Працягваюцца затрыманні на межах пры ўездзе ў Беларусь

Праваабаронцы паведамляюць, што гэтымі днямі былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў, калі людзей, якія вярталіся ў Беларусь з Польшчы ці Літвы, затрымлівалі на мяжы.

22.06.2023 / 23:25

Так, праваабаронцам «Вясны» расказалі, што сёння ўначы па вяртанні з Польшчы ў Беларусь пасля праверкі тэлефонаў былі затрыманыя некалькі чалавек. Іх знялі з аўтобуса, далейшыя іх лёсы невядомыя.

Раней паведамлялася пра арышт некалькіх чалавек у аэрапорце «Мінск», дзе ў людзей таксама правяраюць тэлефоны і рэчы.

Таксама, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» на мяжы з Літвой затрымалі жанчыну: яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Далейшы яе лёс невядомы.

Вядома, што ў маі ў Астраўцы адбылося некалькі судоў над затрыманымі на беларуска-літоўскай мяжы, вядома пра два штрафы ў 1110 рублёў і 5 сутак арышту за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

Праваабаронцам «Вясны» таксама сталі вядомыя факты, калі людзей узмоцнена надглядаюць і дапытваюць пры вяртанні ў Беларусь, глядзяць тэлефоны і сацсеткі, але ў выніку адпускаюць — аднак на наступны дзень да іх прыходзяць сілавікі з ператрусамі.

У сувязі з гэтым перад тым, як вяртацца ў Беларусь, праваабаронцы раяць ацаніць усе рызыкі патрапіць пад пераслед. На час праверкі, прынамсі, варта адпісвацца ад «экстрэмісцкіх» каналаў і выдаляць фота, якія могуць выклікаць пытанні ў сілавікоў.

Чытайце таксама:

Палітвязень Кірыл Суслін цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю

У Мінску затрымалі пілота Дзмітрыя Маткоўскага

Вязні наваполацкай калоніі мяркуюць, што ў Віктара Бабарыкі інсульт

Nashaniva.com