Медыкі расказалі, дзе ў Мінску самыя куслівыя кляшчы
Спецыялісты санэпідслужбы Мінска рэгулярна праводзяць маніторынг тэрыторый. Правяраюць месцы масавага адпачынку і вольнага часу: паркі, скверы, аздараўленчыя ўстановы і прыгарадныя зоны. Сёлета правялі больш за 300 энтамалагічных даследаванняў.
19.07.2023 / 10:24
Клешч. Фота: Wikimedia Commons
Часцей за ўсё кляшчы сустракаюцца ў лясных масівах сталіцы. Зоны рызыкі — лесапаркі «Сцяпянка», «Уручча» і «Зялёны Луг», лесапалосы на вул. Францішка Скарыны і вул. Кірылы Тураўскага, экасцежка на вул. Старынаўскай — Нікіфарава, станцыя Сасновы Бор (Дзіцячая чыгунка), парк Чалюскінцаў, парк экстрэмальных відаў спорту ў межах вул. Сталетава, пляж № 2 Цнянскага вадасховішча і лясны масіў Цнянскага вадасховішча, у тым ліку прылеглы да пляжаў № 2, 5, 6, пішуць «Мінск-Навіны».
Але сёлета кляшчоў менш, чым летась.
За першую палову 2023-га года колькасць тых, хто звярнуўся ў медустановы са скаргамі на ўкусы кляшчоў паменшала на 24,4% у параўнанні з леташнім паказчыкам. Напад кляшчоў адбываўся на лецішчах і ў сельскай мясцовасці (50,6%), а таксама ў лясной зоне (26%), радзей — у Мінску і замацаваных прыгарадных зонах адпачынку (18,8%).
Калі верыць словам людзей і на аснове гэтага складаць спіс, то часцей за ўсё кляшчы кусалі ў:
— лясным масіве Цнянскага вадасховішча;
— лесапарках на вул. Ангарская — вул. Герасіменкі, «Сцяпянка», «Мядзвежына», «Зялёны Луг», «Уручча»;
— парках Горкага, Чалюскінцаў, Паўлава і Дружбы народаў, Лошыцкім парку, «Яблыневы сад».
Чытайце яшчэ:
Якія сродкі ад кляшчоў самыя надзейныя? Параўноўвае навуковец
Кляшчы: як ад іх уратавацца і што рабіць, калі не здолелі
Сродкі ад кляшчоў і камароў, што прадаюцца ў краінах ЕС. Якія найлепшыя?