У ютуб выклалі фільм «Хронікі сучаснасці» з кадрамі з пратэстаў. ГУБАЗіК пагражае затрыманнямі
Сёння адбылася прэм'ера фільма «Хронікі сучаснасці» беларускага дакументаліста Мікалая Мамінава на ютуб-канале Delfi. Частка людзей на кадрах замазаныя, але вялікая частка выпадковых герояў фільма паказаныя буйнымі планамі пасярод дарогі.
Беларускія спецслужбы трактуюць выхад на праезную частку як злачынства.
Верагодна, большасць людзей, паказаных у фільме, ужо траплялі на здымкі спецслужбаў. Але праблема такіх твораў (як і з кнігай «Я выходжу») у тым, што яны прыцягваюць дадатковую ўвагу да людзей, якія да гэтага маглі трапіць у поле зроку спецслужбаў. Пасля кожнага гучнага твору пра пратэсты спецслужбы пачыналі хвалі рэпрэсій супраць тых, хто ў ім «засвяціўся».
ГУБАЗіК у каментарах да фільма стаў пісаць, што ўжо шукае людзей, якія трапілі ў кадр.
Пазней фільм з канала Delfi выдалілі, але ён застаўся ў сілавікоў — яны залілі відэа на свой канал. Відэа пасля гэтага апублікавала таксама «Вясна» — каб людзі маглі знайсці сябе.
Калі вы заўважылі ў фільме знаёмых, папярэдзьце іх, каб яны маглі прыняць меры бяспекі.
Калі вы ўнутры Беларусі, то па парады наконт выезду можна звяртацца да BYSOL. Калі вы вырашылі заставацца ў краіне, то варта зрабіць дадатковыя захады бяспекі. Часта ў людзей пасля затрымання знаходзяць матэрыялы для дадатковых артыкулаў (напрыклад, каментары або скіданне інфармацыі ў боты), таму варта паклапаціцца пра змест сваіх гаджэтаў і іншыя рэчы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары