Навукоўцы: эўтаназія, магчыма, існавала ў імперыі інкаў

Вучоныя з дапамогай камп'ютарнай тамаграфіі паспрабавалі разгадаць таямніцу смерці жанчыны інкаў, якая жыла ў XVI стагоддзі. Яе муміфікаваныя парэшткі знаходзяцца ў музеі ў Мюнхене.

09.06.2023 / 09:17

Мумія жанчыны імперыі інкаў. XVI стагоддзе. Магчыма, яе забойства сведчыць аб існаванні ў інкаў эўтаназіі. Фота: journals.plos.org

Мумія маладой жанчыны патрапіла ў баварскія зборы ў пачатку ХХ стагоддзя. Падчас Другой сусветнай вайны яна страціла абедзве нагі ніжэй за калена. Першапачаткова вучоныя меркавалі, што астанкі належаць чалавеку, які жыў на тэрыторыі Еўропы ў балоцістай мясцовасці.

Але даследаванне стабільных ізатопаў вадароду і азоту паказала, што яна харчавалася ў асноўным морапрадуктамі, рыбай і кукурузай. Такі тып харчавання характэрны для жыхароў узбярэжжа сучасных Чылі і Перу. Да таго ж валасы жанчыны былі перавязаныя тканінаю з валокнаў шэрсці сямейства такіх вярблюдавых, як лама і альпака.

З дапамогай кампʼютарнай тамаграфіі вучоныя здолелі высветліць, што жанчына была па-зверску забітая. Пра гэта сведчылі фрагменты касцей твару, якія знаходзіліся ў задняй частцы чэрапа. Магчыма, яны туды патрапілі пасля смерці, калі тканка мозгу расклалася.

У жанчыны таксама была рана на лбе даўжынёй каля 7 см, якая, як сцвярджаюць вучоныя, зʼявілася прыкладна ў момант смерці. Характар траўмаў сведчыць аб тым, што твар не быў раздушаны пасля смерці (напрыклад, пры апоўзні ў магіле).

Вынікі судова-медыцынскай экспертызы паказалі, што жанчыну забілі, хутчэй за ўсё, нейкім інструментам з закругленымі краямі.

Спачатку даследчыкі выказалі думку, што жанчыну маглі прынесці ў ахвяру. Да такой думкі іх схілялі падобныя пашкоджанні твару, што выявілі на муміі хлопчыка ля возера Тытыкака ў Балівіі, які быў прынесены ў ахвяру багам.

Аднак кампʼютарная тамаграфія паказала, што ў ахвяры была гіпертрафія міякарду і фіброз у тоўстай і прамой кішках. Такія сімптомы сведчаць аб тым, што жанчына мела паразітарную хваробу Шагаса, якая распаўсюджаная ў Лацінскай Амерыцы.

Для пацвярджэння дыягназу навукоўцы вывучылі фрагменты тканак кішэчніка і прамой кішкі пад мікраскопам. Гэта дапамагло выявіць унутрыклетачных паразітаў Trypanosoma cruzi, якія і ёсць ўзбуджальнікамі хваробы Шагаса. Тэст ДНК таксама пацвердзіў наяўнасць генетычнага матэрыялу паразіта ў тканках жанчыны.

Людзі гэтай хваробай звычайна заражаюцца ад трыатомавых ці «пацалункавых» клапоў. Пасля заражэння многія не адчуваюць ніякіх сімптомаў, альбо яны могуць быць вельмі лёгкімі і непрацяглымі, такія як паскоранае сэрцабіццё, галавакружэнне, боль у грудзях, аддышка.

Але ў некаторых хвароба можа перайсці ў хранічную стадыю, якая без сімптомаў можа цягнуцца дзесяцігоддзямі, а затым праявіцца ў форме сардэчнай недастатковасці, парушэння рытму сэрца ці паражэння стрававальнай сістэмы.

Даследаванне муміі жанчыны сведчыць аб тым, што ў яе хвароба Шагаса мела хранічную стадыю. А ступень фіброзу сценак анусу дазволіла ім сцвярджаць аб тым, што гэтае захворванне магло стаць прычынай смерці.

Даследчыкі мяркуюць, што нават, калі б яна не была забітая, яе цела было настолькі слабым, што не магло змагацца з хваробаю. Гэты факт паставіў пад сумненне версію аб тым, што жанчыну прынеслі ў ахвяру багам. Бо вядома, што такімі ахвярамі станавіліся людзі без бачных прыкмет хваробы ці цялесных пашкоджанняў.

Але аналіз валасоў жанчыны паказаў, што за некалькі месяцаў да смерці яна пачала есці больш наземнай ежы замест марской. Звычайна ежай, якая багатая на бялкі наземных жывёл, напрыклад ламаў, як паказаў аналіз іншых мумій інкаў, кармілі тых, хто прызначаўся да ахвярапрынашэння. Гэты факт сведчыць на карысць версіі аб тым, што жанчыну рыхтавалі да ахвярапрынашэння.

Такім чынам, вучоныя так і не прыйшлі да агульнай высновы. Дакладна невядома, ці была жанчына, мумія якой захоўваецца ў баварскай калекцыі, прынесеная ў ахвяру багам альбо ўдары па твары былі прызначаныя для таго, каб пакласці канец яе пакутам, што былі выкліканыя хваробай Шагаса.

Калі схіляцца да апошняй версіі, то ў такім выпадку можна сцвярджаць, што інкі практыкавалі эўтаназію.

Чытайце яшчэ:

Навукоўцы: небінарныя людзі існавалі яшчэ ў каменным веку

Зубны камень неандэртальцаў даў матэрыял для антыбіётыку новага пакалення

Вучоныя: сучасныя людзі атрымалі вялікія насы ў спадчыну ад неандэртальцаў

Антось Жупран