13 дзеячаў культуры, у тым ліку Рушдзі, Елінэк, Крэмер, запатрабавалі ад Лукашэнкі праясніць лёс палітвязняў

«Мы глядзім на Беларусь і не перастанем пытацца: дзе знаходзяцца гэтыя людзі?»

15.08.2023 / 09:32

Фота: «Вясна»

Праясніць лёс беларускіх палітвязняў, у тым ліку Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Сяргея Ціханоўскага, запатрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі ў адкрытым лісце 13 сусветных дзеячаў культуры, піша «Радыё Свабода».

«Спадар прэзідэнт Лукашэнка, вы забяспечваеце сваю ўладу толькі гвалтам. Поўная ізаляцыя зняволеных — гэта катаванне. Аднак зняволеныя не ваша ўласнасць. Ці звязвае вас яшчэ нешта са словам «чалавечнасць»? Дзе яны?» — гаворыцца ў лісце.

Адзначаючы, што зніклі «дзясяткі іншых палітвязняў», аўтары пішуць: «Мы глядзім на Беларусь і не перастанем пытацца: дзе знаходзяцца гэтыя людзі?»

Ліст падпісалі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры Эльфрыдэ Елінек (Аўстрыя, 2004), Герта Мюлер (Румынія — Нямеччына, 2009), Вольга Такарчук (Польшча, 2018), а таксама пісьменнікі і паэты Салман Рушдзі (Індыя — Вялікабрытанія), Дурс Грунбайн (Нямеччына), Вольф Бірман (Нямеччына), Маргарэт Этвуд (Канада), Томас Венцлава (Літва), Петэр Надаш (Венгрыя), дырыжор і піяніст Даніэль Барэнбойм (Аргенціна — Ізраіль — Нямеччына), піяністы Ігар Левіт (СССР / Расія — Нямеччына), Андраш Шыф (Венгрыя — Вялікабрытанія) і скрыпач Гідон Крэмер (СССР / Латвія — Нямеччына).

Нагадаем, што пра Міколу Статкевіча, Максіма Знака і Марыю Калеснікаву нічога не вядома з лютага, пра Віктара Бабарыку — з канца красавіка, доўгі час нічога не было вядома пра Сяргея Ціханоўскага, і толькі пасля з'яўлення ананімкі пра яго смерць 5 ліпеня праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з ім, на якім, як сцвярджаецца, ён запісаны 5 ліпеня.

Чытайце таксама:

Што са станам здароўя Бабарыкі

Родныя Бабарыкі трапілі на прыём у калоніі. Што ім расказалі

На фоне чутак пра смерць Ціханоўскага лукашысты выклалі відэа з ім. Бабарыку не паказваюць больш за два месяцы

«Поўная цішыня прымушае не проста хвалявацца, а біць трывогу». Шэсцб месяцаў нічога не вядома пра Марыю Калеснікаву

Статкевічу споўнілася 67 гадоў. Чацвёрты запар дзень народзінаў за кратамі

Nashaniva.com