Меркаванні66

35 кіламетраў — і іншы свет 

У нядзелю зрабіў тое, што даўно хацеў: пайсці на прыпынак і сесці ў першы аўтобус, які пад'едзе. Калі я апынуўся на скрыжаванні Пілсудскага і Касцельнай, першы аўтобус быў у Гарадок праз Міхалова, піша эмігрант новай хвалі з Беластока Ян Рамэйка.

Шыльда карчмы з беларускай кухняй у вёсцы Крушыняны на Падляшшы. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Насельніцтва Міхалова — тры тысячы, але яно мае статус горада. Аўтобус аб'ехаў кругом простакутнага сквера, вакол якога шчыльна стаяць будынкі. Шыльда паведамляе, што сквер называецца «Парк 4 чэрвеня 1989 года». Гэта дата выбараў, якія знішчылі ў Польшчы ўладу камуністаў. Паміж дрэваў б'юць фантаны.

Побач з прыпынкам — банеры са старымі здымкамі: «Міхалова перад 1939 годам». «Вось дзеля гэтай мэты і трэба збіраць старыя здымкі Глыбокага», — падумаў я. Гістарычныя дакументы збіраюцца не за месяц і не за год. Трэба займацца сёння, каб у той шчаслівы дзень было што дастаць з шуфлядаў і раздрукаваць на банерах.

У Гарадку насельніцтва яшчэ меншае — дзве з паловай тысячы. Як у Крулеўшчыне, што за 15 кіламетраў ад Глыбокага. На плоце гімназіі, каля якой спыніўся аўтобус, таксама раздрукаваныя старыя здымкі, праўда, ужо паваеннага часу. Гэта мясцовыя актывісты ўратавалі архіў негатываў мясцовага фатографа, і так адкрылі яго для людзей.

Гімназія названая ў гонар роду Хадкевічаў, гэта вялікімі літарамі напісана на фасадзе. У канцы XV стагоддзя Аляксандр Хадкевіч збудаваў тут, над ракою Супраслю, замак і царкву, і запрасіў у 1498 годзе праваслаўных манахаў. Але тыя захацелі жыць у цішыні і ў 1510 годзе папрасіліся пасяліцца ў пустцы, за тры дзясяткі кіламетраў на захад. Там у выніку паўстаў кляштар і горад Супрасль.

Перад уваходам на замчышча на зямлі ляжыць стэнд з гістарычнай інфармацыяй. Стэнд на трох мовах — польскай, англійскай і беларускай. Яго часова прыбралі, бо робяць новую браму.

Ляжаць складзеныя моцныя драўляныя бэлькі. Праход на замчышча перагароджаны. Над Супраслю будуецца альтанка, таксама з тоўстых бэлек і дошак. Не шкадуюць дрэва — тым больш, што яго тут хапае: адны лясы вакол, якія злучаюцца з Белавежскай пушчай і пераходзяць на беларускі бок. Ці, можа, трэба іначай сказаць — мяжа прайшла і падзяліла гэты лясны рэгіён на дзве часткі?

У мястэчку палова хат — драўляныя. Некаторыя рамантуюцца і аббіваюцца акуратнай шалёўкай. Акуратныя агароджы са штыкетніка. Аж прыемна паглядзець. Вока цешыцца, а душа плача, бо згадваю, як сапсавалі сайдынгам і бетоннымі платамі беларускія мястэчкі.

Касцёл у Гарадку з'явіўся толькі ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Большасць жыхароў мястэчка складалі іўдзеі і праваслаўныя, а каталікоў па стане на 1921 год было ўсяго 45 чалавек. На трохмоўным стэндзе з гісторыяй святыні я знаходжу знаёмае прозвішча. Ксёндз Тадэвуш Шадбэй у 1933 годзе ўзначаліў камітэт будаўніцтва касцёла ў Гарадку. А перад тым, у 1931 годзе, ён скончыў будаваць касцёл у Крулеўшчыне. У міжваенны час гэта была адна, Віленская, архідыяцэзія.

Касцёл у Гарадку, як і касцёл у Крулеўшчыне, мае тытул Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Касцёл у Гарадку — мураваны, але невялікі, у стылі польскага мадэрнізму, унесены ў спіс помнікаў архітэктуры. Ад касцёла ў Крулеўшчыне засталіся толькі масіўныя каменныя падмуркі, на якіх мясцовыя католікі паставілі сціплы жалезны крыж. Стэнда, на якім можна было б прачытаць імя будаўніка касцёла, у Крулеўшчыне няма.

На перапісе 1921 года амаль усе праваслаўныя жыхары Гарадка запісаліся беларусамі. Нават беларускае культурнае жыццё ў мястэчку было — дзейнічала Таварыства беларускай школы (нядаўна забароненае ў Рэспубліцы Беларусь), была бібліятэка, ставіліся спектаклі. Але выглядае, што сваю мову яны ўсё адно лічылі за другарадную. Прынамсі, на праваслаўных могілках усе помнікі, якія трапіліся мне на вочы, былі падпісаныя або па-расейску, або па-польску. На могілках — сціплая драўляная цэркаўка, 1862 года пабудовы. Адрамантаваная, абабітая дошкамі. Калі б такая святыня была ў Беларусі, яе абшылі б сайдынгам, пабольшалі б да ненатуральных памераў купал — і ганарыліся б, як «красіва».

Прыхадскую царкву Нараджэння Прасвятой Багародзіцы знішчыў пажар у самы разгар нямецкай акупацыі, 14 кастрычніка 1943 года. Пасля вайны камуністычныя ўлады не перашкодзілі збудаваць новую святыню — яна дамінуе вонкава над мястэчкам і без слоў сведчыць, якая канфесія дамінуе тут колькасна. Тут ганарацца тым, што настаяцелем царквы быў айцец Васіль Дарашкевіч, пазнейшы Мітрапаліт Беластоцкі і Гданьскі. Яго іменем названая адна з вуліц у Гарадку.

Цікавостку заўважаю побач з царквой. Там ляжаць, прымацаваныя ланцугамі, старыя званы. Самы вялікі прысвечаны памяці імператара-«миротворъца» Аляксандра ІІІ. На звоне бачны і барэльеф-партрэт расейскага цара. На меншым звоне — надпіс, што ён быў ахвяраваны на знак падзякі Богу за ўратаванне Аляксандра ІІ падчас замаху на ягонае жыццё 4 красавіка 1866 года.

Супраць цара Аляксандра ІІ быў паўстаўшы Кастусь Каліноўскі, які нарадзіўся ў Мастаўлянах у Гарадоцкай гміне. Міжволі прыгадваюцца дыскусіі сярод беларускіх дзеячаў на Падляшшы: ці лічаць тутэйшыя жыхары Каліноўскага сваім героем ці не? Бо для праваслаўных ён мусіць здавацца чужым, бо католік. А, з такога пункту гледжання, імператар Аляксандр ІІ, мусіць здавацца сваім, бо і праваслаўны, і адмяніў у імперыі прыніжальнае для сялянаў прыгоннае права.

Выглядае, што тут на памежжы, у месцы сутыкнення розных дзяржаў, народаў і канфесій, ёсць шмат цьмянага і недагаворанага. Зрэшты, я прыехаў сюды каб паглядзець, а не разблытваць складаныя клубкі лакальнай ідэнтычнасці.

Заўважыў, што ўсе мясцовыя людзі, чыю гаворку я чуў і з кім размаўляў, гаварылі па-польску. Нейкі час таму ў Гайнаўцы я быў сведкам таго, як мясцовыя жанчыны старэйшага веку на прыпынку гутарылі між сабой па-беларуску. Ці ў Гарадку беларуская мова выйшла з ужытку, ці проста я яе за свой кароткі візіт не пачуў — не ведаю, не буду рабіць высновы.

З Гарадка вяртаюся аўтобусам праз Случанку і Залукі. «Многа людзей едзе сёння PKS-ам», — звяртаецца да сваёй спадарожніцы мужчына гадоў шасцідзесяці, які сеў на адным з вясковых прыпынкаў.

А гэта беларуская эмігранцкая моладзь вярталася з фестывалю «Tutaka».

Вечарам у стужцы фэйсбука мне трапляюцца вандроўныя фотаздымкі адной маёй беларускай сяброўкі. Яна ў гэты дзень была ў Адэльску. Google Maps паказвае, што гэта ўсяго 35 кіламетраў, праз лес і жалезную сцяну, ад Гарадка.

Каментары6

  • Боязіт
    02.08.2023
    От ужо гэты Рамэйка, ні то ён глыбачанін, ні то крулеўскі малец. А можа ўвогуле параф'янаўскі ці докшыцкі?
  • Беларус
    02.08.2023
    Дзякуй за аповед. Узгадваецца старая Нашая Ніва. Вельмі цёпла на сэрцы.
  • SHOS
    03.08.2023
    Ёсік, маленькая поправка. От 1941 года

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Усе навіны →
Усе навіны

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

У цэнтры Мінска з'явілася кафэ ў афрыканскім стылі. Каб яго адкрыць, уласніца прадала кватэру4

Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску77

У спа-зоне аквапарка «Лебядзіны» здарыўся пажар

Ва Узбекістане затрымалі вядомага расійскага журналіста Аляксея Піваварава і яго здымачную групу8

Пуцін зацвердзіў рэкордныя ваенныя расходы на 2025 год2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →