«Хацелася б вярнуцца да Валожыншчыны». Лявон Вольскі расказаў пра свой новы альбом і жыццё ў эміграцыі

Лявон Вольскі анансаваў новы музычны праект «Эмігранты» — пра беларусаў, якія вымушаныя вандраваць па свеце, але спадзяюцца на вяртанне дадому. «Медыязона» паразмаўляла з Вольскім пра радзіму, даўнюю ўнутраную эміграцыю і чорныя спісы музыкаў, якія спускаюць у беларускія кавярні.

24.08.2023 / 22:12

Фота: Дар'я Каляда

Рэліз праекта «Эмігранты» запланаваны на 14 верасня. З яго нагоды пройдзе тур па Польшчы. Ён пачнецца канцэртам у Варшаве 19 кастрычніка.

«Ад суму па радзіме да гатоўнасці ісці ў бой». Новы альбом

Мы досыць працяглы час знаходзімся за мяжой, і гэты досвед трэба было выліць у нейкую творчую працу. Мы зрабілі на адным подыху гэты альбом «Эмігранты» — супольны музычны праект, як «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут», «Святы вечар».

Спектр пачуццяў у альбоме досыць шырокі, у ім 21 песня. Ад суму па радзіме да гатоўнасці ісці ў бой. У розны час наведваюць розныя думкі і розныя пачуцці. То нахлынае настальгічная хваля, то наадварот, што змагацца трэба. Усе вымушаныя прымаць новую рэчаіснасць, легалізоўвацца, ісці ў нейкія дзяржаўныя інстытуцыі, каб зрабіць правы, напрыклад, ці дакументы нейкія.

«Гэта не дапаможа, калі ты будзеш падманваць сябе і казаць, што гэта часова». Эміграцыя

Пазітыўных момантаў у эміграцыі вельмі шмат. Калі ты знаходзішся за мяжой Беларусі, у Еўрапейскім саюзе, напрыклад, дык для цябе ўвесь гэты свет проста адкрыты, мапа вандровак пашырылася сур’ёзна. Па ўсёй Еўропе цябе могуць запрасіць: праз дзве гадзіны ты будзеш у Парыжы ці праз гадзіну будзеш у Капенгагене. Таму з гэтым значна прасцей.

Ну і яшчэ плюс тое, што няма гэтага прэсінгу. Таму што ўвесь час у Беларусі, нават у найлепшыя, у самыя дэмакратычныя часы адчуваўся прэсінг. Разліты ў паветры непрыемны, гаркавы водар несвабоды. І тое, што за табой сочыць Вялікі брат, — заўсёды гэта адчувалася.

Нам таксама спачатку здавалася, што эміграцыя — гэта часова. Максімум некалькі месяцаў. Гэта не пра «жыць поўным жыццём». Насамрэч, праз пэўны час, праз год існавання за мяжой, трэба даць сабе справаздачу, што ты знаходзішся ў вымушанай эміграцыі. Можна называць гэта як хочаш — камандзіроўкай, зацягнутымі гастролямі, шматгадовым канцэртным турам. Але ўсё ж такі гэта жыццё ў іншай краіне. Тым болей калі ты не можаш вярнуцца.

Таму варта ўсё ж такі жыць поўным жыццём і за мяжою. Варта акунацца ў гэты кантэкст, які ёсць, замежны. Гэта не дапаможа, калі ты будзеш падманваць сябе і казаць, што гэта часова. Пра гэта, дарэчы, таксама ёсць песня.

«Трэба разумець, што мы адно цэлае». Пра тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся

Тым, хто знаходзіцца з гэтага боку мяжы, не трэба ставіцца да тых, хто там застаўся, як да людзей другога гатунку. Што, маўляў, вы там корміце дыктатуру, плаціце падаткі. А тым, хто там знаходзіцца, не трэба [думаць]: «А вы ўцяклі, у вас усё нармальна. А мы тут гераічна знаходзімся і ў думках змагаемся з рэжымам». Трэба разумець, што мы адно цэлае. Не трэба гэты вечны халівар разводзіць, трэба сябе стрымліваць.

Тут іншая рэчаіснасць, іншыя нават не інтарэсы, а рэчы, якія ад цябе вымагае жыццё. Легалізацыя, замена дакументаў, вывучэнне іншай мовы, пагружэнне ў іншы культурны і жыццёвы кантэкст.

Тое самае ў тых, хто застаўся. Людзям, якія засталіся, так ці інакш трэба прыстасоўвацца да рэчаіснасці. І гэта досыць непрыемны працэс. Ты мусіш хлусіць — прынамсі, не сабе, а тым, хто цябе бярэ на працу, напрыклад. Альбо нейкім органам, якія правяраюць.

Гэта, безумоўна, раз’ядноўвае. Але я не бачу таго, каб праз паўгода, праз год, калі нешта зменіцца кардынальна, каб дзве паловы гэтага яблыка не аб’ядналіся.

«Па Камароўцы прайсціся і паслухаць, пра што бабкі гавораць». Беларусь

У нас у Беларусі засталіся блізкія людзі, сябры. Рэгулярна кантактуем, кожны дзень практычна. Можа быць, ім небяспечна, але ёсць жа такія рэсурсы, праз якія можна, якія пакуль не адсочваюцца. Трымаем руку на пульсе.

Лявон Вольскі на акцыі памяці мастака Алеся Пушкіна каля беларускай амбасады ў Варшаве. Фота: асабістая старонка ў Facebook

Тое, што немагчыма прыехаць, пабачыць родных людзей і некаторыя месцы, да якіх ты сапраўды маеш сантымент, — гэта найвялікшы мінус эміграцыі. У мяне найбольшы сантымент да Валожыншчыны, да тамтэйшых пагоркаў, лясоў. Вось туды, безумоўна, хацелася б вярнуцца.

Скажу шчыра, што я апошнія гадоў 20 дык і не жыў у Беларусі зусім. Каб хадзіць у нейкія ўрадавыя… Толькі вымушана, калі трэба даведку браць, і ўспрымалася як паход у акупацыйную інстытуцыю. Мне няцяжка было пераскокваць у гэтую сітуацыю, таму што я даўно жыў ва ўнутранай эміграцыі. Я ад пачатку не ўспрымаў узнікненне гэтай улады як легітымнай.

Па Камароўцы, ясна, можна прайсціся і паслухаць, пра што бабкі гутараць. Але, калі будзе працягвацца такая сітуацыя, яны пра адное і тое ж будуць казаць і год, і два, і тры. І нічога не мяняецца ў гэтым сэнсе. Як толькі зменіцца сітуацыя, бабкі загавораць пра іншае.

«Оруэл нервова курыць пасля такіх рэчаў». Рэпрэсіі супраць музыкаў

Я ведаю, што ў караоке забаронена спяваць «Тры чарапахі». Смешна, але ёсць адмысловыя людзі, якія гэтым займаюцца, якія сядзяць на пасадзе ў сваіх фатэлях са сваімі партфелямі. І цёці з прычоскай тыпу «гняздо» адсочваюць, каб у караоке не спявалі «Тры чарапахі» ці «Простыя словы», альбо якую-небудзь песню «Океан Ельзи» па-ўкраінску. Гэта абсалютна недапушчальна.

Гэта дзіч, што адбылося з Irdorath ці Tor Band. Проста ні за што. Але ў нас, здаецца, тысячы людзей ні за што знаходзяцца за кратамі. Таму тут няма чаму здзіўляцца, калі людзей за песні закінулі ў гэтыя месцы. Для мяне гэта дзікавата.

Гэта твар улады. Вельмі шмат людзей доўгія-доўгія гады закрывалі вочы. Як толькі пачынаеш казаць у песнях ці проста так у размове, людзі адразу захілялі твар далонямі і казалі: «Ой, не трэба пра гэта, я далёкі ад палітыкі чалавек. І спяваць пра гэта не трэба, таму што гэта не для спеваў тэма».

Ну а зараз можна спакойна прывесці такія прыклады, што людзі пісалі песні і за гэта атрымалі. А некаторыя дык наогул праспявалі ўкраінскую песню і за гэта таксама атрымалі спачатку суткі, а потым хатнюю хімію. Гэта дзіч найпаўнейшая.

Альбо тое, што ёсць чорныя спісы ўдзельнікаў кавер-бэндаў. І калі гэтыя ўдзельнікі кавер-бэндаў засвяціліся ў нейкай пратэснай… Напрыклад, бубнач граў ці то ў мяне, ці то ва Уладзіміра Пугача ў гурце, ці гралі нейкія песні не тыя, то ў яго воўчы білет і яму нельга нідзе іграць. У кожнай рэстарацыі ёсць чорны спіс. І таму музыкі вымушаныя эміграваць, каб граць, напрыклад, у кавер-бэндах тут. Большую дзіч цяжка сабе ўявіць. Гавораць пра Оруэла, але ён нервова курыць пасля такіх рэчаў.

Для мяне таксама было дзіка ў 2004-м, калі нас уключылі ўсіх у чорны спіс і нельга было нідзе ў афіцыйных месцах граць.

«Калгас выключыць раз і назаўсёды». Вяртанне

Перш за ўсё трэба ўкладацца ў новую краіну, перабудову гэтай краіны. У тое, каб не ўпусціць гэтай мажлівасці, каб ізноў не захапіў гэта крэсла чарговы крэпкі хазяйственнік. Якога потым будзе не сагнаць ніякімі метадамі з гэтага крэсла, які будзе чапляцца ўсімі магчымымі пальцамі і пазногцямі за ўсё, каб застацца там. Гэта мусіць быць выключана абсалютна.

Трэба ўсім не цурацца, нават творчым людзям, укладацца ва ўсё, каб гэта не паўтарылася. Каб была нармальная, еўрапейская, дэмакратычная краіна з арыентацыяй на Еўрапейскі саюз, на нармальныя каштоўнасці, а аграрамантыка была выключаная ўся. Карацей, каб гэты калгас выключыць раз і назаўсёды.

Трэба ўключацца ў пабудову новай краіны, а там паглядзім. Я гатовы ўвайсці ў камісію па культуры, напрыклад.

Хачу толькі яшчэ раз сказаць, што ўсё будзе вельмі добра і хутка мы ўсе пабачымся.

Чытайце таксама:

«Катаванні, праз якія прайшлі людзі, нечаму служаць». Кшыштаф Занусі разважае пра беларускі 2020 год і мастацтва ў часы рэпрэсій

Марыла пра Беларусь у складзе Расіі, а стала «нацыяналісткай». Беларуская блогерка ў эміграцыі распавяла, як так сталася

«Вырубала, што пра Беларусь кажуць як пра калыску Савецкага Саюза». Вялікая гутарка з фатографкай Каралінай Паляковай, стваральніцай вядомага мерчу

Nashaniva.com