Школьную форму хочуць зрабіць з дзяржаўнай сімволікай
У Мінску на нарадзе пад кіраўніцтвам першай намесніцы старшыні Мінгарвыканкама Надзеі Лазарэвіч абмеркавалі пераход на адзіны дзелавы стыль у адзенні школьнікаў, паведаміла БелТА.
18.07.2023 / 16:02
У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўлення гандлю і паслуг, «Беллегпрама», універмагаў «Беларусь», ЦУМ і ГУМ, кіраўнікі ўстаноў адукацыі горада.
Надзея Лазарэвіч адзначыла, што «галоўнае, каб бацькі маглі своечасова і ў сваё задавальненне набыць школьную форму дзецям», таму «яшчэ раз неабходна абмеркаваць актуальныя пытанні, расставіць акцэнты, каб не было непатрэбнага ажыятажу».
Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама лічыць неабходным уніфікаваць падыходы па пераходзе школьнікаў на адзіны стыль адзення.
«Каб выключыць разнабой, мы прапанавалі б на будучы навучальны год уніфікаваць падыходы да дзелавога стылю адзення мінскіх школьнікаў.
Шляхам папярэдняга шырокага абмеркавання вызначыць па 15—30 камплектаў адзення для хлопчыкаў і дзяўчынак у адзінай каляровай гаме, размясціць на іх элемент дзяржаўнай сімволікі, сімволікі горада Мінска, эмблему ўстановы адукацыі і прапанаваць гандлёвай сетцы для выбару бацькам», — адзначыў старшыня камітэта па адукацыі Андрэй Стрыгельскі.
Паводле яго прапановы, камплекты адзення павінны быць рознай цэнавай катэгорыі і маркіравацца як школьная форма.
У выніку рашэнне пакуль не прынята, вырашылі пытанне дадаткова вывучыць. Да 1 лістапада плануецца прыняць узгодненае рашэнне і вызначыць канцэптуальныя падыходы.
Чытайце таксама:
Ад 370 да 1392 рублёў. Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу
З наступнага навучальнага года ў Беларусі ўвядуць другі абавязковы элемент школьнай формы
Дзяржстандарт забараніў продаж школьнага адзення вядомай гандлёвай маркі