Яшчэ ў адной краіне Афрыкі паспрабавалі здзейсніць дзяржпераварот
У Буркіна-Фасо арыштавалі некалькі афіцэраў з-за яшчэ адной спробы перавароту.
28.09.2023 / 07:25
34-гадовы Ібрагім Траарэ прыйшоў да ўлады роўна год таму таксама ў выніку перавароту. Фота: Kilaye Bationo / AP
Спецслужбы Буркіна-Фасо прадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту, піша выданне Burkina24.com.
«Пераходны ўрад інфармуе грамадскасць, што 26 верасня 2023 года спецслужбамі і службамі бяспекі Буркіна-Фасо была прадухіленая спроба дзяржаўнага перавароту. Цяпер афіцэры і іншыя меркаваныя ўдзельнікі гэтай спробы дэстабілізацыі затрыманыя, а іншыя ўдзельнікі актыўна адшукваюцца. Удзельнікі гэтага кепскага праекта дэстабілізацыі, якімі рухалі інтарэсы, супрацьлеглыя імкненню адваяваць нашу нацыянальную тэрыторыю і суверэнітэт нашай дарагой краіны, выношвалі змрочныя намеры напасці на інстытуты рэспублікі і ўвесці краіну ў хаос», — гаворыцца ў заяве хунты краіны.
У Буркіна-Фасо летась адбылося два дзяржперавароты.
Першы — у студзені 2022 года, а другі — у канцы верасня 2022 года.
Цяпер краіну ўзначальвае хунта на чале з кіраўніком спецпадраздзялення «Кобра» капітанам Ібрагімам Траарэ, які ўдзельнічаў у першым перавароце, а затым 30 верасня 2022 года пры дапамозе наймітаў ПВК «Вагнер» зрынуў Поля-Анры Сандаага Даміба. Падчас гэтага перавароту людзі выходзілі на вуліцы з расійскімі сцягамі.
Увогуле за чатыры гады ў Афрыцы адбылося восем спроб пераваротаў.
У канцы жніўня 2023 года ў Габоне група вайскоўцаў захапіла ўладу, адмяніла вынікі прэзідэнцкіх выбараў і прапанавала грамадзянам, якія апладзіравалі салдатам на вуліцах, разысціся па дамах. У ліпені 2023 года адбыўся пераварот у Нігеры.
У 2022 годзе няўдалыя спробы перавароту адбыліся ў Гвінеі-Бісау, Гамбіі і астраўной дзяржаве Сан-Тамэ і Прынсіпі.
У 2021 годзе адбыўся пераварот у Малі.
Чытайце таксама:
Заходнія СМІ высветлілі, хто цяпер кіруе спадчынай Прыгожына ў Афрыцы
Спрабуюць зрабіць дзяржаўны пераварот у яшчэ адной афрыканскай краіне — медыя