Аляксей Талай прызнаўся, што вываз украінскіх дзяцей у Беларусь ухваліў асабіста Лукашэнка

Вядомы паралімпіец Аляксей Талай, перакананы прыхільнік Лукашэнкі, даў інтэрв'ю БелТА. Падчас яго ён закрануў тэму вывазу з Данбаса ўкраінскіх дзяцей, які сам арганізоўваў, і паведаміў, што ў працэс быў заангажаваны асабіста Аляксандр Лукашэнка.

17.06.2023 / 22:48

«Хоць мы і грамадскія дзеячы, дабрачынцы, але ў гэты няпросты час я павінен быў параіцца з кіраўніком дзяржавы. Гэта вельмі важна. Усё, што тычыцца дзяржавы і нашых нацыянальных інтарэсаў, мы, як грамадскія дзеячы, павінны былі дзесьці ўзгадняць, што я і зрабіў. Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі», — заявіў Талай.

Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны больш за 2000 украінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна перавезеныя з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў лагеры на тэрыторыі Беларусі. У гэтым працэсе ўдзельнічалі беларускія і расійскія праўладныя грамадскія арганізацыі.

Ва Украіне і на Захадзе прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію і Беларусь трактуецца як ваеннае злачынства. Міжнародны крымінальны суд менавіта за гэта выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Беларускія дэмакратычныя сілы дабіваюцца таго, каб аналагічныя крокі былі зробленыя і ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, яны рыхтуюць матэрыялы супраць яго для крымінальнай справы ў рамках Міжнароднага крымінальнага трыбунала. Пра гэта 14 чэрвеня заявіў намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка. 

Чытайце таксама:

Латушка ацаніў імавернасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі за размяшчэнне вывезеных з Украіны дзяцей

Экс-упаўнаважаны па правах дзяцей ва Украіне: Неабходна расследаваць удзел Беларусі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей

Школе Мінска прысвоілі імя набліжанага да Лукашэнкі паралімпійца

Nashaniva.com