Азаронак — палякам: Вы ж немцаў не любіце — дык не клічце «Вагнера» на сваю галаву
Прапагандыст Рыгор Азаронак паўтарыў запрашэнне Лукашэнкі да палякаў наладжваць дыялог і прыехаць назіральнікамі на вайсковыя вучэнні. Зроблена гэта было ў традыцыйнай форме — з абразамі і пагрозамі.
«Адносіны Беларусі і Польшчы напружаны як ніколі. Лукашэнка робіць крокі для дээскалацыі. Мы не жадаем ніякай вайны, як і польскі народ», — праанансавалі сюжэт з Азаронкам на СТБ.
Азаронак у традыцыйнай манеры паказаў «дружалюбныя» памкненні рэжыму Лукашэнкі.
«Не будзе цуду на Вісле. А проста Вісла выйдзе з берагоў. Вы ж немцаў не любіце — дык не клічце «Вагнера» на сваю галаву. Шапэн з Агінскім не дапамогуць. Лепш прыязджайце. Па-добраму, па-суседску, па-славянску. Бо польскі народ, ён нармальны. Той, які яшчэ чытаў Сянкевіча. Той, які памятае варшаўскае гета і варшаўскае паўстанне», — знайшоў аргументы Азаронак.
Напрыканцы свайго «добразычлівага» запрашэння прапагандыст патрос і ядзернай дубінай.
«Ну, дык што, суседзі? Стары меч у ножны? Ці ж счэпімся? Яно вам трэба потым — прамянёвую хваробу стагоддзямі лячыць?
Лепш сесці за агульны славянскі стол, махануць міравую ды праспяваць, як у старыя добрыя, калі здымалі яшчэ добрае кіно», — сказаў ён.
31 жнўня Лукашэнка заявіў, што гатовы да аднаўлення адносін з суседзямі. «З гэтай нагоды мы запрасілі прадстаўнікоў Польшчы ў якасці назіральнікаў на вучэнні АДКБ «Баявое братэрства — 2023», — сказаў ён.
Паводле Мінабароны, польскі бок на запрашэнне не адказаў.
Раней Лукашэнка заявіў, што 2 ліпеня ён даручыў ураду і Міністэрству замежных спраў прапанаваць заходнім суседзям «план добрасуседства і міру».
Каментары
СССР не поддержал восстание и позволил немцам его задушить! Гриша, читай умные книжки, а не гнилые опусы муковозчикоа в Совбелке!