«А я зусім блізка ад Беларусі»
Калі ў пэўную нядзельную раніцу я адчуў, што маю ў сабе сілы, а да цягніка Беласток — Сувалкі застаецца дзве гадзіны — мяне ўжо ніхто і нішто не магло спыніць, піша эмігрант новай хвалі з Беластока Ян Рамэйка.
28.08.2023 / 20:01
Поле, на якім цюкі зжатай саломы. Усё такое знаёмае і роднае. Фота: «Наша Ніва»
Я люблю падарожнічаць. Па маім жыцці гэтага не скажаш. Я ніколі не лётаў самалётам. З Падляскага ваяводства я апошні раз выязджаў летась у лістападзе. Праз фатальна дрэнны стан здароўя я не маю сіл і хутка стамляюся, і таму далёкія паездкі для мяне невыносна цяжкія.
Зрэдчас мне ўдаецца выбрацца кудысьці недалёка. І калі ў пэўную нядзельную раніцу я адчуў, што маю ў сабе сілы, а да цягніка Беласток — Сувалкі застаецца дзве гадзіны — мяне ўжо ніхто і нішто не магло спыніць.
Надвор'е ў гэтую раніцу было пахмурнае, але цёплае. Люблю такое надвор'е. Нешта блізкае для мяне ёсць у шэрым небе. Зрэшты, неба над Беларуссю большую частку года шэрае. А я зусім блізка ад Беларусі.
Вуліцы Беластока ў нядзельную раніцу пустыя. Людзі адпачываюць, ідуць у касцёлы. Калі пажыў амаль два гады ў Польшчы — ужо ўспамінаю як нешта ненармальнае, што ў нядзелю ў Беларусі паадчыняныя і крамы, і цырульні, і банкі. Бо Бог даў нядзелю чалавеку, каб адпачываць — і тыя ўсе прадаўцы, цырульніцы, касіры маюць права правесці нядзелю з сям'ёй.
Заходжу на аўтавакзал, купляю свежы нумар Tygodnika Powszechnego. Адзін мой знаёмы, паляк, лічыць Tygodnik за найлепшы з польскіх часопісаў. Пачытаўшы пару нумароў, мушу пагадзіцца: не памятаю, каб калі чытаў столькі якасна напісаных тэкстаў пад адной вокладкай. А сёння на вокладцы — партрэт Мікалая Грынберга, польскага журналіста, які напісаў кнігу пра крызіс на мяжы.
Уласна, да мяжы я і кіруюся. Цягнік пераязджае мост цераз раку Супрасль у Васількове, робіць кароткі прыпынак на размешчаным пасярод лесу раз'ездзе з таямнічай назвай Чорны Блок. З вагона выходзіць чалавек з пластыкавым вядром, сцізорыкам і сабакам на павадку — ясна, што па грыбы. Пасярод хмар праступае сонца. Яно асвятляе скошаны луг і поле, на якім цюкі зжатай саломы. Старая чорная карова, навязаная на ланцугу, прылегла на лажку, глядзіць у бок сонца, і ў бок сялянскай хаты, аточанай прысадамі яблынь.
Чыгунка вядзе на Гродна, але туды цягнікі не ходзяць. Зрэшты, калі б цягнікі і хадзілі — сотні, калі не тысячы гарадзенцаў у цяперашняй сітуацыі не змаглі б паехаць у родны горад. За Саколкай цягнік накіроўваецца на лінію, што вядзе ў Сувалкі. У той самы Сувалскі калідор, над бяспекай якога ламаюць галаву многія вайскоўцы і палітыкі краін НАТА.
Лінія, па якой ідзе наш цягнік, — аднакалейная і са шматлікімі паваротамі — адзіная чыгуначная сувязь паміж краінамі Балтыі і большай часткай Еўропы. Цягнік ідзе павольна, прыцішае ход перад пераездамі без сігналізацыі, павольна праязджае мост, на якім нешта рамантуюць.
Сонца асвятляе лясы. У нейкі момант відаць далёкія прасторы колішняй Гарадзенскай пушчы, уладання польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх. Цяпер праз тыя лясы праходзіць жалезны плот, а ў іх гушчыні адбываецца драма людзей з розных краін свету, якія хацелі перабрацца жыць у Еўропу — а сталіся снарадамі цынічнай «гібрыднай вайны».
Цягнік спыняецца на прыпынку Ружанысток, каля пераезда паміж пагоркаў і раскіданых па полі сялянскіх хутароў. Навюткі перон, збудаваны ў межах чарговай праграмы паляпшэння інфраструктуры. Са мной з цягніка выходзяць дзве жанчыны — старэйшая і малодшая. Малодшая вязе дзяўчынку ў калясцы. Тры пакаленні адной сям'і.
— У які бок ісці да касцёла ў Ружаныстоку? — пытаюцца ў мяне.
— Здаецца, у той.
— Здаецца?
— Ну, я глядзеў на мапе…
Касцёл у Ружаныстоку паказваецца з-за дрэваў адразу, калі трохі адысці ад прыпынку. Фота: «Наша Ніва»
Але касцёл паказваецца з-за дрэваў адразу, калі трохі адысці ад прыпынку. Барочная базіліка дамінуе над усім, што навокал, у нейкі момант яна здаецца аж занадта вялікай для гэтай мясцовасці.
Даведнікі пішуць, што касцёл у Ружаныстоку быў збудаваны ў 1759—1785 гадах на ўзор езуіцкага касцёла ў Гродне. А стагоддзем раней гэтае месца называлася Крывы Сток, і валодалі ім Тышкевічы. У 1652 годзе ў гарадзенскага мастака яны замовілі абраз Багародзіцы з Дзіцём, і вакол гэтага абраза сталі адбывацца цуды. Гэта ўсё было ў неспакойны перыяд «Патопу», калі Рэч Паспалітая адбівалася адначасова ад расейцаў і шведаў. Тышкевіч узяў цудадзейны абраз, калі ішоў у ваенны паход, а вярнуўшыся — у 1663 годзе запрасіў з Сейнаў дамініканцаў і заснаваў кляштар.
Касцёл у маленькім Ружаныстоку быў збудаваны ў 1759—1785 гадах на ўзор езуіцкага касцёла ў каралеўскім Гродне. Фота: «Наша Ніва»
У 1866 годзе расійскія ўлады зачынілі касцёл і аддалі кляштар праваслаўным манашкам. Ім жа дастаўся абраз Багародзіцы, і яны яго звезлі ўглыб Расіі, калі ў 1915 годзе ўцякалі перад наступленнем немцаў. У час рэвалюцыі абраз і знік без вестак.
У 1918 годзе каталікі вярнулі касцёл сабе. Копію абраза замовілі ў 1929 годзе і, перш чым прывезці ў Ружанысток, звазілі абраз у Рым, каб яго асвяціў Папа. Ружанысток працягнуў сваю славу як марыйнага санктуарыя, куды дабіраюцца пілігрымы.
Імша на 10:30 служыцца пры алтары, дзе абраз Багародзіцы. У пачатку набажэнства святар доўга зачытвае інтэнцыі — хіба з дзве сотні людскіх просьбаў: пра здароўе, працу, на вяртанне, пра сканчэнне вайны ва Украіне і «непарушнасць нашай усходняй мяжы». Касцёл хоць і вялікі, а няма дзе сесці — шмат вернікаў прыйшло і прыехала на імшу.
Касцёл хоць і вялікі, а няма дзе сесці. Палякі застаюцца рэлігійнай нацыяй. Фота: «Наша Ніва»
Казанне кароткае, але ёсць у прамове святара рэчы, якія змушаюць задумацца. Не буду тут цытаваць ці прыводзіць сваіх думак, бо не ўсе рэфлексіі пра жыццё і пра адносіны чалавека і Бога надаюцца да таго, каб імі дзяліцца.
Прымаю Камунію. Пасля імшы яшчэ раз падыходжу да галоўнага алтара — святар благаслаўляе людзей, кладучы рукі ім на галовы.
Коратка аглядаю тэрыторыю вакол касцёла. Стаіць там побач будынак царквы ў расійскім стылі, якую пабудавалі праваслаўныя манашкі (нашто царква побач з царквой — гэта пытанне без рацыянальнага адказу). Для наведвальнікаў адчыненая частка касцельных сутарэнняў. Там невялікі музейчык: стэнды з храналогіяй гісторыі святыні, старыя касцельныя рэчы, прадметы сялянскага побыту.
Каплічка пры агароджы касцёла ў Ружаныстоку. Фота: «Наша Ніва»
«Гугл Мапс» паказвае, што ад Ружаныстока да мяжы з Беларуссю — трынаццаць кіламетраў. Да цэнтра Гродна — дваццаць восем. А я мушу вяртацца ў Беласток.
Чытайце таксама:
«Уражанне трохі сумнае, але і праз яго праглядаецца ціхая надзея»
«Мне дарога на Вільню цяпер адчыненая, але я — сумую па Глыбокім»