«Мы не ў бяспецы і не будзем у бяспецы». Журналістка Алена Касцючэнка расказала, як яе атруцілі ў Германіі

Расійская журналістка Алена Касцючэнка вядомая тым, што ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне зрабіла для «Новай газеты» некалькі моцных рэпартажаў з тэрыторый, акупаваных расійскімі войскамі. Яны сталі важнымі сведчаннямі пра вайну і злачынствы расійскіх вайскоўцаў. Але пасля яе вяртання з вайны пра журналістку больш нічога не было чуваць, яе рэпартажы перасталі выходзіць. Цяпер сама Касцючэнка напісала ў «Медузе», з чым гэта звязана: аказалася, што ў яе сур'ёзныя праблемы са здароўем, і ёсць падставы меркаваць, што журналістку атруцілі ў Германіі.

15.08.2023 / 18:17

Алена Касцючэнка ў клініцы «Шарытэ». Фота: інстаграм журналісткі

Пасля вяртання з Украіны Алена Касцючэнка не збіралася пакідаць Расію, але яе ўгаварыў гэта зрабіць галоўны рэдактар «Новай газеты», нобелеўскі лаўрэат Дзмітрый Муратаў. Так яна апынулася ў Германіі, а так як «Новая газета» з-за рэпрэсій пуцінскага рэжыму сутыкнулася з вялікімі праблемамі, то яна перайшла на працу ў «Медузу». І ўжо збіралася паўнавартасна пачаць працаваць.

«Я знайшла кватэру ў Берліне і пераехала. 29 верасня я выйшла на працу ў «Медузу». Мы вырашылі, што маёй першай камандзіроўкай будзе Іран. Я была ў Іране і ведала, як там працаваць. Я знайшла людзей, якія будуць мне дапамагаць, зрабіла візу, купіла адзенне. Мы вырашылі, што наступнай камандзіроўкай пасля Ірана будзе Украіна. «Медуза» папрасіла, каб да паездкі ў Іран я падала дакументы на ўкраінскую візу», — расказвае журналістка.

З украінскай візай былі праблемы, але жанчыне ўрэшце ўдалося дамовіцца, што яе прымуць ва ўкраінскім консульстве ў Мюнхене. 

У Мюнхен Касцючэнка выбралася 18 кастрычніка, але вырашыць там справы за дзень не ўдалося, пазней трэба было ехаць яшчэ. Нічога не прадракала бяды.

«Сяброўка забрала мяне каля консульства, і мы паехалі абедаць. Мы елі ў рэстаране, сядзелі на вуліцы. Пакуль мы сядзелі, да століка двойчы падыходзілі яе знаёмыя — мужчына і дзве жанчыны. Я думала: які Мюнхен маленькі горад, аказваецца, усе адно аднаго ведаюць. Я адыходзіла ў прыбіральню, вярталася. Думала толькі пра візу — шанцаў атрымаць мала, але раптам атрымаецца.

Потым сяброўка павезла мяне на вакзал.

Калі мы пад'язджалі, яна сказала: «Ты ведаеш, ад цябе дрэнна пахне. Я пашукаю дэзадарант». Дэзадаранта не знайшлося. Я памятаю, што здзівілася яе словам: яна тактоўны чалавек і ні за што б не сказала, калі б я і праўда не пахла вельмі непрыемна.

У цягніку я знайшла сваё месца і адразу пайшла ў туалет. Я намачыла сурвэткі і стала выцірацца.

Аказалася, я моцна спацела. Пах поту быў рэзкі і незвычайны: пахла гнілой садавіной.

Я села на сваё месца і стала вычытваць рукапіс кнігі. Праз нейкі час зразумела, што чытаю адзін абзац зноў і зноў, не магу прасунуцца далей. Я прыслухалася да сябе. Балела галава.

За тры тыдні да гэтага я перанесла кавід. Я падумала: няўжо я зноў захварэла. […] Паспрабавала вярнуцца да кнігі, але мне станавілася ўсё горш. Боль галавы мацнеў. Я працягвала пацець, зноў пайшла ў туалет, зноў выцерлася сурвэткамі…

Калі я выйшла на вакзале, то зразумела, што не магу ўцяміць, як мне дабрацца дадому. Я ведала, што мне трэба перайсці на метро, але не разумела як. Думала выйсці на вуліцу і выклікаць таксі, але сама думка пра тое, што трэба арыентавацца па карце ў мабільнай праграме, супастаўляць з ёй рэальныя вуліцы, выклікала жах. Я думала: гэта вельмі складаная задача, я не спраўлюся.

Доўга шукала пераход на платформу з цягнікамі метро. На платформе расплакалася: не разумела, у які бок трэба ехаць. Мне дапамаглі іншыя пасажыры. Ад метро да дому ісці пяць хвілін.

Я ішла вельмі доўга. Праз кожныя некалькі крокаў я апускала сумку на зямлю (яна здавалася невыносна цяжкай), адпачывала. На лесвіцы ў мяне з'явілася задышка. Я думала: як жа мяне скруціла, дзёўбаны кавід.

Дома я адразу легла спаць. Я спадзявалася, што пасля сну мне стане лепш. Але стала горш. Я прачнулася ад болю ў жываце. Ён быў вельмі моцным, але не рэзкім, яго як быццам уключалі і выключалі. Я паспрабавала сесці — і легла назад. Галава круцілася так, што пакой, здавалася, таксама круціцца. З кожным рухам павялічвалася млоснасць. Я дайшла да прыбіральні, там мяне вырвала. […]

Жывот балеў усё мацней. Было балюча нават дакранацца да скуры. Гэтую ноч і некалькі наступных я амаль не спала — як толькі навальваўся сон, боль мяне будзіў. Галава працягвала круціцца, варта было мне сесці або ўстаць. На трэці дзень я зразумела, што ў камандзіроўку не еду — і што гэта не кавід.

У Берліне няпроста адразу трапіць да лекара. Я змагла апынуцца ў лекара толькі праз 10 дзён, 28 кастрычніка. Гэта была звычайная паліклініка ў маім раёне. Лекары — іх было двое — адразу сказалі, што гэта наступствы кавіду. «Яны да паўгода доўжацца. Калі праз паўгода не стане лепш, прыходзьце зноў».

Правялі УГД — усё ў норме, пастукалі па жываце. Я ўгаварыла іх узяць кроў. Выйшла з паліклінікі супакоеная — мабыць, нічога страшнага, хутка стане лепш.

Аналіз крыві прыйшоў дрэнны. Пячоначныя ферменты АЛТ і АСТ аказаліся ў пяць разоў вышэйшыя за норму. Узялі аналіз мачы. Там аказалася кроў. Лекары больш не жартавалі.

Мяне перадалі іншай спецыялістцы. Яна сказала: хутчэй за ўсё, гэта нейкі з вірусных гепатытаў, напэўна, прывезлі з вайны. Вось знойдзем і пачнём вас лячыць.

Аналіз на гепатыты прыйшоў адмоўны. Сімптомы мяняліся. Жывот балеў не так моцна, галава круцілася менш. Сіл не было зусім. Пачаў апухаць твар. Затым з'явіліся ацёкі на пальцах рук. Я з цяжкасцю зняла пярсцёнкі і больш не змагла надзець. Пальцы нагадвалі сасіскі. Пачалі ацякаць ступні. Ацёкі станавіліся ўсё большымі, лінія падбародка знікла, мой твар не быў маім тварам.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Elena Kostyuchenko (@mirrorsbreath)

Мне патрабаваўся час, каб пазнаць сябе ў люстэрку. Часам пачынала стукаць сэрца — хутка, як быццам бягу. Часам пачыналі гарэць далоні і ступні — станавіліся чырвонымі, бліскучымі.

Я стамлялася ад усяго. Цяжка было спусціцца па лесвіцы. Часам мы выходзілі гуляць — на 15 хвілін, на паўгадзіны, потым я стамлялася так, што трэба было вяртацца. Я перастала спаць — ужо не ад болю. Як быццам мозг забыўся, як трэба засынаць. Я ляжала гадзінамі, […] глядзела ў столь і думала: што ж са мной такое.

Пячоначныя ферменты працягвалі расці. У мачы па-ранейшаму была кроў. Я працягвала хадзіць па лекарах. Яны выказвалі версіі, правяралі, выказвалі наступныя. Аўтаімунныя захворванні, ускладнены піяланефрыт, сістэмныя захворванні.

«Медуза» падключыла лекара, якому яна давярала. Лекар вырашыў паўтарыць аналізы на вірусныя гепатыты (адмоўна).

Калі я ехала дадому з лякарні, ён напісаў: «Ёсць імавернасць, што вы маглі быць атручаныя?» Я адказала: «Не, не настолькі ж я небяспечная».

12 снежня я зноў была ў лекара ў паліклініцы. Новы раўнд аналізаў, паказчыкі горшыя, АЛТ перавышаны ў сем разоў. Мы сядзелі ў яе кабінеце. Яна маўчала, перабірала паперы. Яна сказала: «Алена, версій застаецца дзве. Першая — што антыдэпрэсанты, якія вы прымаеце, маглі пачаць працаваць зусім нестандартна. Але вы нядаўна мянялі таблеткі, а сімптомы засталіся тыя ж і паказчыкі крыві тыя ж. Таму другая версія. Паспрабуйце не хвалявацца. Магчыма, вас атруцілі».

Я засмяялася. Лекарка маўчала. Я сказала: «Гэта немагчыма». Лекарка сказала: «Мы выключылі ўсё астатняе. Прабачце. Вам трэба ў таксікалогію «Шарытэ».

Наступныя тры дні я ляжала і думала. Цяпер не памятаю пра што. Яна распавядае, што першы дзень я казала, што гэта глупства і лекары памыліліся, проста не змаглі паставіць правільны дыягназ і не хочуць шукаць далей. Потым я маўчала. Затым звязалася з «Медузай», і мы сталі думаць, што рабіць. Каб здаць аналізы на таксіны, трэба звярнуцца ў паліцыю. І я пайшла ў паліцыю.

З пастарунка мяне накіравалі ў бальніцу. Туды ж прыехалі паліцыянты, апыталі мяне і лекараў. Першы допыт быў у крымінальнай паліцыі Берліна і доўжыўся дзевяць гадзін. Паліцэйскіх цікавіла ўсё: над чым я працавала, над чым збіралася працаваць, з кім кантактавала ва Украіне, з кім кантактую з калег. 17 і 18 кастрычніка прыйшлося ўспомніць штохвілінна.

Маю кватэру і рэчы праверылі на радыяцыю. Праверылі на радыяцыю і мяне. Забралі рэчы, у якіх я была ў Мюнхене.

Міліцыя правярала маю кватэру на бяспеку. Афіцэр сказаў: «Чаму вы жывяце з адкрытымі шторамі? Вас жа можна застрэліць з балкона з дома насупраць».

Паліцыянты сказалі, што я павінна выконваць правілы бяспекі. Якія? «Памяняйце кватэру. Хадзіце рознымі дарогамі дадому. Не заказвайце таксі ад адраса да адраса, выходзьце з машыны за квартал. Хадзіце на вуліцы ў сонечных акулярах». — «І гэтага дастаткова?» — «Ну, гэта павялічыць вашы шанцы».

Паліцыянты былы злыя на мяне. […]

— Я не разумею, чаму вы прыйшлі да нас так позна. Вы павінны былі патэлефанаваць у паліцыю адразу, як вам стала дрэнна ў цягніку. Мы б сустрэлі вас на станцыі.

— Але я не думала, што гэта атручэнне. Я і цяпер не ўпэўненая.

— А чаму вы не думалі?

— Мне дзіка было думаць такое. І я ж у Еўропе.

— І што?

— Я адчувала, што я ў бяспецы.

— Вось гэтым вы нас і злуяце. Вы прыязджаеце і думаеце, што вы на вакацыях. Што тут як бы рай. Ніхто нават не думае, што трэба берагчыся. У нас адбываюцца палітычныя забойствы. У нас дзейнічаюць расійскія спецслужбы. Ваша бестурботнасць, ваша і вашых калег, бязмежная.

Пра ход паліцэйскага расследавання мяне не інфармавалі. 2 красавіка на журналісцкай канферэнцыі да мяне падышоў галоўны рэдактар The Insider Рома Дабрахотаў. Адвёў убок.

«Лена, у мяне да цябе асабістае пытанне. Але я спачатку сёе-тое табе скажу. Мы з Хрыста Грозевым з Bellingcat цяпер расследуем серыю атручванняў у Еўропе. Пацярпелыя — расійскія журналісткі. Я хацеў цябе спытаць. Тое, што ты не пішаш столькі часу, звязана з тваім здароўем?» І я расказала яму тое, што цяпер расказваю вам.

2 мая пракуратура Берліна даслала ліст, дзе паведамляла, што справа, распачатая паводле артыкула замаху на забойства, спыненая. Расследаванне не выявіла «ніякіх сведчанняў» адносна таго, што мяне спрабавалі забіць. «Наяўныя паказчыкі крыві не даюць выразных указанняў на атручванне».

Лекары, якія кансультуюць Insider і Bellingcat, паведамілі, што найбольш імавернае тлумачэнне таго, што здарылася са мной, — атручэнне хлорарганічным злучэннем. Я перадала гэтую інфармацыю паліцыі. 21 ліпеня пракуратура адкрыла справу зноў.

Што са мной цяпер? Боль, млоснасць, ацёкі прайшлі. Сілы не вярнуліся. Я пакінула штат «Медузы» — мне яшчэ вельмі далёка да камандзіровак. Цяпер я магу працаваць тры гадзіны на дзень. Гэты час павялічваецца, але павольна. Бываюць дні, калі я не магу рабіць нічога. Тады я ляжу і спрабую сябе не ненавідзець. […]

Праз некалькі тыдняў выйдзе мая кніга, у якой я распавядаю, як Расія прыходзіла да фашызму. Кніга выйдзе на некалькіх мовах. Паліцыянты лічаць, што выхад кнігі можа стаць трыгерам. Што людзі, якія спрабавалі мяне забіць ва Украіне і, магчыма, спрабавалі зрабіць гэта ў Нямеччыне, паспрабуюць зноў.

Я хачу жыць. Таму я пішу гэты тэкст. Яшчэ я хачу, каб мае калегі, мае сябры, актывісты і палітычныя ўцекачы, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, былі асцярожныя. Былі больш асцярожныя за мяне. Мы не ў бяспецы і не будзем у бяспецы, пакуль у Расіі не зменіцца палітычны рэжым. Наша праца набліжае яго канец, ён абараняе сябе.

Калі вам раптам стала дрэнна — калі ласка, не адкідайце версію атручвання, скажыце пра яе лекарам. Змагайцеся за сябе. Калі гэта ўжо здарылася з вамі, калі ласка, звяжыцеся з даследчыкамі The Insider або Bellingcat. Яны шукаюць тых, хто спрабуе нас забіць».

Чытайце таксама:

«Калі я папярэджваў Захад пра Пуціна, мяне ігнаравалі як неўраўнаважанага псіха» — Саакашвілі напісаў ліст у The Times

«Глупства або здрада, магчыма, і тое і другое». Як здалі Херсон

Расследаванне: супрацоўнікі ФСБ, якія атруцілі Навальнага, датычныя да двух атручванняў расійскага журналіста

Nashaniva.com