Выпускніца Лідскай сярэдняй школы №8 Анастасія Більдзь здавала на цэнтралізаваным тэставанні беларускую мову, матэматыку і фізіку. І па ўсіх трох прадметах атрымала максімальныя 100 балаў, паведамляе Міністэрства адукацыі.
Анастасія Більдзь была выдатніцай у школе, сярэдні бал яе атэстата — 10. Аднак вынік, паказаны на ЦТ, здзівіў і яе:
«Апошні вынік (100 балаў па фізіцы) стаў сапраўды радасным для мяне, — гаворыць Анастасія. — Не сумнявалася ў сабе, таму што ішла да сваёй мары мэтанакіравана, пастаянна ўдзельнічала ў алімпіядах па матэматыцы, таму веды па гэтым прадмеце былі грунтоўныя. Нават рыхтавацца не прыйшлося. А вось на дадатковыя заняткі па беларускай мове хадзіла. Перад здачай ЦТ цалкам выключыла хваляванне і засяродзілася на заданнях».
Паступаць дзяўчына збіраецца ў БДУІР, бо хоча займацца інфармацыйнымі тэхналогіямі і праграмаваннем.
Каментары