На фоне чутак пра смерць Ціханоўскага лукашысты выклалі відэа з ім. Бабарыку не паказваюць больш за два месяцы

На распаўсюджаным відэа схуднелы чалавек, падобны да Ціханоўскага, робіць гімнастыку ў камеры, а затым бярэ міску з супам і сядае за стол есці.

05.07.2023 / 18:47

На відэа пазначаная сённяшняя дата — 5 ліпеня, пацвердзіць яе праўдзівасць магчымасці няма. 

Святлана Ціханоўская на гэта відэа адрэагавала імгненна:

«Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывы. І моцны. Раз паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім цяпер няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў».

Гэтае відэа ўскосна пацвярджае інфармацыю, што з іншым вядомым палітвязнем, Віктарам Бабарыкам, здарылася нешта сур'ёзнае. Бо пасля інфармацыі пра яго шпіталізацыю ніякага матэрыялу з ім так і не паказалі, хоць чуткі пра гэта з'явіліся больш за два месяцы таму, у канцы красавіка. Святлана ж Ціханоўская пра тое, што ёй прыйшоў ананімны ліст з паведамленнем пра смерць Сяргея, заявіла проста ўчора.

Чытайце таксама:

Ужо трэці раз спрабуюць прадаць кватэру Ціханоўскіх

Nashaniva.com