Справа аб дамоўных матчах. Пракурор просіць пакараць экс-дырэктара «Шахцёра» штрафам, які амаль выплачаны
11 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы будзе пастаўленая кропка ў працэсе аб дамоўных матчах у чэмпіянаце Беларусі па футболе і ў вынясенні прысуду адзінаму абвінавачанаму па справе Уладзіміру Нідэргаусу, былому спартыўнаму дырэктару салігорскага «Шахцёра», як піша «Мінская праўда».
05.07.2023 / 13:59
Уладзімір Нідэргаус у судзе. Фота: БелТА
У ходзе спрэчкі бакоў дзяржаўны абвінаваўца адзначыў, што Нідэргаус фактычна прызнаў сваю віну, але, па яго словах, кіраваўся не карыслівасцю, а толькі выконваў загады начальства. Паколькі чэмпіянат Беларусі па футболе лічыцца афіцыйным спаборніцтвам, а Нідэргаус, займаючы такую пасаду, быў абазнаны аб аказанні незаконнага ўплыву на вынікі матчаў.
У прыватнасці, ён дамаўляўся з трэнерам мінскага «Энергетыка-БДУ» Анатолем Юрэвічам і футбалістам бабруйскай «Белшыны» Дзмітрыем Гомзам аб стымуляванні гэтых каманд.
У выніку патрэбныя вынікі матчаў былі дасягнутыя незаконным шляхам: бабруйчане і мінчане адабралі ачкі ў мінскага «Дынама», за што і атрымалі абяцаныя ўзнагароды ў замежнай валюце, а ў заключным туры «Белшына» саступіла ў Салігорску, «Энергетык-БДУ» здаўся «Дынама». І «Шахцёр» стаў чэмпіёнам.
Дзяржабвінаваўца сказаў, што і Нідэргаус, і Юрэвіч ведалі пра кодэкс паводзінаў і спартовую сумленнасць, але пайшлі незаконным шляхам.
Але паколькі Юрэвіч раскаяўся ў зробленым, абвінавачванні з яго былі знятыя.
Што тычыцца Гомзы, то ён таксама выдатна ведаў пра кодэкс, бо сам жа яго і падпісваў. Аднак сваёй гульнёй у Салігорску аказаў уплыў на вынік таго матчу.
Пры вынясенні пакарання Нідэргаусу дзяржабвінаваўца прасіла ўлічыць абставіны, стан здароўя абвінавачанага і яго чыстасардэчнае раскаянне ў зробленым:
Пакаранне Нідэргаусу прызначыць у выглядзе штрафу 5000 базавых велічынь (185 000 рублёў). А паколькі штраф не звязаны з пазбаўленнем волі, вызваліць з-пад варты ў зале суда. А ўжо аплачаныя раней 180 тысяч рублёў улічыць у кошт сумы пагашэння доўгу. Таксама было прапанавана зняць арышт з маёмасці абвінавачанага.
Абаронца таксама папрасіла суд прызначыць штраф, улічыць, што раней Нідэргаус не меў судзімасцяў, меў станоўчыя характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы, а як футбаліст дамогся немалых поспехаў. Таксама было прапанавана ўлічыць сур'ёзнае захворванне абвінавачанага.
У сваім апошнім слове Нідэргаус яшчэ раз заявіў, што прызнаў сваю віну, раскайваецца ў зробленым, з першага ж дня супрацоўнічаў са следствам. Ён запэўніў, што больш нічым такім займацца не будзе, сам вінаваты ў тым, што здарылася, па сутнасці, паставіў крыж на сваёй кар'еры.
Нідэргаус папрасіў прабачэння ў родных, блізкіх, АБФФ, заўзятараў, што падвёў іх і прасіў суд прызначыць яму пакаранне ў выглядзе штрафу. Паводле яго слоў, выплата штрафу дазволіць яму выехаць у Германію, каб працягнуць лячэнне, у якім ён мае вострую патрэбу.
У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 11-й гадзіны 11 ліпеня.
Нагадаем, што праз скандал з дамоўнымі матчамі ў чэмпіянаце Беларусі салігорскі «Шахцёр» і мінскі «Энергетык» пазбавілі чэмпіёнства і сярэбраных медалёў адпаведна ў мінулым сезоне, клубы адхіленыя ад еўракубкаў у гэтым сезоне, аштрафаваныя на 30 і 20 ачкоў у гэтым сезоне, а таксама пазбаўленыя ачкоў на наступны год.
Чытайце таксама:
Клуб, які заняў 9-е месца ў чэмпіянаце Беларусі, выступіць у еўракубках. Як такое магчыма?
У салігорскага «Шахцёра» забралі чэмпіёнства 2022 года, а таксама 30 ачкоў у гэтым сезоне
Чаму апошні кейс з дагаварнякамі ў беларускім футболе — лютая ганьба