Стэндапер Мірзалізадэ: Гэта дзіўны рух — пошук суперажывання да расіянаў
Вядомы беларускі стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ расказаў пра свае адносіны з беларускай мовай і тое, што не разумее ў расіянах.
07.06.2023 / 15:56
Ідрак Мірзалізадэ падчас інтэрв'ю. Скрын відэа «А пагаварыць?»
«Мой бацька быў сябрам БНФ «Адраджэнне»
У інтэрвʼю, якое Ідрак Мірзалізадэ даў у Варшаве ютуб-каналу «А пагаварыць?», стэндапер згадвае, што яго бацька вучыўся ў Беларусі, а калі пачаў там працаваць, то перавёз сямʼю. Бацька быў сябрам БНФ «Адраджэнне».
«Гэта быў крызіс СССР. Бацька захапляўся рознымі сацыяльнымі рухамі, якія адбываліся ў свеце. Народны фронт быў не толькі ў Беларусі, але і ў Азербайджане. Тата не быў актыўным дзеячам БНФ. Ён расказваў, што зʼездзіў на зʼезд БНФ у Вільню».
Мірзалізадэ адзначае, што для яго бацькі Беларусь стала роднай краінай. Пры гэтым бацька пастаянна нагадваў сыну «Не забывай, што ты талыш (талышы — народ на поўдні Азербайджана і паўночным захадзе Ірана. — НН) з Азербайджана».
«Я хадзіў у школу і разумеў, што я талыш з Азербайджана. Вучуся ў Беларусі. Вучу беларускую мову»,
— дзеліцца ўспамінамі комік.
Мірзалізадэ згадвае, што яго бацька крытыкаваў за тое, што ён абрусеў. Пад гэтым бацька разумеў тое, што чалавек страціў свае карані:
«Гэта магло гучаць як папрок таму, што я адышоў у нейкі бескультурны бок свайго жыцця. Гэта слова часта ўжываецца сярод каўказцаў для таго, каб сказаць, што ён страціў свае карані».
«Інстытут быў для мяне месцам, дзе я баўлю час, пакуль выбіраю сваю нішу ў жыцці»
У 2009 годзе Мірзалізадэ паступіў на журфак БДУ не дзеля прафесіі.
«У той час я не разглядваў інстытут (журналістыкі. — НН) як пляцоўку, дзе атрымліваю веды і адукацыю. Інстытут быў для мяне месцам, дзе я баўлю час, пакуль выбіраю сваю нішу ў жыцці».
Стэндапер згадвае, што ў студэнцкі час ён захапляўся брытанскім журналістам Робертам Фіска, які шмат пісаў пра палітыку заходніх краін адносна краін Блізкага і Цэнтральнага Усходу.
«Мне вельмі падабалася пазіцыя гэтага журналіста. Яна не была кшталту «мы нясём ліберальны парадак дня ў свет». Я тады на хвалі рамантыкі думаў, як крута будзе ездзіць па гарачых пунктах і рабіць рэпартажы»,
— адзначае Мірзалізадэ.
Акрамя гэтага, у той час будучы комік прачытаў шмат кніг Рэмарка. Па яго словах, раман «На заходнім фронце нічога новага» максімальна перадае жахі вайны. «Пасля яго думкі аб рамантызацыі вайны поўнасцю зніклі. Я зразумеў, што гэта не маё».
У час вучобы Ідрак, па яго словах, не цікавіўся пытаннямі свабоды прэсы.
«Можа, трэба, каб расіяне разумелі ўкраінцаў і беларусаў?»
Мірзалізадэ разважае, што кожны жыве ў сваёй рэальнасці — тыя, хто збег з краіны, беларусы ў беларускіх умовах і расіяне ў расійскіх.
«Вось [расіяне] кажуць: чаму ўкраінцы [нас] не разумеюць? Але чаму ўсе ў Расіі шукаюць разумення ўкраінцаў? Навошта яно ім патрэбнае? Можа, трэба, каб расіяне разумелі ўкраінцаў і беларусаў? Нейкая дзіўная пастаноўка пытання — гэты пошук суперажывання да расіянаў. У тым ліку за мяжою.
Гэта дзіўны рух. Менавіта да расіянаў. З беларусамі мы не абмяркоўваем «Вось, украінцы нас не разумеюць». Чаму цябе павінны разумець украінцы?
Ва ўкраінцаў вайна. У цябе свая рэальнасць, і ў ёй ты максімальна робіш тое, што можаш рабіць. Ці не робіш. Мне падаецца, расіянам трэба пашукаць разумення паміж сабою. «Чаму мы адно аднаго не разумеем?» — вось выдатнае пытанне», — выказвае свой погляд Мірзалізадэ.
Мова — культурны код
Ідрак Мірзалізадэ адзначае, што важна гаварыць па-беларуску. Гэта неабходна для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Мова — гэта твой культурны код.
«Для мяне важна, што я талыш, што я ведаю, хто мае продкі і адкуль яны. Дзякуючы гэтаму я ведаю, хто я. Раней, у нейкі момант я ад гэтага аддаліўся, палічыў, што гэта не так важна. Але ў тыя гады я сябе адчуваў агідна, бо згубіў усе каштоўнасці. Цяпер я імкнуся вярнуць тое, што згубіў. Гэта важна таму, што дае адчуванне глебы пад сабою»,
— тлумачыць Мірзалізадэ.
Але стэндапер заўважае, што ён думае на рускай мове і лічыць сябе рускамоўным чалавекам. «Вось я вырас у Беларусі, у якой размаўлялі на рускай мове. І я на ёй размаўляў. У сямʼі я вывучыў азербайджанскую і трохі талышскую. Беларускую мову я вывучыў у школе», — згадвае Ідрак.
Мірзалізадэ прызнаецца, што не можа размаўляць на беларускай мове добра, бо не мае практыкі.
«Я рабіў выступ на беларускай мове і тыдзень практыкаваў беларускую мову, імкнуўся з сябрамі размаўляць па-беларуску», — прыгадвае стэндапер.
Ідрак Мірзалізадэ выказвае думку, што ў сённяшняй Беларусі знішчаецца беларуская мова, адбываецца капітальная русіфікацыя. Ён адзначае, што беларускую мову імкнуцца прэзентаваць як мову пратэстаў, але ў першую чаргу гэта мова народу, мова Вялікага Княства Літоўскага. У той жа час для чыноўніка чалавек, які гаворыць на беларускай мове, — проста апазіцыйна настроены.
«Калі ты размаўляеш на беларускай мове, то ты імкнешся быць беларусам. А ўлада якраз праціўнік таго, каб людзі былі беларусамі, каб людзі захоўвалі свой культурны код».
Чытайце яшчэ:
Комік Нарышкін запускае беларускамоўны падкаст
Зорка стэндапу Ірына Прыходзька — пра асаблівасці беларускага гумару і эміграцыю праз вайну