Пераможцай Еўрабачання другі раз стала шведская спявачка Loreen. У 2012-м яна выказала падтрымку Бяляцкаму
Сёлета музычны конкурс праходзіў у Ліверпулі. Спявачцы Loreen з яе песняй Tattoo найбольшую колькасць балаў прысудзіла прафесійнае журы, але і тэлегледачы ацанілі высока.
У 2012 годзе Loreen скарыла музычны конкурс з песняй Euphoria. У тым жа годзе яна пасля свайго выступу ў Віцебску на «Славянскім базары» сустрэлася ў шведскай амбасадзе ў Мінску з жонкай палітвязня Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук, намеснікам старшыні «Вясны» Валянцінам Стэфановічам і незалежнымі беларускімі журналістамі.
Яна выказала словы падтрымкі Алесю Бяляцкаму і іншым беларускім палітзняволеным, падпісалася пад петыцыяй аб забароне смяротнага пакарання ў Беларусі.
Спявачка цікавілася ўмовамі ўтрымання Бяляцкага ў турме, колькасцю беларускіх палітвязняў, станам захавання правоў чалавека, свабодай выказванняў у Беларусі.
Ларын назвала Наталлю Пінчук «вельмі моцнай жанчынай»:
«Я разумею, чаму Алесь вас кахае… Я вельмі спадзяюся, што ўсё наладзіцца, што яго як найхутчэй выпусцяць, зычу гэтага ад шчырага сэрца. Вельмі шкада, што такая цудоўная сям’я разлучаная, сын у адным месцы, маці ў другім, а бацька ў турме. Але ваша змаганне справядлівае».
У 2023-м, калі Loreen стала другі раз пераможцай конкурсу, Алесь Бяляцкі, цяпер ужо нобелеўскі лаўрэат, зноў за кратамі.
Другое месца на сёлетнім Еўрабачанні заняла Фінляндыя (гэта краіна атрымала найбольш балаў ад тэлегледачоў), трэцяе — Ізраіль.
У 2022-м перамогу прысудзілі ўкраінскай групе Kalush Orchestra. Але праз вайну конкурс вырашана было праводзіць у Вялікабрытаніі, чый калектыў тады заняў другое месца.
Каментары