У Магілёве прыводзяць у парадак месца сталінскіх расстрэлаў
Рэканструкцыя адной з самых ажыўленых магістраляў Магілёва, праспекта Дзімітрава, закранула таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Дэмантавалі крыж, але як будзе выглядаць мясціна ў выніку пакуль невядома.
24.09.2023 / 19:46
Дэмантаваны шасціканцовы крыж. Фота: «Магілёў.media»
Дэмантаваны шасціканцовы крыж. Фота: «Магілёў.media»
Яр насупраць сучаснага Мясакамбіната быў месцам расстрэлаў у 1930-я гады. У адрозненне ад Курапатаў, ніякая больш пазнавальная назва за гэтым месцам пакуль так і не замацавалася.
У канцы 1980-х грамадскасць усталявала тут памятны крыж, потым яшчэ адзін, большы.
Будаўнікі перакладаюць дарожку да месца, дзе стаяў крыж. Фота: «Магілёў.media»
Цяпер вялікі крыж выкапаны, а на самім месцы памяці пракладаецца новая дарожка. Як расказалі будаўнікі выданню «Магілёў.media», замест ранейшага крыжа будзе новы. Характэрна, што ўсталяваны грамадскасцю вялікі крыж — шасціканцовы, ён паўтарае форму Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Хрэсны ход у лютым 2023 года. Фота: «Магілёў.media»
Год таму, на восеньскія Дзяды, прадстаўнікі грамадскасці традыцыйна ўскладалі кветкі да гэтага крыжа. А ў лютым гэтага года прадстаўнікі праваслаўнай грамады арганізавалі да памятнага крыжа хрэсны ход з казакамі, хоць звычайна Царква, следам за дзяржавай, ігнаруе месцы масавых забойстваў 1920—1930-х гадоў.
Чытайце таксама:
Са сталічнага парку Чалюскінцаў знікла згадка пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій
Міліцыя адмовілася шукаць вінаватых у вандалізме ў «віцебскіх Курапатах»
У Курапатах камунальнікі спілоўвалі дрэвы, тыя падалі на крыжы