У Белавежскай пушчы шукалі белую піхту, а знайшлі дрэва яшчэ больш рэдкае
Вывучаючы гісторыю фарміравання лясных экасістэм Белавежскай пушчы, спецыялісты навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» знайшлі архіўны запіс аб наяўнасці ў Броўскім лясніцтве ўчастка з культурамі белай піхты (Abies alba) і пайшлі шукаць яго на мясцовасці. Але сапраўдная знаходка была яшчэ больш дзіўная, паведамляецца на сайце ўстановы.
06.07.2023 / 16:10
Псеўдатсуга справа. Гэта самае вялікае дрэва сярод іншых гэтага віду
Матэрыялы пасляваеннага лесаўпарадкавання 1951 года сведчылі пра наяўнасць участка белай піхты памерам 0,2 га з 10-гадовымі дрэвамі вышынёй на момант абследавання 2-3 м.
Дагэтуль было вядома, што ў міжваенны час польскія леснікі займаліся стварэннем у Белавежскай пушчы эксперыментальных культур з выкарыстаннем экзатычных драўняных парод. З таго часу ў спадчыну засталіся хвоі веймутавы (Pinus strobus) і піхтавая пасадка ў адным з лясніцтваў. А падчас правядзення палявых даследаванняў было вырашана наведаць і той участак лесу, пра які ішла гаворка ў дакуменце. Ён размешчаны за ракой Нараў, насупраць сядзібы Броўскага лясніцтва.
Аказалася, што таксатары лесаўпарадкавальнага трэста з далёкай Волагды, якія пасля вайны праводзілі тое абследаванне, памыліліся, бо пры абследаванні загадкавага ўчастка ніякіх слядоў росту на ім піхты знойдзена не было. Гэта звычайны змешаны лес з хвоі, асіны, бярозы, елкі і алешыны, які ўтварыўся на месцы суцэльнай высечкі каля 80—90 гадоў таму.
У той жа час у некаторых елак была дзіўная структура кары. Яна была не такая цвёрдая і нібы пакрытая коркавым пластом. А паколькі адно з дрэў было нядаўна павалена ветрам, то можна было без праблем разгледзець ігліцу. Ёй дрэва таксама адрознівалася ад піхты і елкі — ігліца была мяккая і некалючая.
Тады і стала зразумела, што тут калісьці былі пасаджаны дрэвы іншага паўночнаамерыканскага экзота — псеўдатсугі (Pseudotsuga menziesii), ці, як яе называюць на радзіме, Дугласавай піхты.
Псеўдатсуга расце ў вільготных лясах Каліфорніі, гэта адно з самых высокіх дрэў у свеце — дасягае стаметровай вышыні. У прыродзе яно жыве да 1000 гадоў.
Праўда, у Белавежскай пушчы дрэвы псеўдатсугі, узрост якіх складае амаль 90 гадоў, выглядаюць зусім дрэнна, значна саступаючы ў памерах мясцовым відам. Хутчэй за ўсё, абарыгенныя віды аказаліся больш устойлівымі ва ўмовах Белавежскай пушчы. Яны папросту абагналі псеўдатсугу ў хуткасці росту, што прывяло да яе зацянення і далейшай прыгнечанасці.
Відавочна, што ў гэтым месцы псеўдатсуга прайграла канкурэнцыю мясцовым пародам дрэў, таму ў далейшым яна паступова выпадзе са складу дрэвастою.
Чытайце таксама:
Упершыню ў гісторыі Белавежскай пушчы ў дэманстрацыйнай вальеры нарадзіліся ваўчаняты
У Белавежскай пушчы знайшлі яшчэ адну рэдкую расліну — сібірскі касач
У Белавежскай пушчы больш чым праз 40 гадоў зноў знайшлі вельмі рэдкі від асакі