Рамонт у стылі «барока», два ўзроўні і закрытыя двары. Якія кватэры прадаюць у Новай Баравой
Паглядзелі, што за нерухомасць і пачым прадаецца ў раёне Мінска, аблюбаваным айцішнікамі.
30.07.2023 / 14:22
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Кампанія «А-100-Дэвелапмент» пачала будаўніцтва новага жылога раёна «Новая Баравая» ў 2014 годзе. Раён адразу пачаў вылучацца на фоне звыклых аднастайных «спальнікаў». Там узводзілі жытло, пабудаванае па канонах сучаснай урбаністыкі. Раён аблюбавалі айцішнікі, колькасць якіх у нашай краіне расла паралельна з новым модным мікрараёнам.
І калі да 2020 года раён быў знакаміты на ўсю краіну праз дасягненні ў галіне ўрбаністыкі, пасля выбараў ён займеў славу самага апазіцыйнага.
Тое, што большасць жыхароў былі за перамены, прызнавалі нават прапагандысты, калі выдавалі інтэрв'ю пра сям'ю ябацек, якія былі адзінымі ярымі лукашыстамі на ўвесь раён. Праўда, з часам да прапагандыстаў дайшло, што матэрыял, у якім героі кажуць, што толькі яны за Лукашэнку, не грае ім на руку. Арыгінал тэксту быў выдалены з сайта «Мінскай праўды», але іншыя выданні паспелі перадрукаваць яго.
Але за апошні час нямала айцішнікаў з'ехала з краіны.
Цяпер цэны на кватэры ў вёсцы Копішча пачынаюцца з $52 900. Столькі просяць за студыю на 27,2 м² у доме 2017 года пабудовы. Але гэта не зусім тое жытло, якое ўяўляеш сабе, калі гаворка ідзе пра гэты раён. Гэта ну зусім ужо панэльны дом з дваром-аўтастаянкай, які ў іншых краінах Еўропы аднеслі б, хутчэй, да разраду сацыяльнага жытла.
Дом, у якім прадаецца кватэра-студыя за $52 900. Фота: realt.by
Што тычыцца менавіта Новай Баравой, то самая даступная з выстаўленых на продаж там кватэр ацэнена ў 54 тысячы даляраў. Столькі просяць за студыю на 25,3 м².
Фота: realt.by
Дом 2019 года пабудовы, акно выходзіць у двор. Свежы рамонт, добрая інфраструктура, выдатнае транспартнае злучэнне — пазначана ў апісанні.
Студыі з плошчай 30+ «квадратаў» каштуюць ужо ад $56 800, але гэта кватэра з голымі сценамі без чыставога аздаблення.
Фота: realt.by
Кватэра месціцца на другім паверсе 17-павярховага дома 2020 года пабудовы. Агульная плошча — 33 м².
Усяго на 2100 даляраў даражэй прадаецца аднапакаёўка аналагічнай плошчы, але ўжо з чыставым аздабленнем, гатовым для выкарыстання ванным пакоем і кухоннай сценкай.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Іншыя варыянты прадаюцца ўжо па цэнах ад 60 тысяч «вечна зялёных».
«Еўрадвушка» з бетоннымі сценамі ў доме павышанай камфортнасці з трэнажорнай залай для жыхароў і дзіцячым гульнявым пакоем прадаецца за $74 900.
Фота: realt.by
Агульная плошча памяшкання — 47,4 м². Па факце кватэра, якую прадаюць як «еўрадвушку», ад звычайнай студыі адрозніваецца толькі большай плошчай.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Цэны на сапраўдныя двухпакаёўкі пачынаюцца ад $86 500. Столькі просяць за паўнавартасную 2-пакаёвую кватэру без аздаблення.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Месціцца яна на апошнім, 10-м паверсе, дома 2022 года пабудовы.
Прыдатныя для жыцця двухпакаёўкі ў Новай Баравой прадаюцца па цэнах ад 90 тысяч даляраў.
Фота: realt.by
Агульная плошча кватэры — 54 м². «Гатовая двухпакаёвая новабудоўля з тэрасай на даху ў пяціпавярховым доме з уласным закрытым дваром. У кватэры зроблены рамонт, усё ў светлых тонах», — гаворыцца ў апісанні да жытла.
За 105 тысяч у Копішчы прадаецца двухпакаёўка з рамонтам у стылі, які яе гаспадары называюць «барока».
Фота: realt.by
Агульная плошча двухпакаёўкі 63 м², жылая — 35,7 м². Кватэра знаходзіцца на восьмым паверсе 10-павярховага будынка 2015 года пабудовы.
Фота: realt.by
У ванным пакоі ёсць калоны, вялікая вуглавая ванна, шмат мармуру. Кватэра з неардынарным рамонтам месціцца ў звычайным шматпавярховым доме, таму і двор тут самы просты, як і ў большасці шараговых «спальнікаў».
Фота: realt.by
Усяго на 5 тысяч даражэй прадаецца двухпакаёўка з тэрасай у самой Новай Баравой. Агульная плошча таксама 63 «квадраты». У кватэры два асобныя жылыя пакоі і кухня з выхадам на тэрасу.
Фота: realt.by
Што тычыцца рамонту, то гэта поўны антыпод папярэдняму варыянту. Тут мінімум дэкору і мэблі. Затое ў спальным пакоі ёсць кандыцыянер.
Фота: realt.by
Дзіцячы пакой таксама з мінімумам мэблі. Гасцёўня ў гэтай кватэры спалучаная з кухняй.
Фота: realt.by
Трохпакаёўкі ў Новай Баравой прадаюцца па цэнах ад 117—120 тысяч даляраў. Столькі просяць за кватэры без аздаблення ў новых дамах.
Так, напрыклад, за $120 000 прадаецца прасторная кватэра на 100 «квадратаў» з двума санвузламі.
Фота: realt.by
Кватэра цалкам без аздаблення. «Дом размешчаны побач з хваёвым лесам і адначасова ў некалькіх хвілінах язды ад цэнтра сталіцы», — гаворыцца ў апісанні.
Кватэры «трошкі» з рамонтам і мэбляй у Новай Баравой прадаюць па цэнах ад 135 тысяч даляраў. Агульная плошча такой кватэры — 68,2 м².
Фота: realt.by
Адзін з жылых пакояў усяго 8 м², што толькі на 0,5 «квадрата» меней за гардэробную ў гэтай жа кватэры. Апошнюю выкарыстоўваюць як працоўнае месца.
Фота: realt.by
У ванным пакоі адразу ёсць ванна і душавая кабіна.
Большасць трохпакаёвых кватэр у Новай Баравой выстаўлены на продаж у цэнавым дыяпазоне 140-160 тысяч даляраў.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Чытырохпакаёвыя кватэры стартуюць са 140 тысяч даляраў. Столькі просяць за памяшканні без рамонту.
Адна з самых дарагіх кватэр з выстаўленых на продаж у Новай Баравой — двухузроўневая са 118,7 «метра» агульнай плошчы. Просяць за яе $199 000.
Фота: realt.by
У кватэры ёсць адно памяшканне вышынёю ў два паверхі. На самім другім узроўні месціцца ўсяго адзін жылы пакой і санвузел.
Фота: realt.by
Нягледзячы на высокі кошт, рамонт у адной з самых дарагіх кватэр Новай Баравой завершаны не ва ўсіх пакоях.
Чытайце таксама:
Сям'я ябацек распавяла, як ім жывецца ў Новай Баравой — кранальны рэпартаж з дзяржСМІ
Мінчукам прапанавалі танна пабудавацца ў Ляхавічах. Колькі ахвотных?
У Мінску і Гродне попыт на кватэры б'е рэкорды. Чаму так адбываецца?
Наплыў турыстаў — кватэры ў цэнтры Гродна здаюць і па 100 даляраў за суткі. «З такімі цэнамі кватэру можна адбіць за некалькі гадоў»