«Людзі, армія, народ не былі з мяцежнікамі». Пуцін выступіў перад вайскоўцамі, якія «спынілі ўзброены мяцеж»
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сёння выступіў перад вайскоўцамі і праваахоўнікамі, якія «дапамагалі спыніць узброены мяцеж».
27.06.2023 / 13:39
Выступ Уладзіміра Пуціна перад вайскоўцамі 27 чэрвеня. Скрын відэа
У сустрэчы з Пуціным удзельнічалі больш за 2,5 тысячы вайскоўцаў, праваахоўнікаў і прадстаўнікоў іншых сілавых структур.
Пуцін быў лаканічным. Вось яго галоўныя цытаты.
«Вы фактычна спынілі грамадзянскую вайну, дзейнічалі акуратна і зладжана».
«Людзі, армія, народ не былі з мяцежнікамі».
«Загінулыя лётчыкі з гонарам выканалі свой абавязак 24 чэрвеня».
Колькасць загінулых лётчыкаў ён не назваў.
На сустрэчу таксама прыехаў міністр абароны Сяргей Шайгу, адстаўка якога нібыта, паводле медыя, уваходзіла ў пакет дамовы з Яўгенам Прыгожыным.
- 23 чэрвеня Прыгожын абвясціў, што ідзе «на Маскву», бо не хоча, каб Расія жыла «ў карупцыі і хлусні». Ён заклікаў не супраціўляцца наймітам, інакш яны будуць знішчаць усіх, хто ім будзе замінаць.
- Ужо раніцай «вагнераўцы» ўзялі пад кантроль частку вайсковых аб'ектаў Растова-на-Доне і высунуліся ў бок Масквы, прайшоўшы Варонежскую, Ліпецкую і Тульскую вобласці.
- У Расіі распачалі супраць яго крымінальную справу, Пуцін назваў мяцеж здрадай, а ў Маскве і вобласці ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.
- Аднак ужо ўвечары Прыгожын абвясціў, што разварочвае калоны і ідзе назад. У Крамлі заявілі, што справу супраць яго закрыюць, сам верхавод ПВК «пойдзе ў Беларусь». Таксама яны паабяцалі не пераследаваць яго наймітаў. Гэта стала нібыта следствам перамоваў Прыгожына з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама стала вядома, што калоны ПВК «Вагнер» могуць пайсці ў Беларусь.
- Дакладнага пацвярджэння гэтаму пакуль няма, хаця борт Прыгожына сёння прызямліўся ў Мачулішчах.