У салігорскага «Шахцёра» забралі чэмпіёнства 2022 года, а таксама 30 ачкоў у гэтым сезоне
Дзясяткі гульцоў дыскваліфікаваныя.
Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футбола прыняла суровае рашэнне па дамоўных матчах у беларускім футболе.
Як паведамляе АБФФ, камітэтам кантрольна-дысцыплінарным і па этычных пытаннях АБФФ былі разгледжаныя звесткі, якія паступілі са Следчага камітэта, аб тым, што падчас чэмпіянату краіны кіраўніцтвам «Шахцёра» былі арганізаваныя дамоўныя матчы, а таксама ажыццяўлялася неправамернае фінансавае стымуляванне каманд вышэйшай лігі, пасля чаго была распачатая дысцыплінарная вытворчасць, у рамках якой было апытана больш за 20 чалавек.
Вось якое пакаранне вынесенае «Шахцёру»:
- штраф у памеры 10 000 базавых велічынь (370 000 рублёў),
- пазбаўленне 30 балаў у чэмпіянаце-2023,
- пазбаўленне 20 балаў у чэмпіянаце ў наступным годзе сярод каманд вышэйшай (або першай) лігі,
- пазбаўленне атрыманых залатых узнагарод у чэмпіянаце-2022,
- ануляваны вынік матча «Шахцёр» — «Белшына» (12.11.2022), прысуджанае «тэхнічнае паражэнне» «Шахцёру» і «Белшыне».
Штрафныя санкцыі ў дачыненні да ФК «РЦАР БДУ» («Энергетык»):
- штраф у памеры 2000 базавых велічынь (74 000 рублёў),
- пазбаўленне 20 балаў у чэмпіянаце 2023 года, пазбаўленне 10 балаў у чэмпіянаце 2024 года сярод каманд вышэйшай (першай) лігі,
- пазбаўленне атрыманых срэбраных узнагарод у чэмпіянаце 2022 года.
ФК «Белшына»:
- штраф у памеры 2000 базавых велічынь (74 000 рублёў), пазбаўленне 10 балаў у чэмпіянаце 2023 года,
- пазбаўленне 5 балаў у чэмпіянаце 2024 года сярод каманд вышэйшай (першай) лігі;
- ануляваны вынік матча «Шахцёр» — «Белшына» (12.11.2022), прысуджанае «тэхнічнае паражэнне» «Шахцёру» і «Белшыне».
Спартовы дырэктар «Шахцёра» Уладзімір Нідэргаус і былы гулец «Белшыны» Дзмітрый Гомза абвешчаныя персонамі нон грата (непажаданымі асобамі) у беларускім футболе, яны атрымалі штрафы ў памеры 1000 базавых велічынь (37 000 рублёў) кожнаму.
Таксама дзясяткі гульцоў дыскваліфікаваныя.
Ажно на пяць гадоў дыскваліфікавалі трэнера Анатоля Юрэвіча — вядомага беларускага спецыяліста, нядаўна прызначанага дзяржаўным трэнерам па футболе, то-бок галоўным куратарам беларускага футбола. Таксама коўчу прызначылі штраф у памеры 1000 базавых велічынь (37 тысяч рублёў). Дырэктар «Шахцёра» Аляксандр Марчанка дыскваліфікаваны на 4 гады, ён мусіць заплаціць штраф у 500 базавых (18500 рублёў).
Што да гульцоў, дыскваліфікацыю на 3 гады і штраф у 400 базавых (14800 рублёў) атрымаў адміністратар «РЦАР-БДУ» Арам Абдуль Кадэр Аль-Маджыд. 500 і 300 базавых велічынь заплацяць адпаведна паўабаронцы Міхаіл Гардзяйчук («Шахцёр») і Мікіта Корзун («Дынама»), гульцы дыскваліфікаваныя на 12 месяцаў. Палова складу «Белшыны», у тым ліку і галоўны трэнер, дыскваліфікаваныя на паўгода.
Не ясна, што з чэмпіёнствам краіны за 2022 год. У БАТЭ і мінскага «Дынама» была аднолькавая колькасць балаў, у такім выпадку павінен быць «залаты матч». З іншага боку, як паведамляе рэсурс football.by, чэмпіянат-2022 можа так і застацца без залатога і срэбранага прызёраў, бо «Шахцёр» і «РЦАР-БДУ» пазбаўленыя гэтых тытулаў.
Хто прадставіць Беларусь у еўракубках-2023? Як прадказвае football.by, у кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў выступіць барысаўскі БАТЭ, у аналагічных раўндах Лігі Канферэнцый — мінскае «Дынама» і «Іслач».
Разам з тым вынікі Суперкубка Беларусі-2023 перагледжаны не будуць, «Шахцёр» захавае трафей.
Каментары