«Я даўно зразумела, кім хачу быць». Школьніца з Ліды, якая набрала 400 балаў з 400, расказала, куды будзе паступаць

Паліна Дычак здала на 100 балаў цэнтралізаваныя экзамены па рускай мове і хіміі, а пазней атрымала максімальны вынік на ЦТ па біялогіі. Атэстат у выпускніцы таксама бездакорны. Такім чынам яна набрала 400 балаў з 400 магчымых.

04.07.2023 / 14:08

Гэтым летам дзяўчына плануе паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Яна спынілася на лячэбным факультэце. Абітурыентка расказала, што сёлета БДМУ скончыў яе брат, таму ў яе цяпер ёсць «жывы прыклад», як піша «Спутнік».

«Насамрэч даўно зразумела, што хачу быць акурат доктарам. Дапамагаць людзям не кожнаму дадзена, але я лічу, у мяне ёсць такая рыса характару, я шчыра хачу дапамагчы чалавеку. Упэўненая, што ў мяне ўсё атрымаецца, буду старацца», — кажа Паліна.

Яна кажа, што здаваць іспыты было лёгка.

«Сёлета, вы ведаеце, былі новаўвядзенні: мы здавалі ЦЭ. Першым прадметам у мяне была руская мова, другім — хімія. Не скажу, што хвалявалася, толькі злёгку, можа. Разумела, што ад вынікаў залежыць лёс майго паступлення, маёй будучыні. І, вядома, трэба было апраўдаць падрыхтоўку, якую я вяла цягам апошняга года», — кажа Паліна.

Заданні ў тэстах, як адзначае абітурыентка, былі простымі і зразумелымі.

Але па яе словах, яна не думала, што 100 балаў па кожным прадмеце атрымаць рэальна.

«Летась, дарэчы, таксама дзяўчынка з Ліды набрала 400 балаў. Я думала: як у яе так атрымалася, няўжо такое магчыма? Але цяпер разумею: яшчэ як магчыма. Але калі б мне паўгода таму сказалі, што я атрымаю максімум на ЦЭ і ЦТ, я б не паверыла», — прызнаецца дзяўчына.

Да іспытаў па хіміі і біялогіі Паліна пачала рыхтавацца з 10-га класа. Займалася з рэпетытарамі некалькі разоў на тыдзень. Рускую мову вывучала самастойна, дапамагалі выкладчыкі ў школе. Свае веды выпускніца Лідскай СШ №16 рэгулярна правярала на рэпетыцыйным тэставанні.

«Па ўсіх трох прадметах я ўжо набірала 100 балаў на рэпетыцыйных тэставаннях, але на розных этапах. Аднак раней за час не радавалася, разумела, што гэты вынік яшчэ трэба ўтрымаць. Ужо калі ўбачыла максімальныя балы на ЦЭ і ЦТ, з палёгкай выдыхнула. Усё атрымалася ідэальна!» — канстатуе яна.

Атэстат у Паліны таксама бездакорны — 10 балаў па кожным прадмеце. Як ёй гэта ўдалося? На думку дзяўчыны, усё проста.

«Я заўсёды была выдатніцай з першага класа, мне проста падабалася вучыцца. Было і лёгка, і цікава. У старэйшых класах я зразумела, што патрэбны высокі вынік, таму старанна займалася, каб атрымаць 10,0», — запэўнівае лідчанка.

Упадабаныя прадметы ў Паліны — хімія і біялогія, а нелюбімых няма: па яе словах, усё даецца ёй аднолькава добра.

«Ці лічу я сябе батанікам? Неа! Мне хапае часу і на вучобу, і на пагуляць. Люблю танцаваць, нядаўна скончыла Лідскую дзіцячую школу мастацтваў. Так што за падручнікамі да позняй ночы я не сяджу і зубрылкай назваць сябе не магу», — падкрэслівае яна.

***

Вынік Паліны Дычак — чацвёрты выпадак у гісторыі ўступных кампаній у Беларусі. Год таму рэкардсменкай на ЦТ стала таксама абітурыентка з Ліды Анастасія Більдзь, якая паступіла ў галоўную IT-ВНУ краіны — БДУІР.

У 2021-м 400 балаў атрымала абітурыентка з Жодзіна Анастасія Савасцёнак, якая пасля стала студэнткай ФМА БДУ. А ў 2018-м максімальны вынік паказала дзяўчына з Пінска Анастасія Жаўнерык, якая таксама стала студэнткай факультэта міжнародных адносін.

Nashaniva.com