«Было адчуванне, што пасля бунту ён дрэнна скончыць». Блізкія да Крамля крыніцы — пра магчымую гібель Прыгожына 

Выданне «Медуза» даведалася, што пра магчымую гібель кіраўніка ПВК «Вагнер» гавораць яе крыніцы, блізкія да Крамля.

23.08.2023 / 23:31

Яўген Прыгожын. Фота: Wagner / Anadolu Agency via Getty Images

Адна з крыніц «Медузы», блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта РФ, прызналася, што само крушэнне самалёта Яўгена Прыгожына «не вельмі здзівіла»: «Было адчуванне, што пасля бунту ён дрэнна скончыць, такога [ў Крамлі] не даруюць».

Паводле ацэнкі крыніцы, пасля спробы бунту Уладзімір Пуцін «зрабіў высновы» і перастаў лічыць Прыгожына «надзейным і кіраваным чалавекам».

«Па ўсёй логіцы сілавы рэсурс у руках ненадзейнага чалавека не павінен быць. Ні ў Расіі, ні за яе межамі, але пад яе эгідай», — падкрэсліла крыніца.

Суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва Маскоўскай вобласці, у сваю чаргу, распавёў, што незадоўга да крушэння, днём 23 жніўня, Прыгожын нібыта сустракаўся з прадстаўнікамі адміністрацыі Падмаскоўя і мэрыі Масквы «наконт пытанняў харчавання [ў бюджэтных установах]». Кампаніі, звязаныя са стваральнікам ПВК «Вагнер», шмат гадоў пастаўляюць ежу ў розныя бюджэтныя ўстановы па дзяржкантрактах.

Дзве крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля, адзначылі, што іх здзіўляе той факт, што Прыгожын нават пасля бунту працягваў гэты бізнэс у Расіі — і «не зрабіў высноў». «У яго шмат чаго ёсць у Афрыцы, ён сам вядзе бізнэс з кіраўніцтвам афрыканскіх дзяржаў. Яму пакуль у гэтым не перашкаджаў ніхто, ніхто не выцясняў.

Навошта яму кантракты на школьнае харчаванне тут, яшчэ і з такой рызыкай? Ён жа не дурань, усё разумеў быццам бы», — дадаў адзін з суразмоўцаў «Медузы».

Паводле яго ацэнкі, такімі дзеяннямі Прыгожын паказваў, што не выконвае «палітэсу» і практычна адкрыта працягвае працаваць у Расіі, хоць пасля бунту вышэйшае кіраўніцтва краіны заяўляла, што ён «адыдзе ў Беларусь».

Прама казаць пра тое, хто менавіта мог быць зацікаўлены ў магчымым забойстве Прыгожына, суразмоўцы адмовіліся.

Раней (яшчэ да спробы бунту) крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля, не выключалі, што актыўнасць стваральніка ПВК «спыняць сілавікі». Цяпер суразмоўцы, блізкія да АП, упэўненыя, што нават калі гібель Прыгожына пацвердзіцца, то на ўнутрыпалітычнай сітуацыі яна сур'ёзна не адаб'ецца.

«На радарах [сацыялагічных службаў] яго ўжо няма фактычна. Быў героем моманту», — адзначыў адзін з іх.

Сапраўды, паводле звестак апытанняў «Левада-цэнтра», Прыгожын ужо выпаў з дзясяткі палітыкаў, пра давер да якіх заяўлялі расіяне.

Зрэшты, адна з крыніц абмовілася, што ў «арміі і розных атрадах на фронце» сітуацыя з падтрымкай Прыгожына (і рэакцыяй на яго гіпатэтычную смерць) можа быць іншай.

Зрэшты, суразмоўцы, блізкія да Крамля, не выключылі, што Прыгожын мог застацца жывы: «Ён — трыкстар, троль. У яго ёсць інфарматары ў розных структурах, таму трэба чакаць».

Пры гэтым яны падкрэслілі, што калі гібель пацвердзіцца, то ў ёй, хутчэй за ўсё, абвінавацяць украінскія спецслужбы (Крэмль ужо неаднаразова рабіў гэты манеўр): «Вядома, украінцы хацелі да яго дабрацца, калі дроны далятаюць да Крамля і Сіці — то чаму да Прыгожына дабрацца не маглі».

Чытайце таксама:

Раней Прыгожын ужо «паміраў» у авіякатастрофе. Тлумачым

«Па Прыгожыне ў Беларусі не будуць сумаваць. Ён быў забойцам, і яго трэба памятаць як такога» — Ціханоўская

Расавіяцыя апублікавала поўны спіс пасажыраў «Эмбраера» і пацвердзіла гібель Прыгожына і Уткіна

«Пачынаецца «смутны час» са шматлікімі смярцямі». Падаляк пракаментаваў меркаваную смерць Прыгожына

«Усё нармальна, ляцім на гастролі ў Мінск». Навіна аб смерці Прыгожына ўзарвала байнэт і не толькі

Сярод пасажыраў самалёта, які разбіўся ў Цвярской вобласці, значыцца і Яўген Прыгожын — Расавіяцыя

У Цвярской вобласці Расіі ўпаў бізнэс-джэт «Эмбраер», усе загінулі. Ён належыць Прыгожыну

Nashaniva.com