КДБ арыштаваў шэсць чалавек па абвінавачанні ў працы на Украіну і спробах падрыву цягнікоў з вайсковай тэхнікай
Камітэт дзяржбяспекі абвінаваціў у працы на СБУ пяцярых жыхароў Беларусі, а таксама затрымаў украінца, які, як сцвярджаецца, ствараў тайнікі са зброяй у прымежных раёнах. Фільмы пра гэта паказалі сёння адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. Затрыманыя — са слядамі збіцця.
12.09.2023 / 00:57
Камітэт дзяржаўнай бяспекі выступіў з сур'ёзнымі абвінавачаннямі ў адрас шэрага грамадзян Беларусі. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, маюць сінякі нават на твары. КДБ звінаваціў украінскія спецслужбы ў стварэнні ў Беларусі сеткі, якая сочыць за расійскімі і беларускімі вайсковымі аб'ектамі і здольная арганізоўваць дыверсіі.
Найперш нагадаем, што да ўсяго, што гучыць у дзяржаўных медыя і з вуснаў супрацоўнікаў спецслужбаў, трэба ставіцца крытычна: яны рэгулярна распаўсюджваюць заведама непраўдзівую інфармацыю і фальсіфікуюць факты або змешваюць праўду з ерассю.
Мы сабралі ўсе факты, якія прагучалі ў дзяржаўных медыя. Вось шасцёра затрыманых.
Вячаслаў Бародзій
Вячаслаў Бародзій, украінскі грамадзянін, абвінавачаны ў агентурнай дзейнасці. Фота: КДБ, БелТА
Сцвярджаецца, што гэта ўкраінскі егер, затрыманы ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны.
Сцвярджаецца, што пасля пачатку вайны Бародзій прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
«Бародзій валодаў навыкамі мінна-выбуховай справы, умеў абыходзіцца са стралковай зброяй і беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Адным словам, стаў небяспечным і навучаным баевіком», — паведамляе агенцтва БелТА.
Сцвярджаецца, што ў Бародзія быў псеўданім Мангуст і што «з сакавіка гэтага года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны».
Лукашысты сцвярджаюць, што «менавіта СБУ даручыла Мангусту перакідваць у Беларусь зброю і выбухоўку для арганізацыі тэрактаў не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі», аднак доказаў гэтага не відаць.
«Пры затрыманні ён заявіў, што прыйшоў у нашу краіну «забраць хлопца і вярнуцца назад, — паведамляецца ў фільме. — Пра склады са зброяй Бародзій нібыта нічога не ведаў і наогул перасек мяжу з нашай краінай упершыню. Навошта ў яго пры сабе быў пісталет SIG Sauer з глушыцелем і дзвюма абоймамі, Бародзій патлумачыць не змог, — паведамляюць дзяржСМІ
і самі тлумачаць: — Зрэшты, гэта зразумела і так. Пры сутыкненні з нашымі памежнікамі ў Мангуста была б магчымасць адстрэльвацца».
Пісталет і рэчы, якія нібыта былі пры сабе ў Вячаслава Бародзія ў час затрымання. Фота: КДБ, БелТА
Паведамляецца таксама, што «ў сябе дома Мангуст трымаў цэлы склад зброі. Там былі і ПЗРК, і гранатамёты, і выбухоўка. На выпадак заняцця Жытомірскай вобласці расійскай арміяй Бародзій павінен быў арганізаваць так званы партызанскі рух».
У частцы пра Бародзія звяртае ўвагу яго характарыстыка як «баевіка» і выраз «так званы партызанскі рух».
Паведамляецца, што «1 верасня яго затрымалі супрацоўнікі КДБ і змясцілі ў следчы ізалятар».
Іван Ліхалат, Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі
Гэтых трох абвінавачваных у фільме аб'ядналі ў адну групу. Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі — гродзенцы, а Іван Ліхалат — грамадзянін Украіны, які ў 2013-м перабраўся ў Беларусь.
Іван Ліхалат. Фота: КДБ, БелТА
«Дзесяць гадоў жыў і працаваў у нашай краіне, ажаніўся з беларускай, гадаваў траіх непаўналетніх дзяцей, — расказваюць пра Ліхалата ў фільме. — Здавалася б, што можа пайсці не так? Пакуль у яго роднай краіне ідуць баявыя дзеянні, а яго суайчыннікі гінуць у мясасечцы вайны, ён жыве ў мірнай і спакойнай краіне, працуе і гадуе дзяцей. Складана зразумець, што рухае падобнымі асобамі, але ўжо ў студзені гэтага года Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ», — сцвярджае прапаганда.
Пра Пухальскага і Бародзіча гаворыцца, што «абодва валодалі прафесійнымі навыкамі мінна-выбуховай справы. Для ўкраінскіх спецслужбаў гэта бясцэнныя кадры, таму іх актыўна ўзялі ў працу», — заяўляюць беларускія спецслужбы.
Барыс Пухальскі. Крыніца: КДБ, БелТА
Іван Бародзіч. Крыніца: КДБ, БелТА
Сцвярджаецца, што «раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову». Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі.
Сцвярджаецца, што першапачаткова трое выконвалі задачы па зборы інфармацыі. «Збіралі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх часцей, размяшчэнні ЗРК [зенітна-ракетных комплексаў]».
Пасля ж Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ і атрымаў задачу ўзарваць чыгунку, па якой, як піша БелТА, «быццам мусіла прайсці вайсковая тэхніка».
Сцвярджаецца, што ў памежным з Украінай Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці Пухальскі «забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі.
Там ён і быў затрыманы супрацоўнікамі групы «А» КДБ». Гэта здарылася 4 верасня.
Сапраўды, незалежны канал беларускіх чыгуначнікаў паведамляў пра спыненне руху цягнікоў пад Талачыном 4 верасня, там гучалі стральба ці выбухі.
З вышэйсказанага вынікае, што за Пухальскім і яго сябрамі доўгі час сачылі.
«На месцы планаванага тэракта канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацавання выбухоўкі да рэек. Адначасова ў Гродне былі затрыманыя памочнікі Пухальскага — Ліхалат і Бародзіч», — заяўляюць афіцыйныя медыя.
Супраць гэтай групы затрыманых распачата справа па трох абвінавачаннях: у падрыхтоўцы акта тэрарызму (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 КК), здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) і шпіянажы (арт. 358-1 КК). За падрыхтоўку акта тэрарызму ў Беларусі цяпер прадугледжваецца нават смяротнае пакаранне.
Павел Вабішчэвіч і Андрэй Зіненка
Яшчэ дваіх беларусаў затрымалі, як сцвярджаецца, 17 дзён назад, у ноч з 26 на 27 жніўня, на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункта Сінява (вымаўляецца з націскам на другі склад). Імёны затрыманых — Павел Вабішчэвіч і Андрэй Зіненка.
Сцвярджаецца, што яны спрабавалі паставіць на чыгунцы выбуховую прыладу, якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ.
У фільме гаворыцца, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што 10 чэрвеня на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы. У такім выпадку за ім два месяцы старанна цікавалі.
19 жніўня, як сцвярджаецца ў фільме, Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, недалёка ад украінскай мяжы, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу (2,4 кілаграма трацілу і паражальны элемент) і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне.
Павел Вабішчэвіч на кадрах выглядае збітым. Фота: КДБ, БелТА
А 26 жніўня Вабішчэвіч нібыта забраў іншую выбуховую прыладу (1,2 кілаграма трацілу) у Хойніцкім раёне — гэта таксама каля мяжы з Украінай — і паехаў устанаўліваць яе на чыгунку пад Стоўбцамі. Вазіў яго на машыне, як сцвярджаецца ў фільмах, яго былы калега Андрэй Зіненка. Зіненка на кадрах выглядае збітым наймацней.
Андрэй Зіненка на кадрах СМІ відавочна збіты, яго кашуля замазаная нечым чырвоным. Фота: КДБ, БелТА
Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мінчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Сцвярджаецца, што ён устанавіў сувязь з СБУ «праз тэматычную групу ў месенджары». Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазней узяўся падарваць чыгунку.
40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які «працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак», падкрэсліваюць дзяржаўныя медыя. Такі акцэнт на «высокім заробку» нярэдкі ў лукашэнкаўскай прапаганды. У той жа час Вабішчэвіча малююць судзімым аматарам азартных гульняў.
Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Супраць іх заведзены крымінальныя справы па ч. 2 арт. 289 КК «Замах на здзяйсненне акта тэрарызму групай асоб» і ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве».
«Спробы дэстабілізацыі грамадскага парадку»
На аснове агучанага ў дзяржаўных медыя пакуль цяжка зрабіць адназначныя вывады адносна сувязі са спецслужбамі Украіны. Цяжка і сказаць, ці затрыманыя сапраўды дапамагалі ўкраінцам у барацьбе супраць расійскай агрэсіі, ці яны ўсяго толькі сталі ахвярамі аператыўнай гульні лукашэнкаўскіх спецслужбаў, арыентаванай на распрацоўку асоб, ахвотных Украіне спрыяць, ці расійскай інсцэніроўкі. У фільмах гаворыцца, што затрыманыя кантактавалі з ананімнымі асобамі ў месенджарах.
Прамой сувязі паміж траімі затрыманымі гродзенцамі (Ліхалатам, Пухальскім і Бародзічам), двума мінчукамі (Вабішчэвічам і Зіненкам), а таксама ўкраінскім егерам, якога абвінавачваюць у незаконным перасячэнні беларускай мяжы, у фільме не прасочваецца.
Дзяржаўныя медыя пішуць, «што характэрна, усе затрыманыя … прытрымліваюцца дэструктыўных поглядаў і з'яўляюцца праціўнікамі беларускай дзяржавы». Гэтыя ярлыкі — «дэструктыўных поглядаў» і «праціўнікі беларускай дзяржавы» — ужываюцца органамі адносна людзей, якія выступаюць супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, супраць кантролю Расіі над Беларуссю і супраць вайны.
«У сваіх сацыяльных сетках яны нярэдка размяшчаюць недзяржаўную альбо адкрыта экстрэмісцкую сімволіку», — дадае БелТА. Пад экстрэмісцкай сімволікай звычайна маецца на ўвазе беларуская нацыянальная або сімвалы апазіцыі ці руху за свабодныя выбары.
«Акрамя відавочных мэт, якія выяўляюцца ў спробах дэстабілізацыі грамадскага парадку ў нашай краіне і застрашвання нашых грамадзян, украінскія спецслужбы пераследуюць другарадную мэту. У прыватнасці, гаворка ідзе пра спробу стварэння бачнасці наяўнасці ў нашай краіне нейкага арганізаванага падполля. Іншымі словамі, добра падрыхтаваных агентаў-тэрарыстаў, здольных весці тут партызанскую вайну. Але гэта не так», — так інтэрпрэтуе сітуацыю намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me.
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. У рэпрэсіі ўцягнутыя як Міністэрства ўнутраных спраў, так і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Генеральная пракуратура і Следчы камітэт.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават базавыя нормы законнасці і маралі.
15 гадоў выбуху каля Стэлы. Як тады ўлады баяліся слова «тэрарызм» і як здарэнне ўспрымаецца цяпер?
Азаронак — палякам: Вы ж немцаў не любіце — дык не клічце «Вагнера» на сваю галаву