Статкевічу споўнілася сёння 67 гадоў. Чацвёрты запар дзень народзінаў за кратамі
Гэтым разам ён сустракае яго ў адзіночнай камеры, куды яго змясцілі 5 мая на паўгода.
Апошні ліст ад Мікалая жонцы Марыне Адамовіч прыйшоў 9 лютага. Больш за паўгода ад яго няма вестак.
На шматлікія запыты і скаргі сям’я атрымлівае фармальныя адказы: перапіска не забаронена, «мы вам далі вычарпальны адказ».
Нядаўна вярнулася медычная бандэроль, бо нібыта ад вязня не было на яе заявы. На бланку, які прыклеілі да вернутай бандэролі, падкрэслены пункт «адмова ад атрымання».
На сустрэчы з жонкай Статкевіча начальнік калоніі патлумачыў адсутнасць вестак ад палітвязня кепскай працай «Белпошты», нагадвае «Радыё Свабода».
Каментары