Заходнія СМІ высветлілі, хто цяпер кіруе спадчынай Прыгожына ў Афрыцы
The Wall Street Journal, дзякуючы былым наймітам ПВК «Вагнер», а таксама некаторым палітыкам і сілавікам, блізка знаёмым з сітуацыяй, даведалася аб новым кіраўніку афрыканскага бізнэсу памерлага Яўгена Прыгожына. Расказваем, хто ён такі і з чаго пачынаў.
Паводле адразу некалькіх крыніц выдання The Wall Street Journal, новым уладальнікам афрыканскага бізнэсу памерлага кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына стаў 34-гадовы дырэктар «Рускага дома» ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР) Дзмітрый Сыты.
Крыніцы перадаюць, што ён пазнаёміўся з Прыгожыным яшчэ ў 2018 годзе, калі адправіўся ў ЦАР у якасці перакладчыка. Перад гэтым Сыты скончыў прэстыжную бізнэс-школу ў Парыжы, дзе навучыўся свабодна размаўляць на французскай, іспанскай і англійскай мовах.
Тады Прыгожын даверыў Сытаму каардынаваць невайсковыя аперацыі «Вагнера» ў Афрыцы і арганізоўваць адтуль экспарт карысных выкапняў і сыравіны, чым ён, нягледзячы на павышэнне пасля смерці Прыгожына, і працягнуў займацца далей.
«У гэты момант Дзмітрый Сыты курыруе сетку афрыканскіх падстаўных кампаній па вывазе золата, алмазаў, піламатэрыялаў і іншай сыравіны з ЦАР. Таксама ён кіруе шматлікімі вагнераўскімі медыя, якія распаўсюджваюць у Афрыцы антызаходнюю і пракрамлёўскую прапаганду.
Акрамя ЦАР, Дзмітрыя Сытага часта заўважаюць у такіх краінах, як Нігер, Камерун, Чад, Судан і іншыя», — піша выданне The Wall Street Journal са спасылкай на былых вагнераўцаў і мясцовых палітыкаў.
Праз сваю дзейнасць і прамыя сувязі з «Вагнерам» Дзмітрый Сыты быў унесены ў чорны санкцыйны ліст Міністэрства фінансаў ЗША.
Крыніцы выдання таксама адзначылі, што Сыты ў ЦАР жыве ў былым прэзідэнцкім асабняку пад аховай вагнераўцаў, наведвае самыя раскошныя рэстараны, ездзіць без дзяржнумароў, а таксама карыстаецца шырокай грамадскай падтрымкай з-за гісторыі з замахам на яго нібыта з боку Францыі.
«Сыты страціў некалькі пальцаў на правай руцэ пасля выбуху бомбы, якая знаходзілася ў дасланым яму лісце. Ён адразу стаў казаць, што за замахам нібыта стаіць Францыя, што прынесла яму славу і папулярнасць сярод мясцовага насельніцтва з-за антыфранцузскага настрою ў грамадстве», — распавядае The Wall Street Journal.
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын месяц таму загінуў у авіякатастрофе. Спадчыну яго бізнэс-імперыі цяпер актыўна дзеляць не толькі прадстаўнікі Крамля, але, паводле крыніц, і давераныя асобы рэжыму Лукашэнкі.
Самі ж вагнераўцы ўсё яшчэ застаюцца ў Афрыцы, у тым ліку і ў ЦАР, дзе працягваюць праводзіць аперацыі па арганізацыі дзяржаўных пераваротаў з заменай мясцовага канстытуцыйнага ладу на прарасійскія рэжымы, а таксама здабываць там грошы і карысныя выкапні для патрэб Крамля.
Каментары
Что наблюдаем и в белорусском габоне, русского мира в Беларуси.
Лукашенко, калёным железом выжигает финансовую инициативность, самостоятельность и независимость на всех уровнях общества, как и в ЦАР, Габоне, Гондурасе, чтобы оставались нищими и зависимыми от его подачек, таких легко удерживать в рабстве и манипулировать ими, тотальная нищета населения намного дешевле и выгоднее диктатурам, что и наблюдаем 29 лет в белорусском габоне и гондурасе.