«Кунілінгус у кожную хату». Феміністка запусціла брэнд адзення пра сілу беларускіх жанчын

Уладальніца Karí Malí расказала пра ідэю стварэння маркі і рэакцыю грамадства на пікантныя фразы.

30.08.2023 / 20:07

Да запуску уласнага брэнду Karí Malí Карына Маліноўская займалася грамадзянскім актывізмам: дзяўчына вядзе праект пра любоў да свайго цела «Бачыць сябе», інстаграм-канал пра беларускіх жанчын «Гэта беларуска» і падтрымліваючую ініцыятыву «Як ты, Фрыда?». Таму ідэя стварыць менавіта жаночую марку ляжала на паверхні:

«Перыядычна я падбадзёрваю сябе пацешнымі фразамі і ў нейкі момант падумала, што нядрэнна было б перанесці гэтыя выказванні на адзенне — і такім чынам падтрымліваць не толькі сябе, але і іншых жанчын»

Фота: інстаграм брэнда

Карына знайшла майстэрак і пачала ствараць майкі і худзі. Неўзабаве брэнд выйшаў за рамкі выключна адзення: так з'явіліся дыван у форме вульвы і керамічныя кубкі са смешнымі і матывацыйнымі надпісамі.

Фота: інстаграм брэнда

Як сцвярджае ўладальніца маркі, грамадскасць не бянтэжаць пікантныя ўзоры і выразы, зробленыя на рэчах. Наадварот, людзі з задавальненнем купляюць тавар і ўсяляк падтрымліваюць пачынанне прадпрымальніцы. За час існавання Karí Malí быў толькі адзін непрыемны каментар, але ён ніколькі не пакрыўдзіў каманду і не паўплываў на жаданне Карыны ствараць.

Фота: інстаграм брэнда

Рэчы Карына распрацоўвае як самастойна, так і пры дапамозе іншых дызайнерак. Дзяўчына адзначае, што ёй важна ствараць працоўныя месцы менавіта для жанчын і рабіць прадукт, які будзе рэзаніраваць з парадкам дня. Напрыклад, фразай «Няма большай моцы, чым жанчына ў свеце патрыярхату» яна хоча звярнуць увагу на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сучасныя жанчыны пры пабудове кар'еры і ўласнага жыцця.

Фота: інстаграм брэнда

Пакуль брэнд толькі набірае папулярнасць, але Карына ўжо мае план яго развіцця. У хуткім часе з'явіцца калабарацыя з ювелірнай мастачкай, паводле якой будуць створаныя срэбраныя кулоны — таксама з надпісамі.

Чытайце таксама:

Рокер у карунках. Лявон Вольскі здзівіў фанатаў крэатыўным лукам

Топ касметычных прадуктаў made in Belarus, якія можна выкарыстоўваць у штодзённым макіяжы 

Марка адзення Conte размясціла рэкламу з актрысай Сашай Борціч, але неўзабаве выдаліла. Што здарылася?

«Дзяўчатам не заходзяць нашы фота». Як беларускія брэнды прадаюць кітайскія тавары пад выглядам уласнай вытворчасці

Кацярына Гардзеева