У Мінску зноў ажывае будоўля былога «Газпрам-цэнтра»

Работы на будоўлі, якая вялася на месцы былога аўтавакзала «Маскоўскі», адноўленыя, заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ напярэдадні Дня горада, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

05.09.2023 / 22:17

Адзін з этапаў будаўніцтва «Газпрам-цэнтра» ў Мінску. Фота: афіцыйны сайт «Газпрам-цэнтра»

«Цяпер… пачалася раскансервацыя аб'екта. На працягу месяца яе плануюць завяршыць. А затым пачнуцца будаўніча-мантажныя работы», — расказаў Кухараў.

Цяпер, па словах кіраўніка Мінгарвыканкама, на аб'екце занята каля 50 чалавек.

Кухараў адзначыў, што пытанні, якія ўзнікалі раней і тычыліся грунтоў ды падмурка, вырашаліся разам са спецыялістамі з Санкт-Пецярбурга.

Першая інфармацыя пра тое, што «Газпрам» плануе пабудаваць у Мінску новы офіс, з'явілася больш за дзесяць гадоў таму — у 2012 годзе. Для будаўніцтва была абраная пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а ў 2014-м пайшоў пад знос аўтавакзал «Маскоўскі», які раней там знаходзіўся.

Будаўнічыя работы на месцы запланаванага «Газпрам-цэнтра» пачаліся ў 2015 годзе, але неўзабаве спыніліся. Пасля іх у 2019 годзе спрабавалі аднавіць, але ў лютым 2021-га ўсе работы зноў прыпынілі. Афіцыйная прычына — рознагалоссе паміж замоўцам і генеральным падрадчыкам.

1 чэрвеня 2023 года Лукашэнка падпісаў указ №162, якім ААТ «Газпрамтрансгаз Беларусь» было вызвалена ад выплаты пені за невыкананне тэрмінаў будаўніцтва «Газпрам-цэнтра». Новы дакумент дазволіў будаўніцтва на гэтым месцы бізнэс-апартаментаў, якія «будуць узводзіцца ў адпаведнасці з нормамі і правіламі для адміністрацыйных і жылых памяшканняў».

Чытайце таксама:

У шматпакутным «Газпрам-цэнтры» хочуць зрабіць бізнэс-апартаменты

Трагікамедыя на будоўлі «Газпрам-Цэнтра»: абсталяванне на $20 мільёнаў сапсавалася

«Газпрам» будзе прасіць Лукашэнку працягнуць будаўніцтва «Газпрам-цэнтра» да канца 2024. А здаць меліся сёлета

Nashaniva.com