«У сілавікоў павінны і так быць усе гэтыя відэа». Аўтар выстаўленага ў сеціва фільма пра пратэсты пракаментаваў грамадскую рэакцыю на свой твор 

24 ліпеня літоўскі партал Delfi на сваім ютуб-канале выклаў фільм пра беларускія пратэсты 2020 года. Гэта выклікала рэакцыю ў праўладных тэлеграм-каналах і каналах, блізкіх да беларускіх сілавікоў. Там заявілі, што літоўская стужка дапаможа ім у пошуках пратэстоўцаў. Беларусы ў чатах і сацыяльных сетках пачалі абурацца фактам з'яўлення фільма, бо там бачныя твары шматлікіх удзельнікаў пратэстаў. «Радыё Свабода» ўзяла каментар у аўтара гэтага твора.

24.07.2023 / 19:12

Аўтар фільма, беларус Мікалай Мамінаў, пачаў здымаць пратэсты, калі 9 жніўня 2020 года закрыліся ўчасткі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Фільм канчаецца 20 верасня, адным з нядзельных пратэстаў. У гэты ж дзень аўтара затрымалі.

Паводле слоў Мікалая, аўтары відэа імкнуліся не паказваць нейкіх новых кадраў.

«Мы праводзілі маніторынг, глядзелі такія ж кадры 9—10 жніўня, яны ёсць на стоках, на міжнародных платформах. На гэтых кадрах і я ёсць, там ёсць добрыя відэа ў 4К. Ёсць фільм пра падзеі на «Рызе» 10 жніўня, усё гэта ёсць у доступе незаблюранае. Мы з рэдактарамі ішлі па храналогіі і замазвалі яўных людзей, каго добра бачна. У іх (сілавікоў) павінны быць усе гэтыя відэа.

Да таго ж мяне затрымлівалі з гэтым тэлефонам, мяне дапытвалі ў КДБ, тэлефон вымалі. Пры першым затрыманні мяне забралі з кватэры. Відэа, фота, якія там былі, яны, хутчэй за ўсё, вынялі, як і ўва ўсіх астатніх», — кажа Мікалай Мамінаў.

Таго, што кадры сілавікі з тэлефона спампавалі дакладна, аўтар відэа не бачыў на свае вочы. Мікалай пачаў здымаць відэа пра беларускія пратэсты спантанна і не адразу планаваў зрабіць з гэтага кіно.

«Я па прафесіі рэжысёр і аператар, і ідэя здымаць усё, што адбываецца, узнікла адразу ўвечары, калі былі выбары. Пасля я ўсё фіксаваў падсвядома, адразу ідэі фільма ў мяне не было. Гэта была проста хроніка, якую я здымаў дзень у дзень. Пасля я вымушаны быў выехаць, ва Украіну, пасля ў Літву. І ідэя зрабіць такую працу прыйшла ўжо недзе праз год пасля выбараў.

Саму храналогію фільма ўжо рабіў прафесійны рэжысёр мантажу. Фільм доўга не выходзіў, бо заняло час прыбраць твары, заблюрыць іх, асабліва 9—10 жніўня», — расказвае аўтар.

Фільм канчаецца акцыяй 20 верасня 2020 года. Тады Мікалай рабіў рэпартаж для замежнага агенцтва. А ўвечары таго ж дня аўтара, паводле яго слоў, затрымалі.

«Я перасоўваўся на ровары паўсюль, не насіў маскі, мяне вылічылі. Па мяне прыйшлі проста дадому, у кватэру. Я трапіў у Савецкае РУУС, пасля на Акрэсціна, пасля далі 15 сутак, якія я адбываў у Жодзіне. Пасля вызвалення я прабыў на волі дзён 6, а пасля ў наступную нядзелю мы з жонкай пайшлі ў краму, ва ўніверсам «Рыга», дзе нас затрымалі другі раз. Жонку ўначы выпусцілі, а мяне збілі, пагражалі расправай. Пасля мне прысудзілі 20 сутак», — прыгадвае Мікалай.

Пасля другога вызвалення да Мікалая дамоў сілавікі спрабавалі трапіць яшчэ раз, і ён вырашыў выехаць ва Украіну. Тады ён з сям’ёй перабраўся ў Чарнігаў.

Падчас пратэстаў Мікалай супрацоўнічаў з некаторымі СМІ, здымаў матэрыялы для міжнародных агенцтваў.

Чытайце таксама:

«Спецслужбы гуляюць з намі, як з кацянятамі». Як лукашысты выкарысталі кнігу «Я выходжу»

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў

Nashaniva.com