Грамадства1212

Са сталічнага парку Чалюскінцаў знікла згадка пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій

У парку Чалюскінцаў абнавілі драўляны мемарыяльны знак у памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Але пры гэтым з яго знік надпіс, які распавядаў, у памяць пра каго гэты знак пастаўлены.

Абноўлены знак не мае згадак пра тое, у памяць пра каго ён пастаўлены.

Памятны знак ахвярам рэпрэсій размешчаны недалёка ад увахода ў парк з боку вуліцы Парніковай, што пралягае між Гімназіяй-каледжам мастацтваў і шматпавярховым жылым комплексам Vogue. Раней каля падножжа на ім быў змешчаны надпіс «У гэтым лесе ў 20—30-я гады знішчалі нявінных людзей», але цяпер ён знік. Таксама трохі іншы выгляд атрымала і стрэшка, што завяршае знак, надаючы яму падабенства з традыцыйнай прыдарожнай капліцай. 

Ранейшы выгляд памятнага знака ў парку Чалюскінцаў. Унізе надпіс: «У гэтым лесе ў 20—30-я гады зьнішчалі нявінных людзей». Фота: Wikimedia Commons

У канцы 1920-х і ў пачатку 1930-х гадоў гэтая мясціна, якая тады назвалася Камароўскім лесам, знаходзілася па-за межамі Мінска. Закрытая тэрыторыя выкарыстоўвалася Аб'яднаным дзяржаўным палітычным упраўленнем як месца расстрэлу зняволеных мінскай турмы. 

Пра гэта ў кнізе сваіх успамінаў згадваў беларускі пісьменнік Францішак Аляхновіч «У капцюрох ГПУ», якая была напісаная ў 1933 годзе, адразу пасля абмену яго бальшавікамі на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча.

«Ён глянуў на мяне працяжна й адказаў:
— На Камароўку.
— Што гэта: Камароўка?
— Лес. У Камароўскiм лесе расстрэльваюць. Цi-ж ня ведаеце?
Я нiчога ня ведаў. Цяпер толькi даведаўся…
У нядзелю звычайна вяртаўся кур'ер з Масквы з прысудамi калегii ОГПУ, а ў панядзелак пачыналiся расстрэлы».

«Расстрэлы адбывалiся штораз часьцей. Рэдка мiнаў панядзелак, каб аўтамабiль не павёз кагосьцi на Камароўку».

Забойствы ў Камароўскім лесе (або лесе Ваньковічаў) яшчэ да 1930-х гадоў. На фота выяўленыя польскімі вайскоўцамі целы ахвяр расстрэлаў, 1919 г. Фота: Wikimedia Commons

«Здаралася, што з вязьнем, якi не хацеў прызнавацца да пастаўленых яму абвiнавачаньняў або ня выконваў нейкiх iншых дамаганьняў сьледчага, калi нават карцэр не памагаў, разыгрывалi вось якую штуку: выклiкалi з камары, зьвязвалi рукi, везьлi ў камароўскi лес i тамака, над выкапанай ямай, прылажыўшы рэвальвэр да галавы, дамагалiся прызнаньня, дакляруючы тады дараваць жыцьцё».

У 1935 годзе Савет народных камісараў БССР выдаў указ аб развіцці парку культуры ў Камароўцы. Па праекце, ухваленым партыйным кіраўніцтвам, зону адпачынку мусілі пашырыць і аб'яднаць з лясной тэрыторыяй на левым беразе ракі Сляпянкі.

Як адзначаў даследчык Леанід Маракоў, праз тое, што гэтае месца стала папулярным месцам вячэрняга адпачынку моладзі, хаваць тут ахвяр сталінскіх рэпрэсій у асабліва крывавым 1937 годзе ўжо не маглі, але заставаліся Курапаты і Лошыца.

Дакладная лічба ахвяр палітычнага пераследу, якія пахаваныя тут, невядомая, мяркуецца, што яна складае некалькі тысяч. Пасля Другой сусветнай вайны закрытая тэрыторыя была далучаная да парку адпачынку.

Існуе легенда, што ахвяр у Камароўскі лес прывозілі вузкакалейкай, якую пасля вайны ператварылі ў дзіцячую чыгунку, што праходзіць уздоўж граніцы парку, за пару дзясяткаў метраў ад знака. Аднак гэтае меркаванне не пацвярджаецца планамі горада і аэрафотаздымкамі, насамрэч дзіцячая чыгунка была ў 1955 годзе пабудаваная з нуля. 

«Дзяды» 1990 года. Паказаны працэс устаноўкі памятнага знака ў парку Чалюскінцаў. 

Памятны знак аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій быў пастаўлены ў 1990 годзе падчас шэсця на «Дзяды». У цэнтры двухметровага драўлянага памятнага знака ў выглядзе каплічкі са стрэшкай быў прарэзаны чатырохканцовы крыж.

Ініцыятыва ўзвядзення знака належала Беларускаму народнаму фронту і Мартыралогу Беларусі (таварыства памяці ахвяр), а таксама пісьменніку Васілю Хомчанку, які сам прайшоў праз сталінскія рэпрэсіі. Спраектаваў знак скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, які за сваю творчасць, у тым ліку мемарыяльную, у 2021 годзе быў ганараваны званнем «Народны мастак Беларусі». 

Трохі глыбей у парку на бярозавай алеі знаходзіцца зусім іншы паводле маштабаў і добраўпарадкавання мемарыял. Тут пахаваны воіны Савецкай Арміі, падпольшчыкі і мірныя жыхары, знішчаныя нацыстамі ў 1941—1944 гадах.

Мемарыял воінам Савецкай Арміі, падпольшчыкам і мірным жыхарам, знішчаным нацыстамі ў 1941—1944 гадах, выглядае нашмат больш дагледжаным за сціплы помнік ахвярам дзяржаўнага тэрору. Фота: Wikimedia Commons

Побач з паркам у часы акупацыі знаходзіліся нямецкія лагеры «Выстаўка», што размяшчаўся на тэрыторыі, дзе ў 1930 годзе праходзіла знакамітая сельскагаспадарчая выстаўка, і «Пушкінскія казармы» (цяпер тут вайсковая часць на рагу вуліц Калініна і Я. Коласа), адкуль памерлых зняволеныя вазілі ў былы Камароўскі лес на вазах і закопвалі ў магілах-траншэях. 

Магчыма, што з гэтымі лагерамі звязана гісторыя пра вузкакалейку, якая пасля ў змененым варыянце перайшла на дзіцячую чыгунку. Вузкакалейка сапраўды звязвала першую гарадскую электрастанцыю з дзвюма торфараспрацоўкамі на ўскраінах, паварочваючы з праспекта каля цяперашняга кінатэатра «Кастрычнік». Пуці якраз праходзілі каля лагера «Пушкінскія казармы» і, паводле ўспамінаў, па іх на розныя працы вазілі ваеннапалонных з лагераў. 

Помнік «Журботная маці» на ваенным мемарыяле. Фота: Wikimedia Commons

Пасля вызвалення Мінска надзвычайная камісія налічыла 41 такую яму на невялікім пятачку ў глыбіні парку Чалюскінцаў. Паводле прыблізных падлікаў, там было пахавана каля 10 тысяч чалавек. Тады ж тэрыторыю масавага пахавання абнеслі невялікім драўляным плотам.

Толькі ў 1955 годзе на месцы брацкай магілы з'явіўся мемарыял. На пастаменце — бетонная фігура «Журботнай маці», выкананая паводле тыпавога ўзору.

Мемарыяльны знак у памяць ахвяр сталінскага тэрору, калі не ведаць, дзе ён стаіць, можна і не заўважыць сярод дрэваў. Фота: Wikimedia Commons

Сёння гэты мемарыял ахвярам нацысцкага тэрору выглядае дагледжаным, ён аздоблены гранітам і абсаджаны стрыжанымі кустамі, што кантрастуе з адзінокай драўлянай каплічкай, пастаўленай у памяць ахвяр сталінскага тэрору. Гэты падзел дыктуе дзяржаўная ідэалогія, якія следам за савецкай ідэалогіяй узвялічвае подзвіг народа ў вайне, але адпрэчвае абвінавачанні ў тэроры супраць уласных грамадзян. 

Праз гэта застаецца адкрытым пытанне: ці з’яўляецца сённяшняе знікненне з абноўленага знака надпісу пра знішчэнне нявінных людзей у 1920—1930-ыя гады часовым або гэта адбылося на ідэалагічнае патрабаванне ўлад.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • SHOS
    15.08.2023
    Ёсік, там же одна алкашня работает. Вы посмотрите на них хоть раз
  • Kotya
    15.08.2023
    Ёсік, за общагу, за зп 800 руб. Инструментов давления на таких работников уйма и если бы сопротивлялись везде хотя бы 70% коллектива, то не жили бы как живут. 
  • Злобный вожык
    15.08.2023
    Как тут не задуматься о проклятиях в адрес этой земли, которые откликаются до сих пор.

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна плануе ў найбліжэйшыя дні выкарыстаць амерыканскую зброю вялікай далёкасці для ўдараў па Расіі

У партугальскім аэрапорце тыдзень не можа вылецець самалёт. З яго збеглі 130 хамякоў2

Алексіевіч пра рускую літаратуру: Сапраўднае мастацтва не адказвае за імперскія амбіцыі72

Сын Трампа назваў ідыётамі тых, хто даў дазвол на дальнабойныя ўдары па Расіі18

У Абхазіі паспрабавалі захапіць Дзяржтэлерадыёкампанію1

«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто1

У Германіі і Аўстрыі за крадзяжы з крамаў затрымалі беларусаў

У выніку ўдару па Сумах дзесяць загінулых, паўсотні параненых1

Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

«Прадугледжваліся страты 70—80%. Але ніхто не адмовіўся». Украінскі дэсант у Крынках — гісторыя трагізму і геройства

Галоўнае
Усе навіны →