Польшча закрывае мяжу для прычэпаў з беларускімі і расійскімі нумарамі
З 1 чэрвеня і да асаблівага распараджэння на мяжы з Беларуссю будзе прыпынены рух грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў і саставаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі. Такую пастанову выдала польскае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, паведамляе Onet.pl.
Прадугледжваецца, што з 24:00 1 чэрвеня (чацвер) да дадатковага паведамлення спыняецца пагранічны рух грузаў у пунктах пропуску праз мяжу з Рэспублікай Беларусь для грузавых аўтамабіляў, седлавых цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў і саставаў транспартных сродкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці Расійскай Федэрацыі.
Раней абмежаванні існавалі таксама, але праз мяжу прапускалі, напрыклад, зарэгістраваныя ў Беларусі паўпрычэпы, якія цягнулі транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Польшчы. Цяперашняя пастанова гэта забараняе.
Раней сёння кіраўнік МУС Польшчы вырашыў уключыць у санкцыйны спіс 365 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, а таксама 20 структур і 16 прадпрымальнікаў, пераважна звязаных з расійскім капіталам.
Гэта рэакцыя на рашэнне лукашэнкаўскага суда прысудзіць журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі Андрэя Пачобута да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 26 мая Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыю і пакінуў прысуд у сіле.
Чытайце таксама:
Святлана Ціханоўская прывітала рашэнне Польшчы ўвесці новыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму
У Польшчы зноў пачалі правяраць транспартныя кампаніі з беларускім капіталам
Прафсаюзы свету заклікалі ўвесці поўную эканамічную блакаду лукашэнкаўскага рэжыму
Каментары