Гурт Irdorath збірае грошы на аднаўленне дзейнасці. Яго ўдзельнікі нядаўна выйшлі з калоніі

Музыкі гурта Irdorath працягваюць збор сродкаў на рэабілітацыю пасля калоніі, адаптацыю ў новай краіне, а галоўнае — на адраджэнне творчых праектаў.

07.08.2023 / 23:01

Музыкаў Irdorath затрымалі 2 жніўня 2021 года.

Пазней іх прызналі вінаватымі па артыкуле 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Уладзімір і Надзея Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі.

Пасля вызвалення, адседзеўшы ўвесь тэрмін, музыкі выехалі за мяжу і абвясцілі збор грошай.

«Пасля вызвалення нам незаконна забаранілі выезд з краіны, але пры дапамозе BYSOL мы змаглі з'ехаць з Беларусі. Рэжыму не ўдалося нас зламаць, і мы хочам далей працягваць займацца мастацтвам, падтрымліваючы і натхняючы беларусаў.

Цяпер мы ў бяспецы, але маем патрэбу ў фінансавай падтрымцы.

За час, што мы былі ў калоніі, наша творчасць дзякуючы вам не была забытая. І мы маем намер працягнуць сваю справу, як толькі зноў адчуем глебу пад нагамі.

Сума збору — €10 500. Сродкі патрэбныя на рэабілітацыю пасля калоніі і адаптацыю ў новай краіне. Але большая частка пойдзе на адраджэнне нашых творчых праектаў — мы хочам аднавіць музычныя інструменты і абсталяванне, каб працягваць натхняць беларусаў», — пішуць музыкі.

Падтрымаць праз «Байсол».

Чытайце таксама:

Выпусцілі мерч «Менск — горад палітвязняў», частка якога ідзе на данаты

У Беларускім доме Варшавы адкрылі мурал «Няскораных беларусаў»

Поспех марафону «Нам не ўсё адно!» нагадаў пра дылему, перад якой стаяць лукашысты

Nashaniva.com