Беларускія аўтобусы ў Пецярбургу часта гараць, іх выкарыстанне прыпынілі

У Санкт-Пецярбургу з 2 жніўня прыпынілі эксплуатацыю беларускіх аўтобусаў МАЗ з-за таго, што яны рэгулярна загараюцца, паведамляе Reform.by.

02.08.2023 / 16:49

Чарговы МАЗ згарэў у Санкт-Пецярбургу 26 чэрвеня

«У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да загарання аўтобусаў, прынятая пастанова, што ГУП «Пасажыраўтатранс» з сённяшняга дня прыпыняе эксплуатацыю на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047), якія паступілі ў Пецярбург у рамках кантрактаў, падпісаных у 2022 годзе», — паведамляе гарадская адміністрацыя.

На прадпрыемстве працуе камісія, створаная сумесна з прадстаўнікамі ААТ «МАЗ» — кіраўнічая кампанія холдынгу «БелаўтаМАЗ». Выяўленнем прычын загаранняў таксама займаецца расійскае МНС.

Знятыя з эксплуатацыі аўтобусы вернуцца на маршрут толькі пасля дадатковай праверкі і ліквідацыі дэфектаў.

«У рамках новых дамоў на закупку аўтобусаў гэтай маркі, заключаных прадпрыемствам у 2023 годзе, машыны не будуць прынятыя на баланс «Пасажыраўтатранс» таксама да ліквідацыі заўваг», — паведамляе адміністрацыя Пецярбурга.

14 ліпеня віцэ-губернатар горада правёў нараду з прадстаўнікамі заводаў-вытворцаў пасажырскіх аўтобусаў, у тым ліку з кіраўніцтвам МАЗа. На нарадзе было вырашана, што ў канструкцыі аўтобусаў унясуць змены і ўзмоцняць кантроль за вытворчасцю. Цяпер МАЗ выконвае заказ Санкт-Пецярбурга на пастаўку 900 аўтобусаў.

Некалькі аўтобусаў згарэлі ў горадзе сёлета. Гэтая праблема нават абмяркоўвалася на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам горада Аляксандрам Бягловым.

Чытайце таксама:

Шклоў і Жодзіна ў наступным годзе цалкам перавядуць на электробусы — Галоўчанка

Ці згнілі Geely? Колькі каштуюць і як выглядаюць патрыманыя беларуска-кітайскія аўто

Пускаюць аўтобусы і ў Еўропу, і ў Крым. Чаму беларускі перавозчык не баіцца трапіць пад санкцыі?

Nashaniva.com