«Хачу быць карыснай і з павагай ставіцца да краіны, якая мяне прыняла». Настаўніца, якую звольнілі за жоўта-блакітную стужку, расказала пра новае жыццё ў Польшчы
У 2022 годзе, пасля таго як пачалася вайна ва Украіне, настаўніца гісторыі Ларыса Секержыцкая прыйшла на заняткі з жоўта-блакітнай стужкай у валасах. Адміністрацыя выклікала на яе міліцыю, пасля быў суд, звальненне і пераезд у Польшчу. Цяпер Ларыса з мужам і дзвюма дачушкамі пачынае новае жыццё ў Познані, праводзіць анлайн-заняткі па сваім прадмеце ды валанцёрыць у «Беларускай школцы» для дзяцей эмігрантаў. Яна шчыра расказала выданню «1387» пра няпростае рашэнне з’ехаць, адаптацыю, вывучэнне польскай мовы, пра пошук сябе і пра тое, ці сутыкаецца яе сям’я з неразуменнем з боку мясцовых жыхароў.
25.09.2023 / 21:15
Вераніка, Адэля, Ларыса. Усе фота: асабісты архіў гераіні
— Ларыса, якімі былі твае апошнія месяцы жыцця ў Бабруйску пасля звальнення?
— Пытанне для мяне складанае… Хутчэй за ўсё, мой мозг хоча забыць пра пэўныя дні, падзеі і выціскае гэтую інфармацыю. Адзначу, што раней я заўсёды вяла дзённік, гэта такая практыка для асабістага развіцця. Але, пачынаючы з тых падзей, што адбыліся ў школе, я перастала гэта рабіць.
Наша сямʼя ўжо доўгі час жыла ў стане ўнутранай эміграцыі. Летам мы зʼязджалі на лецішча і жылі там амаль увесь час, у горад прыязджалі толькі па справах і па прадукты. Мне там, на лецішчы, было камфортна.
А ў горадзе, наадварот, было няўтульна. Было складана псіхалагічна быць побач з людзьмі, для якіх нібыта нічога кепскага вакол не адбывалася. Для іх карціна свету не мянялася. Мы з Андрэем гэта ўсё эмацыйна перажывалі.
Афіцыйны ліст з паведамленнем аб непрацягненні кантракта прыйшоў у сярэдзіне лета, працоўную кніжку сваю я забрала ў канцы жніўня. Гэта быў месяц пераасэнсавання і прыняцця важных рашэнняў. На напісанне допісу ў сацыяльныя сеткі аб маім звальненні спатрэбіўся месяц.
На допіс адгукнулася шмат людзей. Так, амаль штодня зʼяўляліся прапановы і новыя вучні, большасць анлайн. Я змагла працягваць настаўнічаць. Займалася і з тымі, хто рыхтаваўся да ЦТ. Але ўсё ж найбольш я люблю працу з жывымі сустрэчамі.
Мне пісалі людзі з розных краін свету. Бацькі, якія гадуюць беларусаў, з меркаваннем, што іх дзецям патрэбны веды па гісторыі Беларусі. Гэта мяне моцна падтрымала.
Дапамагалі мае былыя вучні і зусім чужыя людзі, праз пяць поціскаў рук, як я і пісала тады ў сваім допісе. Адчувалася, што людзям неабыякавая мая сітуацыя. Ім хацелася, каб у мяне быў хоць нейкі заробак, каб я не пайшла назусім з настаўніцкай працы.
А яшчэ цікавы момант адбыўся пасля звальнення. Гэта была сярэдзіна верасня 2022 года. Вяду анлайн-заняткі, позні вечар, муж вярнуўся дахаты з дзяўчаткамі з танцаў. Чую: такі вэрхал, шум узняўся. Разумею, што там прынеслі нейкую жывёлінку. Аказалася, гэта малое кацяня.
На той момант мы з Андрэем ужо размаўлялі пра тое, што нам, хутчэй за ўсё, давядзецца зʼехаць. Кажу: «Мы не можам кацяня ўзяць». Муж пагадзіўся, што трэба яму шукаць іншых гаспадароў, нават абвестку напісалі ў сацсетках, на гарадскі сайт. Але ўсё пайшло па іншым сцэнары.
Так, на наступны дзень муж адвёў кацяня да ветэрынара. Там і вушкі пачысцілі, і прышчэпку зрабілі, і чыпавалі. Я ведала, што калі гэтае кацяня хоць раз пераначуе ў нашай хаце, то будзе нашым. Так і аказалася — гэтая котка цяпер з намі ў Польшчы.
Падчас нашага пераезду яна засталася ў бацькоў. Вядомы факт, што многія мясцовыя арэндадаўцы не вельмі радыя, калі пераязджаюць з жывёламі. Пазней, калі ў нас зʼявілася магчымасць забраць котку, яна ехала да нас сама, з перавозчыкам. І цяпер Рыся жыве з намі як сапраўдны чалец сямʼі! Можна сказаць, на галоўных ролях.
Рыся
Абагульню, што апошнія месяцы жыцця ў Беларусі — гэта быў няпросты час. Тады я бачыла ўсё нібыта праз туман. Але ведаеш, цяпер я на ўсё іншымі вачамі гляджу.
— Рашэнне з’ехаць было раптоўным? Ці атрымалася развітацца з роднымі мясцінамі перад ад’ездам?
— Калі мы прынялі рашэнне зʼязджаць, мне захацелася развітацца з малой радзімай, з роднымі, а таксама наведаць могілкі, дзе пахаваныя мае бацькі. І па дарозе на Палессе мы нават трохі павандравалі, завіталі ў розныя цікавыя мясціны, у той жа Мірскі замак, каб дзеткі запомнілі Беларусь.
А само рашэнне зʼязджаць прыйшло раптоўна. Я дала інтэрвʼю для 1387.by, якое перадрукавалі некаторыя медыя, што лічацца цяпер непажаданымі ў Беларусі. На мой погляд, яно было звычайным, я проста шчыра адказала на ўсе пытанні, звязаныя з маім тагачасным жыццём, з маім меркаваннем наконт стану сучаснай адукацыі.
Але гэта былі думкі, якія я казала і падчас працы ў школе. І маё меркаванне, дарэчы, не змянілася. Бо я так і лічу, што беларускай адукацыі няма! І ўжо вельмі даўно. І няхай на мяне крыўдзяцца людзі, што працуюць у гэтай сферы…
І дарма яны ў ёй працуюць. Вось калі б усе ў нейкі момант спыніліся і ўсвядомілі сваю каштоўнасць як прафесіянала, спецыяліста — яны б не змаглі працаваць у гэтай сістэме. Але такога, натуральна, не адбудзецца… Я ведаю добрых, сумленных настаўнікаў, дзякуй ім за іх адданую працу.
Дык вось, пасля таго як маё інтэрвʼю разышлося, мяне ахапіла вусціш, бо той восенню пачалося ў Беларусі тое, што і чакалася: людзей пачалі актыўна саджаць. І нават мой суд падаўся смешным, бо ён быў проста сюррэалістычны, як у нейкай кнізе. А тут пачалі людзей саджаць за выхады на мітынг, па нейкіх фота. Хваля вычышчэння.
Гэта супала і з тым, што ўлады зацвердзілі рашэнне, згодна з якім у дзіцячым садзе дзеці будуць ідэалагічна выхоўвацца. Я ўявіла, што гэтак будзе гадавацца і мая Адэлька. У школе пачалі ўводзіць абавязковы агульны элемент школьнай формы, што выклікала нават спрэчкі ў нашым бацькоўскім чаціку.
Я адмаўлялася ад гэтага элемента, але саступіла на просьбу настаўніцы, а ў выніку так і не набыла гэтага гальштука. Мы з Андрэем паразмаўлялі і прыйшлі да высновы, што на радзіме для нас будзе складана.
Так розныя пазлы складаліся, і я разумела, што ў Беларусі найбліжэйшым часам ужо не будзе добра. Усё, што я бачыла, выклікала жах. Гэта былі тыя самыя званочкі, якія сведчылі, што ў нашай краіне гадаваць нармальна дзіця не атрымаецца. А дарослым захоўваць здаровы ментальны стан, а ў дадатак і фізічны — таксама вельмі складана.
Мы з мужам жадалі аднаго, каб нашы дачушкі жылі ў свабоднай краіне і былі вольнымі людзьмі, каб яны жылі, а не выжывалі.
— Ці хутка вы вызначыліся з краінай, у якую паедзеце жыць?
— Не хутка. Мы абіралі паміж Польшчай і Літвой. Размаўлялі з тымі, хто ўжо пераехаў, распытвалі наконт працы, жылля, цэн і заробкаў. Удзячная мужу Андрэю, што ён дасканала вывучыў гэтае пытанне — уключна з магчымасцю вывучыць мову і самарэалізавацца. Нам дапамаглі праваабаронцы з кансультацыямі ды пераездам, бо ў нас нават віз не было, і мы разумелі, што самі не дадзім рады.
Урэшце мы вызначыліся, што паедзем у Польшчу. Гэта краіна падалася бліжэйшай ментальна. І мы дасюль не пашкадавалі пра свой выбар. Падабаюцца людзі, магчымасці, ды і мова ўжо даецца нашмат лягчэй. Пакуль мы не працуем стала настолькі, каб вызначыцца з заробкамі, але арыентуемся ў сітуацыі і разумеем, якія грошы тут магчыма зарабіць.
З Уладзімірам Арловым і Кацярынай Ваданосавай
— Як праходзіў для ўсіх вас перыяд адаптацыі?
— Ва ўсіх па-рознаму. Адзначу, што год жыцця тут прайшоў не так лёгка, як падавалася спачатку. Найбольш складана было малодшай Адэльцы і мне. Але і Вераніцы з Андрэем таксама ў першы час было няпроста.
У нас былі цікавыя сустрэчы з беларусамі, нават знаёмых тут знайшлі, у тым ліку з Бабруйска. Але гэта не тое, што ратуе цябе псіхалагічна ад разумення таго, што ты не можаш вярнуцца на радзіму.
Адэльцы было найгорш, бо яна малая, і мы тры месяцы не маглі знайсці ёй дзіцячы сад. Адэлька — вельмі адкрыты чалавечак. Яна падыходзіла на пляцоўцы да іншых дзетак пагуляць, а яны яе не прымалі ў свае гульні, бо яна размаўляла на мове, якая была для малых палякаў незразумелай. А ёй патрэбны быў гэты кантакт.
Цяпер яна самая актыўная з нас у стасунках з мясцовымі. Андрэй сурʼёзна заняўся справай пошуку дзіцячага сада, дайшоў да гарадской гміны. У выніку мы атрымалі месца, і даволі недалёка ад дома — па мясцовых мерках. Гэта недзе паўгадзіны пешшу. Дык цяпер дачка шчаслівая, прайшоў працэс адаптацыі, у тым ліку і да мовы.
За Андрэя мне цяжка казаць.
У першыя дні ў нас наогул быў такі рамантычны настрой — новая краіна, іншыя магчымасці, усё так цікава. У адаптацыі ўсё ж самае важнае — знайсці сваё месца, пачаць працаваць, рэалізоўвацца, а для гэтага вялікае значэнне мае валоданне мовай.
Веранічка хутчэй за ўсіх адаптавалася. Ёй вельмі спадабалася ў школцы, яна з задавальненнем у яе бегала, удзельнічала ва ўсіх конкурсах — настаўніца моцна яе падтрымала. Не скажу, што яе проста ўвесь клас прыняў адразу, бо дзеці даволі жорсткія бываюць.
Але яна ў нас малайчынка. Хадзіла на дадатковыя заняткі, на экскурсіі, у басейн. Вераніка актыўная, таму, на шчасце, яна нармальна скончыла навучальны год, яе хвалілі. Толькі адна чацвёрка была па англійскай мове, бо ў Беларусі яна яе зусім не вывучала. А тут прыйшлося адразу дзве новыя мовы вучыць: англійскую і польскую.
Па прыездзе я працягвала і далей анлайн займацца са сваімі вучнямі, зʼявіліся і новыя. Я правяла некалькі адкрытых лекцый па гісторыі для беларускай дыяспары. Пакуль што сталай працы не знайшла. Але вельмі сурʼёзна даследую пытанне, кім я магу тут быць.
З улікам таго, што ў мяне новы этап жыцця, я магу паспрабаваць сябе не толькі ў настаўніцтве, а быць кім заўгодна. То-бок працаваць настаўніцай гісторыі ў польскай школе я не змагу, і гэта факт. Тут гісторык з беларускай педагагічнай адукацыяй можа займацца толькі навуковай працай праз пэўныя ўніверсітэты Усходняга еўрапейскага партнёрства. Але я ў гэтым кірунку не хачу рухацца.
З верасня пачала дзейнічаць «Беларуская школка выхаднога дня» на базе «Акадэміі добрай адукацыі». У мінулым годзе такая ж школка працавала ў Варшаве. Калі пачалі рабіць яе рэкламу ў Познані, да нас запісалася каля 90 дзяцей! Мы былі ў прыемным шоку.
На такую колькасць трэба шмат адпаведных памяшканняў для заняткаў, ды і настаўнікаў-энтузіястаў толькі сем. Я выкладаю гісторыю, ёсць беларуская мова і літаратура, культуралогія, сусветная культура, крэатыўнае мастацтва, маляванне, танцы, вакал. Такія класныя заняткі для дзетак! Мы імкнёмся зрабіць іх не школьнымі, а больш гульнявымі, каб яны былі цікавымі.
Я працягваю заняткі анлайн з вучнямі рознага ўзросту і гатовая прымаць новых. Сур’ёзна пашыраю свае веды і скілы ў прасоўванні і арганізацыі анлайн-навучання. Так, летам прайшла курс у «Васьмінога» — «Стварэнне анлайн-курса». Цяпер таксама маю навучанні ад розных беларускіх пляцовак.
Вядома, не хочацца закідаць гісторыю, бо маю добры досвед у гэтай сферы. Але ўсё больш прыходжу да высновы, што тут можна пайсці вучыцца на год-паўтара, атрымаць паслядыпломную адукацыю і займацца рознымі рэчамі — маляваннем, напрыклад, якое я вельмі люблю, ці нечым іншым.
Зараз я не магу сказаць, што знайшла для сябе адказ на пытанне: што я далей хачу рабіць? Пакуль больш засяроджваюся на сваіх анлайн-занятках… Як бы там ні было, мая гісторыя будзе працягвацца далей і тут.
— Ты часам выкладаеш у сацсеткі свае малюнкі. Хобі дапамагаюць справіцца з сумнымі думкамі?
— Дарэчы, я з Беларусі везла з сабой гітару, хоць Андрэй і раіў яе пакінуць да лета, бо мы думалі, што праз паўгода прыедзем наведаць бацькоў. Пазней зразумелі, што гэту ідэю лепш не рэалізоўваць. І вось — я везла з сабой гітару, прылады для малявання. Гэта мая аддушына — граць на гітары, спяваць, маляваць. Не скажу, што ў мяне ёсць шмат часу на гэта, бо хоць і не працуеш па 8 гадзін, час сыходзіць на шматлікія справы.
Працы Ларысы
— Ці хутка атрымалася вывучыць польскую мову?
— Трэба прызнаць, што добра вывучыць польскую мову пакуль не атрымалася. На гэта патрэбны не адзін год. Як я ўжо казала вышэй, у мяне спярша быў даволі складаны псіхалагічны стан. Доўгі час я не магла вырваць са свайго сэрца Беларусь. Мае думкі былі пра яе, я спадзявалася вярнуцца, шмат чаго дзеля яе рабіць — і цяпер хачу. І раблю. Я веру, што думкі матэрыялізуюцца. Так, на мае думкі пра Беларусь сусвет падкінуў працу кшталту «Беларускай школкі», адкрытыя лекцыі па гісторыі.
Разумею, што маю здольнасці. Магу выкладаць нават нямецкую мову, бо маю адукацыю. Магчымасць працаваць тут з нямецкай мовай ёсць, таму цяпер займаюся паўтарэннем, аднаўленнем ведаў. Побач Нямеччына — гэта добрыя пэўныя перспектывы. І нават рэпетытарствам можна займацца, бо ў школе многія вучні тут маюць дзве замежныя мовы, і нямецкая папулярная.
Праз тое, што доўгі час не атрымоўвалася вырваць з сэрца Беларусь, польская мова не вывучалася належным чынам. Цяпер я займаюся на курсах, гэта групавыя заняткі з настаўніцай з Украіны — і справа пайшла, мне падабаецца гэты працэс навучання.
На маю думку, польская і беларуская мовы падобныя, таму з разуменнем няма складанасцяў, а вось з вымаўленнем і граматыкай ёсць. Я шмат чытаю, слухаю, Андрэй мне падкідвае ютуб-ролікі і іншае. Так, магу многа ўжо сказаць, але моўны барʼер пакуль усё адно адчуваецца.
У мяне ёсць матывацыя, бо я хачу працаваць тут не толькі з беларусамі, але і з мясцовымі. Хачу быць карыснай, сацыялізавацца і з павагай ставіцца да краіны, якая мяне прыняла. І хоць з памылкамі, але выказаць падзяку тым людзям, якія нам тут дапамагаюць.
Без сарамлівасці па-польску балбоча Адэлька! Але і Вераніка — малайчынка, польская ў яе ідзе лепей, чым руская ішла ў беларускай школе, і да канца года яна амаль без памылак пісала, што я лічу вялікім поспехам. Андрэй таксама вельмі інтэнсіўна вывучае польскую мову. Але ў яго і больш стасункаў з палякамі, ёсць магчымасць папрактыкавацца.
Мы стараемся як мага часцей камунікаваць з мясцовымі, нават у аматарскі тэатр схадзілі. Разумею, што толькі стасункі з палякамі дадуць нам новы ўзровень валодання і разумення мовы.
— А з самімі палякамі праблем не было? Бо часам чытаеш пра нейкія непаразуменні, асабліва пасля вайны…
— Ніякіх складанасцяў з палякамі ў нас няма. На шчасце, мне сустракаліся толькі добрыя людзі, ветлівыя, яны станоўча рэагуюць на просьбу размаўляць са мной трохі павольней, каб я ўсё магла зразумець.
Шмат падтрымкі і ў школе ад настаўніцы, і ў садзе. Ёсць людзі, якія, пачуўшы пра нашу сітуацыю, выказваюць жаданне дапамагчы, напрыклад, запытацца наконт працы ў свайго начальніка.
Палякі ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі. Наша гісторыя пераезду выклікала спачуванне ў мясцовых. Яны былі радыя таму, што мы здолелі збегчы і не сядзім у турме. Яны ведаюць пра гвалт, які адбываецца ў краіне.
Я скажу больш: нам даводзілася тут беларусаў сустракаць, што зʼехалі да 2020-га года, якія наогул не разумеюць, што адбываецца на радзіме. Яны жывуць нібыта з заплюшчанымі вачыма. Такое ўражанне было, што яны наглядзеліся беларускага тэлебачання і з недаверам слухалі, што мы кажам. Вось такія выпадкі былі шокам, калі палякі ведаюць сітуацыю ў Беларусі лепей, чым асобныя нашы суайчыннікі.
Палякі прыходзяць на розныя беларускія мерапрыемствы, каб проста падтрымаць. На «Тыдзень беларускай культуры» прыйшло шмат мясцовых, некаторыя з іх дапамагалі ў арганізацыі свята. То-бок Польшча не знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме, у адрозненне ад некаторых беларусаў.
Адзначу: у Польшчы дзейнічае добрая падтрымка з боку дзяржавы, ёсць розныя магчымасці, і, калі ты маеш галаву на плячах, то зможаш тут рэалізавацца.
Чытайце таксама: