Захад хоча выцягнуць Навальнага ў рамках абмену зняволенымі з Расіяй — The Wall Street Journal
Існуе магчымасць вызвалення Аляксея Навальнага і іншых вядомых расійскіх апазіцыянераў шляхам абмену зняволенымі паміж Захадам і Расіяй. Пра гэта 10 верасня паведаміла выданне The Wall Street Journal са спасылкай на афіцыйных асоб адразу з некалькіх заходніх краін.
10.09.2023 / 17:48
Аляксей Навальны. Фота: AP Photo / Alexander Zemlianichenko
Паводле выдання, для гэтага можа быць выкарыстаны наяўны канал, пры дапамозе якога Захад вяртае сваіх грамадзян, арыштаваных у Расіі, у абмен на выдачу Маскве затрыманых у сябе расійскіх шпіёнаў (нагадаем, што менавіта такім чынам летась ЗША абмянялі крамлёўскага гандляра зброяй Віктара Бута на амерыканскую баскетбалістку Брытні Грайнер).
«Такія зняволеныя дысідэнты, як Навальны, могуць быць уключаныя ў спіс абмену асуджанымі паміж Захадам і Расіяй. У гэтым спісе таксама ёсць затрыманыя ў Расіі ветэран амерыканскай марской пяхоты Пол Уілан і рэпарцёр The Wall Street Journal Эван Гершковіч.
У абмен Крэмль вельмі хоча вярнуць свайго тайнага агента і палітычнага забойцу — Вадзіма Красікава, асуджанага ў Германіі на пажыццёвае зняволенне за забойства чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі», — распавядае выданне The Wall Street Journal.
Агент расійскіх спецслужбаў Вадзім Красікаў (злева) у 2019 годзе ў Берліне забіў стрэлам у галаву грамадзяніна Грузіі і былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі (справа), якога называлі адным з людзей, набліжаных да Аслана Масхадава і Шаміля Басаева. Фота: Daily Mail
58-гадовы Вадзім Красікаў да арышту быў супрацоўнікам таемнага аддзела ФСБ пад назвай «Вымпел», які спецыялізуецца на палітычных забойствах і падпольных аперацыях за мяжой. Яшчэ ў 2019 годзе чарговай ахвярай Красікава стаў грамадзянін Грузіі і па сумяшчальніцтве былы чачэнскі палявы камандзір Зелімхан Хангашвілі, які быў звязаны з экс-прэзідэнтам Чачні Асланам Масхадавым і вядомым чачэнскім палявым камандзірам Шамілем Басаевым.
Па інфармацыі The Wall Street Journal, менавіта Красікаў з'яўляецца цэнтральнай фігурай магчымага будучага абмену зняволенымі, бо Пуцін нібыта вельмі моцна жадае вярнуць яго назад. Абмен без вызвалення Красікава Крамлём увогуле не разглядаецца.
Нагадаем, што не толькі Захад прапрацоўвае механізм вызвалення расійскіх дысідэнтаў з турмаў. Гэтым пытаннем, нягледзячы на вайну, нядаўна зацікавілася і Украіна. Згодна з новымі планамі вайсковай разведкі Украіны, расійскія палітвязні, якія выступалі супраць вайны, могуць быць уключаны ў спіс на абмен паміж Кіевам і Масквой.
Чытайце яшчэ:
Жонка Навальнага расказала, ці гатова пайсці шляхам Святланы Ціханоўскай