«Еўрабачанне-2024» пройдзе ў шведскім горадзе Мальмё. Яго там ужо праводзілі двойчы

Швецыя выбрала горад, у якім у наступным годзе пройдзе 68-ы песенны конкурс «Еўрабачанне»: гэта зноў будзе Мальмё на паўднёвым ускрайку краіны.

08.07.2023 / 07:46

Паколькі «Еўрабачанне-2023», якое праходзіла ў Ліверпулі, выйграла шведка Loreen, якраз яе краіна павінна прымаць наступны конкурс.

Мальмё, трэці па насельніцтве горад Швецыі, абышоў сталіцу Стакгольм.

Паўфіналы пройдуць 7 і 9 мая 2024 года, а фінал — 11 мая на «Мальмё Арэне», як піша Бі-бі-сі.

Loreen, якая таксама выйграла конкурс у 2012 годзе, атрымала перамогу над фінам Кяярыя ў вострай барацьбе — перамогу ёй прынёс поп-гімн Tattoo.

Мальмё быў абраны месцам правядзення конкурсу з некалькіх гарадоў, якія падалі заяўкі. У ходзе адбору бралася пад увагу наяўнасць пляцовак і магчымасць размяшчэння тысяч удзельнікаў, прадстаўнікоў медыя і фанатаў.

Марцін Остэрдал, выканаўчы дырэктар конкурсу песні «Еўрабачанне», сказаў, што Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) быў у захапленні ад таго, што Мальмё быў абраны для правядзення конкурсу трэці раз.

Торс, які варочаецца, — самая вядомая архітэктурная славутасць Мальмё. Фота: Kentaroo Trymen / Getty Images

«Мальмё займае асаблівае месца ў гісторыі конкурсу, ён паспяхова правёў яго спачатку ў 1992 годзе, а затым у 2013 годзе — пасля папярэдняй перамогі Loreen», — сказаў ён.

«Мы будзем рады вярнуцца ў гэты энергічны і дынамічны горад, які прадэманстраваў, што мае пляцоўкі і інфраструктуру, якія ідэальна падыходзяць для правядзення найбуйнейшага ў свеце канцэрту жывой музыкі», — дадаў Остэрдал.

Паводле яго слоў, заяўка горада прадэманстравала яго вялікую любоў да гэтага конкурсу.

У цэлым Швецыя, радзіма легенды «Еўрабачання» — гурта Abba, будзе прымаць гэты конкурс ужо сёмы раз.

Па гэтым паказчыку рэкорд належыць Вялікабрытаніі, у якой прайшло дзевяць конкурсаў. У гэтым годзе Брытанія ўзяла на сябе арганізацыю конкурсу замест Украіны, якая перамагла ў 2022 годзе, але не змагла прыняць яго праз вайну.

Прыблізна паўмільёна чалавек прыехалі ў горад Ліверпуль на гэта грандыёзнае мерапрыемства.

Nashaniva.com