі ў Беларусі і Расіі.
Якраз гэты пункт стане найбольш адчувальным, бо працаваць на сваёй тэрыторыі транспартным кампаніям з РБ і РФ ЕС забараніў яшчэ ў красавіку мінулага года. Таму за рэдкім выключэннем грузавікі, як і фірмы, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расіі, не могуць ажыццяўляць перавозкі ўжо другі год.
Праз санкцыі ў той жа Польшчы рэзка павялічылася колькасць транспартных кампаній з беларускім і расійскімі капіталамі. Толькі за 2022 год іх колькасць у Польшчы вырасла амаль у два разы. Калі ў 2021 годзе такіх кампаній было 473, то ў 2022-м — ужо 885.
Беларусы з фірмамі ў Польшчы выкарыстоўвалі грузавікі і цягачы на польскай рэгістрацыі, а вось прычэпы і паўпрычэпы ў іх часцяком былі з беларускай або расійскай «прапіскай».
Некаторыя перавозчыкі ўжо падрыхтаваліся
Суразмоўца са сферы грузаперавозак кажа, што некаторыя беларускія перавозчыкі ўжо адрэагавалі на гэтая новаўвядзенні.
«Ведаю, што некалькі буйных кампаній пачалі закупляць прычэпы і паўпрычэпы яшчэ да таго, як закон быў афіцыйна прыняты. З рыторыкі польскага боку было зразумела, што яны ўвядуць гэтыя абмежаванні. Таму некаторыя буйныя фірмы вырашылі не адкладаць гэты працэс і пачалі закупляцца загадзя, каб не спыняць працу», — кажа перавозчык.
Па назіраннях мужчыны, 8 з 10 «польскіх» перавозчыкаў, якія працуюць на нашым кірунку, маюць беларускія карані.
«Канкрэтна палякаў на Беларусь ездзіць не так шмат. У асноўным беларусы самі закрываюць патрэбы ў перавозках на гэтым кірунку. Буйныя гульцы маюць фірмы і транспарт, зарэгістраваны ў Беларусі, Еўропе, Казахстане. Такая практыка была распаўсюджаная і раней, але не была такой папулярнай, як цяпер. Напрыклад, літоўская фірма — адной з самых буйных у Еўропе — даўно мела транспарт не толькі з літоўскай прапіскай, але і расійскай», — кажа мужчына.
Што да наступстваў, то на думку перавозчыка, гэта прывядзе яшчэ да большых затораў на ТЛЦ.
«Раней можна было рабіць перачэпку, што адносна хутка. Цяпер давядзецца перагружаць тавары з беларускага прычэпа ў польскі. На гэта давядзецца выдаткоўваць больш часу і грошай. Дастаўка стане больш працяглай па часе і напэўна больш дарагой», — лічыць бізнэсмен.
Вялікіх праблем не чакаюць, прыглядаюцца да Балтыі
Суразмоўца са сферы лагістыкі звяртае ўвагу на той факт, што гэтая забарона не агульнаеўрапейская, а выключна польская, таму на першы погляд не ўсё так кепска.
«Як гэтая схема будзе працаваць на практыцы, пакуль невядома, бо дата Х яшчэ не надышла. Але з таго, як напісана ў навінах, выглядае, што забарона на ўезд грузавікоў з беларускімі і расійскімі прычэпамі будзе распаўсюджвацца толькі на адрэзак беларуска-польскай мяжы.
То-бок з беларускім або расійскім паўпрычэпам па факце нельга будзе праехаць толькі праз пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы. Балтыйскія краіны ў гэты спіс не ўваходзяць», — адзначае лагіст.
На думку спецыяліста, калі гэта будзе менавіта так, то вялікіх праблем не ўзнікне.
«У нас застаюцца краіны Балтыі, з якімі можна будзе працягваць працаваць, як і раней. З польскімі і без гэтага стала складаней супрацоўнічаць, калі ў адказ на закрыццё «Бераставіцы» беларускі бок забараніў уязджаць у нашу краіну грузавікам на польскай рэгістрацыі праз пункты пропуску на мяжы з Латвіяй і Літвой (апроч некаторых выключэнняў. — НН).
Таму, відаць, гэтае абмежаванне ў першую чаргу закране польскіх перавозчыкаў. Прычым кепска ад гэтага будзе ўсім: як фірмам з польскім капіталам, там і з замежным», — лічыць спецыяліст.
Суразмоўца адзначае, што хоць большасць «польскіх» кампаній, якія працуюць на ўсходнім кірунку, належаць беларусам або расіянам, хапае і палякаў, якія зараблялі на перавозцы беларускіх і расійскіх прычэпаў і паўпрычэпаў.
Ускладніцца дастаўка грузаў у Расію
«Беларускі бок не забараняе перачапіць на ТЛЦ польскі прычэп да беларускага цягача, які давязе груз у Мінск ці, напрыклад, у Віцебск. Але калі гаворка ідзе пра далейшую дастаўку ў Расію, то так рабіць нельга. Таму акурат беларускія і рускія прычэпы карысталіся такой папулярнасцю.
Цяпер выглядае, што прынамсі польскія перавозчыкі акажуцца ў найменш выгадным становішчы, бо тавар давядзецца перагружаць, а гэта дадатковыя часовыя і фінансавыя выдаткі. Такім чынам, праца з перавозчыкамі з балтыйскіх краін будзе выглядаць больш прывабнай, прынамсі калі нічога не зменіцца. Атрымліваецца, што такім рашэннем польскі бок робіць кепска не толькі беларускаму і расійскам бізнэсу, але і польскаму», — лічыць спецыяліст.
«Калі Пачобута адпусцяць заўтра, то пераход у «Баброўніках» будзе адкрыты паслязаўтра», — кіраўнік МУС Польшчы