Ад захаплення дызайнам да абурэння правапісам — у сеціве спрачаюцца пра альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт
Пасля прэзентацыі нацыянальнага пашпарта для беларусаў-эмігрантаў, якая адбылася падчас канферэнцыі «Новая Беларусь», у сеціве разгарэлася дыскусія пра ягоныя добрыя якасці і заганы. Нехта хацеў, каб змянілі правапіс, а нехта — каб вярнулі шагалаўскага серуна.
07.08.2023 / 14:38
Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з'явіўся ў адказ на запыт беларусаў, якім рэжым Лукашэнкі, як тлумачыцца на сайце Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, спрабуе ўскладніць жыццё пасля пераезду і прымушае вяртацца для абмену дакументаў.
Агульным пунктам крытыкі многіх беларусаў стаў той факт, што пашпарт не самая рэалістычная ідэя. Звярталі ўвагу на тое, што абяцанні пра магчымасць адкрыцця па такім дакуменце банкаўскага рахунку застаюцца непацверджанай «вільготнай марай», і выказвалі сумневы, што хоць нехта прызнае легітымнасць гэтага дакумента. Іншыя пярэчылі, што гэты макет — толькі самы пачатак працы, але без яго немагчыма дамовіцца аб прызнанні дакумента.
Але большасць прэтэнзій тычылася не сутнасных рэчаў, а сімвалічных, якімі новы пашпарт перапоўнены. Распрацоўкай дызайну пашпарта займаліся спецыялісты геральдычнай рады, чый склад з меркаванняў бяспекі не апублічваецца.
Вокладка новага пашпарта мае кармазінавы колер, які адсылае да спадчыны ВКЛ. Акрамя дзяржаўнага герба, на ёй змешчаны выявы слуцкіх паясоў. Фота: сайт Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Па-першае, дасталася колеру вокладкі пашпарта, які з сіняга, які выкарыстоўваецца на цяперашнім афіцыйным пашпарце, ператварыўся ў чырвоны, чым, на думку некаторых карыстальнікаў твітара, наблізіўся да пашпарта грамадзяніна Расійскай Федэрацыі. Але чырвоны колер на пашпарце выкарыстоўваецца амаль усімі еўрапейскімі краінамі, у тым ліку нашымі суседзямі: Польшчай, Латвіяй і Літвой. Хутчэй, варта параўноўваць было б з літоўскім пашпартам, дзе таксама ёсць «Пагоня», але беларускі праект мае на вокладцы яшчэ такі элемент, як слуцкі пояс, а тэкст і герб не адцэнтраваныя, а выраўненыя па левым боку, што змяншае магчымую блытаніну.
Да таго ж сам колер не чыста чырвоны, а, хутчэй, набліжаецца да малінавага — такое адценне на нашых землях называлі кармазінам (кармазінавым колерам), яно выкарыстоўвалася заможнай арыстакратыяй (яе так і называлі «кармазінавай шляхтай»), у прадстаўнічай форме ўраднікаў і на зямельных харугвах Вялікага Княства Літоўскага.
На разваротах старонак для віз змешчаны архітэктурныя помнікі розных рэгіёнаў Беларусі, герб «Пагоня» на ружы вятроў і выява зубра ў ніжнім правым вугле, які пры хуткім гартанні старонак «бяжыць». Усе надпісы ў пашпарце выкананыя «тарашкевіцай», класічнай лацінкай і на англійскай мове. Фота: сайт Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Па-другое, многіх зачапіла вырашэнне моўнага пытання. Пашпарт аформлены на дзвюх мовах, але па-беларуску надпісы пададзеныя двойчы — кірыліцкім і лацінскім алфавітамі. Але інтэрнэт-карыстальнікі не зразумелі, для каго зроблены надпісы лацінкай, калі беларусы могуць прачытаць і кірылічны надпіс.
«Тарашкевіца», выкарыстаная ў якасці адзінага правапісу новага дакумента, таксама многім не спадабалася. Яны звярнулі ўвагу на тое, што раптоўны разварот да так званага «клясычнага правапісу» ў адзін момант робіць непісьменнымі большасць беларусаў, нават уласна беларускамоўных, і зноў падзяляе грамадства на розныя лагеры.
«Пашпарт патрэбны не «ультрасьвядомым», ён патрэбны беларусам, «балоту» — якія калі і знаёмыя, то з «наркамаўкай», — такія вострыя заўвагі выказваюць у інтэрнэце.
Заўвага ў цэлым слушная, улічваючы досвед 1980—1990 гадоў, калі апазіцыйныя палітычныя аб’яданні і незалежныя медыя актыўна пераходзілі на «тарашкевіцу», аддаляючы ад сябе тых, хто вучыў зусім іншую мову ў школе. Пераход беларускіх СМІ ў сярэдзіне 2000-х гадоў на адзіны афіцыйны правапіс кансалідаваў нацыянальна арыентаваныя сілы ды палегчыў камунікацыю інтэлігенцыі з грамадствам.
Спроба нармалізацыі «класічнага правапісу» (на аснове праекта Вінцука Вячоркі), зробленая ў той жа самы час, не змяніла сітуацыі. Няма ні слоўнікаў, ні вялікага корпусу тэкстаў гэтым правапісам. Альтэрнатыўны праект канчаткова прайграў і ў вольнай ад дзяржаўнай цэнзуры прасторы інтэрнэту: калі спачатку было адчуванне перавагі «тарашкевіцы», то з пашырэннем доступу насельніцтва да сеціва ўсё змянілася ў адваротны бок. Найбольш яскрава гэты працэс выявіўся ў існаванні дзвюх беларускіх «Вікіпедый», дзе «наркамаўскі» раздзел дагнаў і ў разы перагнаў «класічны».
Прычына, па якой «тарашкевіца» не прыжылася ў інтэрнэт-камунікацыі, досыць простая — яе правілы да канца не ясныя нават тым, хто выдатна валодае беларускай мовай. Толькі схіленыя ў беларушчыну маладыя людзі, якія дрэнна валодаюць нацыянальнай мовай, думаюць, што знойдуць сябе ў альтэрнатыўным правапісе, які падаецца як адзіны сапраўдны, не сапсаваны ўладамі, але ўрэшце цярпяць няўдачу, спатыкаючыся на элементарных рэчах.
Карыстальнікі твітара ў шэрагу заўваг да цяперашняга праекта пашпарта нагадалі і пра спрэчнае рашэнне Кабінета змясціць на медалі «Гонар і Годнасць» надпіс «Беларусь перадусім», які выкарыстоўваўся ў гімне калабарацыянісцкага Саюза беларускай моладзі.
Аналагічная праблема і ў выкарыстанні «класічнай лацінкі», насуперак сучасным правілам транслітарацыі, якія нядаўна з палітычных меркаванняў адмянілі лукашэнкаўцы. Многія не лічаць гэтую сістэму сапраўднай лацінкай, але фактычна Інструкцыя па перадачы геаграфічных назваў ёсць лагічным працягам дзейнасці дзеячаў міжваеннага перыяду па рэфармаванні лацінскага алфавіта з мэтай аддалення яго ад польскага. Яна ўлічвала як адмову ў афіцыйным кірылічным правапісе ад залішняга адлюстравання мяккасці на пісьме, так і скасоўвала нелагічную польскую Ł, што выбівалася з шэрага іншых.
З'яўленне гімна Беларускай Народнай Рэспублікі выклікала здзіўленне ў беларусаў. Таксама гэтая старонка паказвае на непаслядоўнасць выкарыстання альтэрнатыўнага правапісу ў дакуменце.
Раскрытыкаваны быў і гімн Беларускай Народнай Рэспублікі на старонках дакумента, бо ніхто не зразумеў, у які момант Кабінет прыняў «Ваяцкі марш» Макара Краўцова ў якасці афіцыйнага гімна. «Пры чым тут БНР? Гэты пашпарт будзе выдаваць БНР?» — дзівіліся ў твітары.
Карціна Марка Шагала «Над горадам» на старонках пашпарта ва ультрафіялетавым выпраменьванні.
Жартаўліва папракнулі аўтараў нават за цэнзуру: на карціне «Над горадам» Марка Шагала, якая выкарыстаная ў якасці аднаго са сродкаў абароны новага дакумента і бачная на старонках толькі ва ультрафіялетавым выпраменьванні, абрэзалі мужыка, які сера пад плотам.
Спадар Джыпсінкоў на шматлікія просьбы вярнуў шагалаўскага серуна.
«Або вяртайце мужыка ў левым ніжнім вугле, або не чапайце Шагала. Чаму маўчыць Рада культуры?» — патрабавалі жартаўнікі. Блогер Джыпсінкоў на гэтыя запыты зрабіў калаж, змясціўшы шагалаўскага серуна на вокладку пашпарта.
Але ў цэлым нацыянальная арыентаванасць і насычанасць сімволікай новага пашпарта прыйшлася даспадобы нават тым, хто крытыкаваў асобныя моманты. Тыя, каму такі пашпарт пакуль не патрэбны, выказваліся, што хацелі б яго займець хоць бы таму, што ён проста прыгожы.
Пакуль пашпарт застаецца ўсяго толькі праектам, і невядома, які канчатковы выгляд ён набудзе. Хочацца спадзявацца, што канфліктныя моманты будуць вырашаныя, а сам дакумент здабудзе неабходную моц для таго, каб палегчыць жыццё вымушаным уцекачам з Беларусі.
Пакуль жа беларусы маюць магчымасць прайсці апытанне на платформе «Голас», каб дапамагчы Аб'яднанаму кабінету высветліць колькасць грамадзян, якія хацелі б атрымаць новы беларускі пашпарт (удзел у галасаванні для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, можа быць небяспечным).
Чытайце таксама:
Кавалеўскі расказаў і паказаў, што з сябе будзе ўяўляць беларускі альтэрнатыўны пашпарт
Улады прызналі экстрэмісцкім медаль Аб'яднанага пераходнага кабінета
«Беларусь перадусім». Лозунг на медалях ад Аб'яднанага пераходнага кабінета выклікаў дыскусію