Валянціна Болбат выйшла з Віцебскага ІЧУ пасля 30 сутак арышту
Грамадскую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат міліцыянты забралі з дому адседжваць прысуджаныя ёй раней 30 сутак раніцай 31 ліпеня. Адбывала пакаранне жанчына ў Віцебскім ІЧУ, піша «Віцебская вясна».
02.09.2023 / 15:35
На Валянціну Болбат яшчэ 29 красавіка верхнядзвінскія міліцыянты склалі некалькі пратаколаў па артыкуле 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганду такой дзейнасці) і частцы 3 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Тады Верхнядзвінскі суд прысудзіў ёй 30 сутак арышту, міліцыянты адразу ў зале суда ўзялі яе пад варту. Але з жанчынай здарыўся гіпертанічны крыз і яе адвезлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні.
Валянціна аспрэчыла гэтую пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя абласнога суда Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна.
Але пасля справу грамадскай актывісткі перадалі ў Наваполацкі суд, і 19 чэрвеня ў будынку Полацкага суда Валянціну Болбат засудзілі зноў. Прысуд выносіла сумнавядомая суддзя Наваполацкага суда Зінаіда Балаболава, якая і прызначыла ёй 30 сутак арышту.
Валянціна Болбат абскарджвала і гэтую пастанову, але безвынікова.
Усяго грамадскую актывістку з Верхнядзвінска сёлета судзілі шэсць разоў паводле артыкулаў 19.11 КаАП і 24.23 КаАП.
Чытайце таксама:
У Гродне затрымалі грамадзяніна Туркменістана за «экстрэмізм»
Былога палітвязня Аляксея Сянькова, які выйшаў у красавіку на волю, затрымалі і зноў будуць судзіць
У Асіповічах затрымалі рэканструктара. Раней ён выступаў на «Лініі Сталіна»