Расказваем, як эфектыўна абараніцца ад кляшчоў і што рабіць, калі ўсё-такі клешч апынуўся на скуры.
Чым небяспечны кляшчы
Кляшчы — гэта павукападобныя з вострым хабатком і чатырма парамі канечнасцяў. Праз маленькі памер — а іх лічынкі ўвогуле памерам з макавае зярнятка — іх лёгка зблытаць з радзімкай або парушынкай. Сезон актыўнасці кляшчоў доўжыцца да таго часу, пакуль тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за плюс 6 градусаў.
Гэтыя крывасмактальныя паразіты — пераносчыкі інфекцый як віруснай, так і бактэрыяльнай прыроды (прыкладна паўсотні розных захворванняў). Найбольш небяспечныя — клешчавы энцэфаліт, барэліёз, эрліхіёз і анаплазмоз.
Вучоныя сцвярджаюць, што каля 20% кляшчоў заражана адразу некалькімі інфекцыямі. Такі стан называецца мікст-інфекцыя, і ён хутчэй правіла, а не выключэнне. Мікст-інфекцыя працякае цяжэй, лечыцца складаней і часцей дае ўскладненні, пагражае смерцю.
Чаму клешч так моцна сядзіць у скуры
Клешч кусае не так, як камар. Ён можа доўга поўзаць па целе чалавека, вышукваць месца з тонкай скурай, а затым прымацоўваецца намёртва. Шчупікамі ён упіраецца ў скуру, нахіляе сваё цела пад вуглом 45—60° і пачынае рэзаць скуру разцамі — «гідраўлічнымі нажніцамі». Адначасова ён упырсквае ў скуру абязбольваючае рэчыва, і чалавек нічога не адчувае.
Ва ўтвораную адтуліну клешч заганяе «гарпун» — гіпастом — з загнутымі назад канічнымі шыпамі. У завяршэнне нападу клешч прадукуе сліннымі залозамі так званы «цэмент», якім герметызуе пракус. Сакрэцыя «цэменту» пачынаецца на працягу 5—30 хвілін пасля ўвядзення «гарпуна».
Пасля насычэння крывёй, клешч аддзяляецца ад гаспадара, раствараючы «цэмент». Састаў «антыклею», як і састаў «цэменту» навукоўцы не высветлілі. У даследчыкаў у лабараторных умовах атрымалася растварыць клешчавы «цэмент» з дапамогай гарачых шчолачаў/кіслот за пару гадзін (у той час як клешч растварае свой «цэмент» за пару хвілін).
Як здымаць кляшча
Зыходзячы з вышэй выкладзенага, становіцца зразумела, што важна дастаць кляшча цалкам, таму што «фундамент» на месцы ўкусу захоўвае ў сабе бактэрыі. І прасцей за ўсё дастаць кляшча, які замацаваўся «суперклеем» 30—40 хвілін таму.
Выдаляць кляшча трэба круцячы яго. У якім кірунку (па стрэлцы гадзінніка ці супраць), значэння не мае.
Рэкамендуюць рабіць два абароты кляшча вакол яго падоўжнай восі, адхіляючы не больш як на 15—20 градусаў у бок ад цэнтраў сіметрыі. Чым утрымліваць «галоўку» кляшча, кожны выбірае сам. Некаторыя раяць пятлю/вузельчык з лёскі ці тонкай шаўковай ніткі.
Калі самастойна выдаліць не ўдалося, то трэба тэрмінова звярнуцца да спецыялістаў.
Пасля выдалення кляшча пажадана апрацаваць рукі перакісам вадароду ці растворам гіпахларыду натрыю для таго, каб выключыць магчымасць трапляння змесціва кішэчніка кляшча ў арганізм чалавека. Рану ад укусу таксама можна апрацаваць перакісам вадароду ці этылавым спіртам. На месца ўкусу можна дадаткова нанесці антыбіётык (мазі «Неаміцын» або «Банеацын»).
Пасля вымання кляшча неабходна альбо змясціць яго ў герметычную ёмістасць з травінкай, альбо, пры неабходнасці доўгатэрміновага захоўвання, — у 70—80% спірт. Далей, па вяртанні дадому, гэты біялагічны матэрыял неабходна абавязкова здаць на мікраскапію/ПЛР-даследаванне ў найбліжэйшы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ці ў ветэрынарную клініку. У апошніх такія аналізы робяцца значна хутчэй і за меншыя грошы. Там жа можна знайсці і экспрэс-тэсты на барэліёз.
Як зрабіць, каб кляшчы не сядалі
Для гэтага ёсць шэраг рэпелентаў. Сярод іх: дыэтылталуамід (ДЭТА), пікарыдзін (ікарыдын), этылбутылацэтыламінапрапіянат (ЭБААП), эфірны алей эўкаліпта лімоннага. Неабходна памятаць, што гэтыя рэчывы эфектыўна адпужваюць кляшчоў толькі ў пазначаных у інструкцыі канцэнтрацыях.
Якія сродкі ад кляшчоў самыя надзейныя? Параўноўвае навуковец
Эфірныя алеі эфектыўныя ў канцэнтрацыі, якая параўнальная з канцэнтрацыяй ДЭТА.
Ні ў якім разе не трэба спадзявацца на іншыя сродкі (соевы соус, лаванду, чайнае дрэва, а таксама на народныя сродкі).
Пры выбары ў магазіне сродкаў супраць кляшчоў трэба звяртаць увагу на пазначаны састаў рэчываў. Сярод іх абавязкова павінны быць адзначаныя вышэй.
Рэпелент пасля апрацоўкі эфектыўны на працягу 2—3 гадзін.
Тым, хто ўвесь час працуе ў лесе, спецыялісты рэкамендуюць замест пастаяннай апрацоўкі рэпелентамі насіць адзенне, прамочанае інсектыцыдам супраць кляшчоў.
Прамачыць можна шкарпэткі, штаны, нават кавалкі тканіны, якія пазней замацоўваюцца на назе (так званыя «нашчыкалатнікі»). Пасля прамочвання сродак трымаецца да 10 дзён.
З таго, што сустракаецца ў Беларусі, для прамочвання адзення падыходзяць наступныя пазіцыі: «Дэціс», ампула 2 мл (50 мг); «Шарпей», ампула 1,5 мл (375 г); «Кінмікс», ампула 2 мл (100 мг); «Інта-Вір», таблетка 8 г (300 мг); «Сэмпай», ампула 5 мл (250 мг); «Тарзан», ампула 2,5 мл (250 мг); «Каратэ Зеон», ампула 2 мл (100 мг).
Напрыклад, адной ампулы сродку «Дэціс» павінна хапіць на прамочванне пары штаноў. Сродак разводзіцца ў такой колькасці вады, якой было б дастаткова для поўнага змочвання. Затым у раствор апускаюцца штаны, прамінаюцца рукамі (у пальчатках!) да поўнага намакання. Потым іх вымаюць, адціскаюць і сушаць.
Па апісанай методыцы можна насычаць самаробныя супрацьклешчавыя ашыйнікі для сабак (для катоў нельга, бо гэтыя сродкі для іх таксічныя). Атрымаецца значна танней, чым набываць у магазіне.
Якое адзенне апрануць
Перад паходам у месцы, якія ўяўляюць небяспеку, рэкамендуецца апранаць светлае (каб добра былі заўважны кляшчы) і «поўнафарматнае» адзенне: вадалазкі з доўгімі рукавамі і шчыльна прылеглымі абшыўкамі, штаны, падобныя да тэрмабялізны, шапкі і хусткі.
Вадалазкі і кашулі варта запраўляць у штаны, штаны — у боты ці шкарпэткі. Шкарпэткі таксама пажадана выкарыстоўваць з дробным пляценнем або апрацаваныя кантактным інсектыцыдам, бо дробныя кляшчы вельмі лёгка праходзяць у адтуліны з грубай вязкай.
Боты таксама лепш выкарыстоўваць светлыя — на іх будуць лепш бачныя кляшчы, якія паўзуць угару. Вельмі не рэкамендавана ісці ў лес у абутку з адкрытым наском ці ў сандалях.
Найлепшы від адзення для паходу ў лес — «энцэфалітка» (супрацьэнцэфалітны касцюм). Па сутнасці, гэта куртка тыпу худзі з капюшонам і трыкатажнай сеткай па пярэднім зрэзе твару са свабоднымі штанамі на поясе. Зрэзы штаноў, рукавоў і пояс курткі — на шчыльным трыкатажы або гумцы. Звычайна такая куртка вырабляецца са шчыльнага палатна. Яшчэ больш эфектыўныя сучасныя «энцэфаліткі» з тканіны, якая прамочана інсектыцыдам.
Як абараніць дачу ад кляшчоў
Спецыялісты рэкамендуюць на дачы ствараць фітабарʼеры з раслін, якія адпужваюць кляшчоў. Імі лепш за ўсё абсадзіць участак па перыметры.
Да раслін-абаронцаў адносяцца садовыя клубніцы, лімонная трава (цымбапоган, лімоннае сорга), ландыш. Прычым у двух апошніх рэпелентная актыўнасць параўнальная з эталоннымі хімічнымі рэчывамі.
Высокай актыўнасцю супраць кляшча валодаюць эфірныя алеі такіх распаўсюджаных дэкаратыўных раслін, як кацямятка і лаванда.
Чытайце яшчэ:
Кляшчоў усё больш. Дзе і па чым можна прышчапіцца ад клешчавога энцэфаліту
Каментары