Мінчукам прапанавалі танна пабудавацца ў Ляхавічах. Колькі ахвотных?
У сталіцы ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць больш за 180 тысяч сем'яў. Кватэры ў новабудоўлях апошнімі гадамі атрымліваюць у асноўным ільготнікі, сярод якіх самая вялікая доля — шматдзетныя сем'і. Мінскім чаргавікам прапанавалі нечаканы варыянт — пабудаваць кватэры не ў горадзе-спадарожніку Смалявічы, а ў райцэнтры Ляхавічы. Што з гэтай ініцыятывы атрымалася, піша Tochka.by.
Ляхавічы — райцэнтр у Брэсцкай вобласці. Да Мінска адтуль 160 кіламетраў.
У Ляхавічах мінчанам прапануюць 5-павярховы дом на 60 кватэр, размешчаны на вуліцы Южакова, 18а.
«Будуе яго Ганцавіцкае УКБ. Гэтая арганізацыя ўзводзіла два апошнія шматпавярховыя дамы, пабудаваныя ў Ляхавічах», — распавялі журналісту ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Супрацоўніца райвыканкама дадала, што ў доме будзе ліфт, плоскі дах, будынак без гарышча, але пад усім домам — тэхнічнае памяшканне.
«Апорныя ўнутраныя сцены і перагародкі — з жалезабетонных панэляў, вонкавыя сцены — з блокаў ячэістага бетону, з уцяпленнем мінералаватнымі плітамі, вонкавае аздабленне — лёгкая тынкавальная сістэма», — працягнула працаўніца аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва.
На падлозе ў кватэрах пакладуць ламінат, вокны і балконныя дзверы ў доме — з ПВХ-профілю, у жылых пакоях, вітальні, калідоры і кухні будуць паклееныя шпалеры, ванны пакой і санвузел пафарбуюць акрылавай фарбай.
«Недалёка школа, у дварах дзіцячы сад, «Еўраопт», крама райспажыўтаварыства і нядрэнная прадуктовая прыватная крама ў крокавай даступнасці: месца нядрэннае, побач прыватны сектар», — расказала чыноўніца.
Амаль у два з паловай разу танней за сталіцу
Колькі ж трэба заплаціць?
«Будаўніцтва — долевае. Гэта значыць, вы аплачваеце долямі, па меры ўзвядзення дома. Кошт метра з аздабленнем — 1949,09 рубля, без — 1763,62 рубля (прыкладна 645 і 584 даляры, паводле курса Нацбанка. — заўв. Tochka.by). І вы адразу ведаеце, якую кватэру вы аплачваеце. Таму вы можаце нават кантраляваць працэс аздаблення. Каб не было прэтэнзій і вашу кватэру зрабілі якасней», — адзначыла чыноўніца.
Здаць гэты дом у эксплуатацыю абяцаюць у кастрычніку 2023 года.
На пытанне, колькі ж мінчан цікавіліся перспектывамі пераезду ў райцэнтр Брэсцкай вобласці, суразмоўніца дала збянтэжаны адказ: «Вы першы».
Падаваць заявы па месцы жыхарства мінчане маглі да 16 ліпеня.
«Пакуль дакументаў дольшчыкаў з Мінска ў нас няма. А ці збіраюцца яны, ці не — я не ведаю. З пакетам дакументаў праз «Адно акно» ніхто не звяртаўся — гэта я магу сказаць стоадсоткава»,
— адказала журналістам супрацоўніца аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Каментары
Таму што ўся краіна супраць!