У Беларусі знайшлі замену H&M? Расказваем, хто можа прыйсці на замену і якія там цэны
У краіну прыходзіць сетка магазінаў расійскіх дызайнераў Slava. На сваёй радзіме новы брэнд займае гандлёвыя плошчы буйных рытэйлераў накшталт H&M, які пакінуў Расію ў мінулым годзе. Няўжо і ў Беларусі Slava зойме аналагічную пазіцыю?
Пра тое, што Slava плануе выходзіць на рынкі Беларусі і Узбекістана, стала вядома з інтэрв’ю стваральніка сеткі Аляксандра Перамятава. Дакладную дату адкрыцця магазінаў Перамятаў не называе, бо такое пашырэнне патрабуе істотных інвестыцый.
Адно з прапагандысцкіх беларускіх медыя ўжо паабяцала, што новы брэнд заменіць буйнога замежнага рытэйлера H&M, які сышоў з Беларусі ў 2022 годзе. Як мінімум на такую ролю Slava зараз прэтэндуе ў Расіі, якая сутыкнулася год таму з адтокам замежных вытворцаў у яшчэ большай ступені, чым Беларусь.
Slava з’явілася ў 2015 годзе. Брэнд, які мае ў Расіі ўжо больш за 30 магазінаў, прадае адзенне, абутак, упрыгажэнні, посуд, тавары для дома і касметыку расійскіх дызайнераў і вытворцаў.
Што расійская кампанія прапануе пакупнікам? Разгледзім гэта на прыкладзе некаторых тавараў ад Slava, якія расійская кампанія паказала ў інстаграме. І пачнём з жаночага адзення.
Яркі белы світшот з капюшонам ад Slava каштуе (у пераводзе на беларускую валюту) 373 рублі, больш сціплы карычневы варыянт без капюшона — 80 рублёў. Трошкі больш, амаль 84 беларускія рублі, каштавала б нам маленькая чорная майка (на скрыне). Кошт рэменя эквівалентны 93 рублям, сонечных акуляраў — амаль 109 рублям, а за чорныя джынсы просяць суму, эквівалентную амаль 142 рублям.
Ружовая цішотка з прыгожым прынтам каштуе зусім не так прывабна — амаль 187 рублёў у пераводзе на беларускія грошы. Джогеры ў стылі Mark Formelle Slava прадае за 327 рублёў, невялікую карычневую сумку — за 308 рублёў. Хочаце падабраць сабе ў расійскай сетцы стылёвы ружовы касцюм? Рыхтуйце кашалёк: за штаны прыйдзецца выкласці амаль 296 рублёў, а за жакет — амаль 467 рублёў, то-бок цана ўсяго касцюма будзе каля 763 рублёў. Калі захочацца набыць у камплект да яго белую сумку, якую клапатліва падабралі для вас эсэмэмшчыкі Slava, рыхтуйце 283 рублі.
А якія цэны на адзенне для мужчын?
Трыкатажныя мужчынскія штаны ў стылі таго ж Mark Formelle абыдуцца, калі купляць іх у Slava, амаль у 183 беларускія рублі. За джэмперы папросяць адпаведна 244 і 260 рублёў, за дзьмутую камізэльку — ажно 300 рублёў.
Яшчэ ў расійскай сетцы ёсць аксесуары і абутак. Глядзіце самі.
Што атрымаем, калі перавядзём гэтыя сумы ў беларускія рублі? Чаравікі на скрынах каштуюць адпаведна 325 і 371 рубель, сумкі — 371 і 711 рублёў.
Паглядзім, што Slava прапануе для дзяцей. Чароўны ружовы камбінезончык для самых маленькіх каштуе, калі лічыць у беларускіх, 108 рублёў, яркая аранжавая шапка для большага дзіцяці — 52 рублі. За дзьмутую камізэльку просяць суму, эквівалентную 140 рублям, трыкатажныя касцюмы на дзяўчынку каштуюць адпаведна 155 і 168 рублёў. Нарэшце, кошт ружовага худзі на дзяўчынку аналагічны 75 рублям, а кошт тоненькага шэрага касцюма — 118 рублям.
Калі арыентавацца на гэтыя цэны, то пра тое, каб замяніць замежных масмаркет-рытэйлераў, якіх мы пазбавіліся ў 2022 годзе, гаворка пакуль не ідзе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
есць марк фармель, есць замежныя брэнды