Рокер у карунках. Лявон Вольскі здзівіў фанатаў крэатыўным лукам
Разглядзелі новы вобраз спевака, які аб'яднаў адразу тры модныя трэнды.
Былы фронтмен гуртоў N.R.M. і «Крамбамбуля», а таксама лідар музычнага праекта «Эмігранты» парадаваў прыхільнікаў новым вобразам — на фота Вольскі паўстаў у шэрым пінжаку з карункавым аздабленнем. Разбіраемся, чаму гэты лук насамрэч круты.
Карункі па-беларуску
Першапачаткова карункі з'явіліся ў Італіі ў XV-XVI стагоддзях, адкуль распаўсюдзіліся па ўсёй Заходняй Еўропе. На землях сучаснай Беларусі ў той час яны вырабляліся ў манастырскіх майстэрнях з каштоўных і рэдкіх матэрыялаў — золата, срэбра і шоўку. Аднак ужо праз стагоддзе рамяство выйшла за межы манастыроў і ператварылася ў прыбытковы бізнэс.
Так, таленавіты фінансіст і аўтар маштабных эканамічных, аграрных і культурных рэформ, Антоній Тызенгаўз, у XVIII стагоддзі займаўся «імпартазамяшчэннем» прадметаў раскошы. У адным з прадмесцяў Гродна ён арганізаваў прамысловы «хаб», які складаўся ажно з 30 мануфактур. Там вырабляліся шаўковыя паясы, ювелірныя вырабы, дываны і таксама — карункі.
Прататыпам для гэтай вытворчасці служылі мадэлі з Нямеччыны і Францыі. Майстры Тызенгаўза выраблялі шырокую палітру ўзораў: на каклюшках яны плялі ромбы, квадраты, палосы, зігзагі і нават малюнкі птушак, жывёл і людзей. Праўда, тонкая праца рабілася «на вока» — без дакладных схем і апісанняў, што ў выніку прыводзіла да стварэння больш грубага ў параўнанні з заходнімі аналагам прадукту. Падобныя на такія карункі нашытыя на пінжаку спевака — атрымліваецца трэнд на этніку ў самай чыстай яго праяве.
Сёння шмат дызайнераў выкарыстоўваюць этніку ў распрацоўцы сваіх калекцый. Не выключэннем стаў і брэнд Zara: іх крэатыўная каманда натхняецца культурамі Афрыкі і Іспаніі.
Мужчыны таксама гэта носяць
Пасля доўгага перапынку ўпрыгожванне вярнулася ў мужчынскі гардэроб, праўда, з абсалютна новым падтэкстам. Калі ў Сярэднявеччы ў мужчынскім гарнітуры карункі выконвалі дзве простыя задачы: візуальна аблягчалі тканіну і транслявалі заможнасць уладальніка, — то сёння яны заклікаюць да барацьбы з маскуліннасцю і культурай мачызму.
Трэнд на «жаночыя элементы» прапануе «моцнаму полу» не адмаўляцца ад прыгожых рэчаў і паказвае, што мужнасць заключаецца не ў звыклым аднастайным адзенні, а ў самаадчуванні і пэўных ўчынках.
Адным з праваднікоў трэнда на мужчынскія карункі з'яўляецца модны дом Dolce & Gabbana. Відавочна, у хуткім часе за мастадонтамі моднага рынку рушаць і іншыя брэнды.
Кастамайзінг
Ашчадны падыход да гардэроба — новае правіла добрага тону. Таму не спяшайцеся выкідаць састарэлыя рэчы, а паспрабуйце іх кастамізаваць.
Тэрмін «кастамайзінг» паходзіць з англійскага customize — «наладзіць, індывідуалізаваць» — і абазначае працэс змянення знешняга выгляду рэчы праз невялікія пераробкі. Зараз з'яўляюцца нават асобныя брэнды, якія прадаюць такое перашытае адзенне. У залежнасці ад якасці і крутасці працы, кастамізаваная рэч можа каштаваць у некалькі, а то і ў дзясяткі разоў даражэй за арыгінал.
Бачна, што і пінжак Вольскага кастамізаваны. На шэрую аснову нашылі ўпрыгожванні — і адзенне пераўтварылася ў арт-аб'ект.
А ці падабаецца вам новы лук спевака?
Чытайце таксама:
«Рашэнне было абсалютна імпульсіўным». Лявон Вольскі расказаў, як разбіў на канцэрце гітару
Каментары