Зорка стэндапу Ірына Прыходзька — пра асаблівасці беларускага гумару і эміграцыю праз вайну
Беларуская гумарыстка Ірына Прыходзька засвяцілася ў яркіх стэндап-праектах апошняга часу: яна фіналістка першага сезона «Адкрытага мікрафона», удзельнічала ў «Прожарке» на ТНТ і выступала ў беларускім Comedy Club. У новым выпуску шоу «Жыццё-маліна» Прыходзька расказала пра ад’езд з Расіі і асаблівасці гумару беларусаў.
Унутраны свет комікаў
«Кожны комік сумны ўнутры. І ў цэлым камедыя будуецца не на нечым шчаслівым, а наадварот, і ты потым з гэтага робіш гумар. Не магу сказаць, што комікі — шчаслівыя людзі. Ну і чым горшыя падзеі адбываюцца ў тваім жыцці, тым смяшнейшыя будуць твае жарты», — шчыра гаворыць Ірына.
Беларуска тлумачыць гэта тым, што ў комікаў аналітычны склад розуму і яны здольныя бачыць негатыў нават там, дзе яго няма. Але ёсць і добры бок гэтай якасці: Ірына прызнаецца, што гумар для яе — у нейкім сэнсе тэрапія, прапрацоўка ўсіх тых цяжкасцей, што з ёй здараюцца: «Вельмі адпускае, калі ты са сцэны кажаш тое, што цябе хвалюе».
Ірына спакойна ставіцца да расійскіх комікаў, якія засталіся ў Расіі і праз гэта маўчаць пра вайну, маўляў, гэта твая краіна і твой дом, нармальна хацець застацца.
Вялікія грошы, якія зарабляюць некаторыя з расійскіх комікаў, беларуска лічыць адной з прычын іх несвабоды: «Ты прывык да нейкага ўзроўню камфорту, і ты такі: ну блін, я так стараўся, я не гатовы яго панізіць».
Сама Ірына расказвае, што з ад’ездам з Расіі страціла магчымасць выступаць рэгулярна, што было крыніцай яе прыбытку. Тым не менш, яна не адчувае крыўды на калег, якія не пайшлі гэтым жа шляхам.
Ад’езд з Расіі
Беларуска расказвае, што ў першы час пасля пачатку вайны ва Украіне яна старалася чытаць як мага менш навін, бо інакш не магла жыць у нармальным для яе рытме. Гэта не перашкаджала Ірыне даведвацца пра асноўныя навіны — важная інфармацыя даходзіць да чалавека і ў такім выпадку. Дзяўчына кажа, што інфармацыйны вакуум можа быць правільным рашэннем у стрэсавы час, але важна захоўваць баланс у сувязі з рэальным светам.
Ірына кажа, што для яе пачатак вайны і ад’езд з Расіі стаў яшчэ большым стрэсам, чым падзеі 2020 года ў Беларусі: «Па-першае, [іншая] колькасць ахвяр. Па-другое, усведамленне таго, што жыццё людзей змяняецца, у большасці не ў лепшы бок, і што маё жыццё змянілася кардынальна. Было цяжка, бо я сама яго змяніла. Ніхто не выганяў, ніхто нічога не забараняў, я проста прыняла такое рашэнне, бо яно падыходзіць канкрэтна мне. Я разумею людзей, якія засталіся ў Расіі, прымаю іх».
Беларуска падкрэслівае, што выбар, эміграваць ці не, залежыць толькі ад самога чалавека: «Абодва рашэнні цяжкія — і застацца цяжка, і з’ехаць цяжка. Невядома, што з гэтага больш цяжкае, і кожны для сябе сам вырашае. Для мяне захаванне свабоды маёй волі і здольнасці хоць неяк гаварыць пра тое, што я думаю, аказалася важнейшым за стабільнасць».
Пераезд у Турцыю і землятрус
Для пераезду з Расіі Ірына выбрала Турцыю — паўплывала наяўнасць у краіне сяброў і добры турэцкі клімат. Пазней праз цяжкасці з легалізацыяй яна перабралася ў Грузію, але і там адчула наймацнейшы турэцкі землятрус, што адбыўся 5 лютага: «Да нас даляцела. Начны штуршок мы не адчулі, а дзённы адчулі. Хісталася лямпа, у басейне калыхалася вада. Было страшнавата. У нашым горадзе абсалютна нічога не разбурылася, было лёгкае хістанне, але ў тых, хто жыве на верхнім паверху, хістала моцна».
Беларускі гумар
Ірына адназначна адказвае на пытанне пра тое, ці існуе беларускі гумар: так, ён ёсць, і гэта з’ява. Мае ён і свае асаблівасці:
«Ён добры, на мой погляд. Чула, што ў беларускіх комікаў нават ёсць нешта агульнае ў тэмбры і ў манеры. У нас інтанацыя трохі іншая — то ўверх, то ўніз. Чым беларускі гумар адрозніваецца ад украінскага і рускага? Вось гэта, я думаю, мы яшчэ даведаемся, мо яшчэ не сфармавалася да моцна адметных рысаў».
Прыходзька пакуль не робіць беларускамоўны стэндап, але не выключае такой магчымасці для сябе ў будучыні. Яна абвяргае ідэю пра тое, што для развіцця беларускага гумару патрэбная нейкая фінансавая база, але лічыць, што беларусы цяпер не надта цікавяцца беларускім: «З дзяцінства гэта не было нам прывіта, знішчалася беларуская мова. Я памятаю, у маёй школе быў беларускамоўны клас, але ў сёмым ці восьмым класе іх расфармавалі, і ўсе яны [вучні] пайшлі ў звычайныя рускамоўныя класы».
Пра свайго калегу Ідрака Мірзалізадэ Ірына выказваецца так: «[Для яго характэрная] харызма, цікавыя тэмы, у яго ёсць свой стыль. Мне падабаюцца комікі, якія могуць нават маўчаць смешна. Калі [Артур] Чапаран выходзіць, ты глядзіш на яго — і табе ўжо смешна, і з Ідракам гэтак жа».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
так было і ў маёй сястры. яна хадзіла ў белмоўную групу ў садку. такая добрая была выхавацелька (я проста нявольна параўноўвала са сваімі саўковымі злымі цёткамі). потым сястра пайшла ў белмоўны клас. а потым... усё зламалі па-жывому
вось гэтак жа ў класе шостым, нікога (настаўнікаў, бацькоў) не пытаючыся, перавялі клас на расейскую
памятаю - спачатку сястры трохі цяжка было пры пераключэнні паміж мовамі - менавіта моўнымі прадметамі - рабіла памылкі на пісьме ў расейскай, а разам з тым і беларускай. а вось з матэматыкай не было ніякіх праблем) у алімпіядах потым удзельнічала. а тое любяць у нас некаторыя казаць - тыпу немагчыма вывучаць дакладныя навукі па-беларуску. паўнейшая бздура
танчэйшыя -
больш тонкія. больш дзёрзкія. і часцяком гэта будзе так званы чорны гумар
зразумець які зможа толькі чалавек, які сам прайшоў праз выпрабаванні
ну а для іншых - петрасяншчына) то бок - примитивные ш утки ниже пояса