Mark Formelle збіраецца адкрыць яшчэ 40 крам у Расіі
Брэнд беларускага адзення Mark Formelle нарошчвае сваю прысутнасць у Расіі і будуе на 2023 год амбіцыйныя фінансавыя планы. Пра гэта заснавальнікі групы кампаній Mark Formelle Андрэй Серыкаў і Святлана Сіпарава расказалі ў інтэрв'ю New Retail.
16.06.2023 / 11:30
«Наша кампанія прыйшла на расійскі рынак у 2014 годзе. За амаль дзесяць гадоў сумеснай працы ў нас склаліся вельмі цёплыя і даверлівыя адносіны як з новымі партнёрамі, так і з пакупнікамі. З 2022 года мы пачалі актыўна павялічваць сетку. Сёння яна налічвае 62 гандлёвыя пункты ў 28 гарадах краіны. Дарэчы, палову з іх мы запусцілі летась. Можна сказаць, ён стаў для нас паваротным», — апавядаюць прадпрымальнікі.
Яны кажуць, што да гэтага на расійскім рынку былі даволі высокія арэндныя стаўкі ў гандлёвых цэнтрах, а канцэнтрацыя вядомых еўрапейскіх брэндаў з высокімі маркетынгавымі бюджэтамі і прадукцыяй, вырабленай у Бангладэш, не давала шмат шанцаў айчынным вытворцам.
Пасля адыходу з расійскага рынку заходніх брэндаў, Расія стала другім па аб'ёмах продажу і самым важным рынкам у стратэгіі развіцця Mark Formelle.
Цяпер у планах кампаніі адкрыццё яшчэ мінімум 40 уласных гандлёвых крамаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу і гарадах-мільённіках.
«У вельмі сціслыя тэрміны fashion-рытэйл у Расіі змяніўся практычна да непазнавальнасці. У тым ліку з'явілася вельмі шмат лакальных брэндаў, што стварыла для fashion-сегмента магутны вектар для развіцця. Гэты трэнд пацвярджаецца не толькі асабістымі ўражаннямі, але і канкрэтнымі лічбамі. З мая мінулага года наш продаж на расійскім рынку вырас на 220%, а аб'ём прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расію, — на 140%», — кажуць Серыкаў і Сіпарава.
Яны зазначаюць, што амаль за 10-гадовую гісторыю адносін брэнда з расійскім спажыўцом у кампаніі змаглі добра вывучыць яго густы і перавагі.
Чытайце таксама:
У Беларусі знайшлі замену H&M? Расказваем, хто можа прыйсці на замену і якія там цэны
Mark Formelle выпусціў новую калекцыю з прынтамі па-беларуску