У Гомельскай вобласці чыноўнікаў пазбавілі аўтамабіляў, машыны цяпер арандуюцца

У электроннай базе дзяржзакупак з'явіліся тэндары на арэнду аўтамабіляў для райвыканкамаў Гомельскай вобласці. Апісанне машын, якія арандуюцца, супадае з наяўным аўтапаркам мясцовых адміністрацый. Выданне «Флагшток» высветліла прычыну закупак.

05.10.2023 / 20:04

На дадзены момант аб'явы аб арэндзе аўтамабіляў апублікавалі не менш за чатыры выканаўчыя камітэты Гомельскай вобласці. У сярэднім месяц арэнды аднаго аўтамабіля абыйдзецца ў 6,6 тыс. беларускіх рублёў (2 тыс. даляраў).

Незадоўга да гэтага чыноўнікі заказалі правядзенне незалежнай ацэнкі рынкавага кошту наяўнага аўтапарку. Супастаўленне марак аўтамабіляў паказвае, што арандавацца будуць аўтамабілі, падобныя з наяўнымі ў аўтапарку.

Супастаўленне спісу аўтамабіляў, якія арандуюцца, з аўтапаркам на прыкладзе Жлобінскага райвыканкама

Мяркуючы, што мясцовых чыноўнікаў пазбавілі ўласнага аўтапарку, Флагшток папрасіў пракаментаваць закупкі чалавека, знаёмага з дзейнасцю гарвыканкама.

«Ва ўсіх выканкамаў адабралі транспарт. Машыну з кіроўцам забралі нават у Прывалава (старшыня Гомельскага гарвыканкама. — НН). Кіроўцаў звольнілі. Зараз з раніцы пад выканкамам стаіць калона машын».

Афіцыйна незалежная ацэнка аўтамабіляў праводзілася для перадачы аўтамабіляў на баланс транспартных арганізацый. Цяпер яны будуць адказваць за абслугоўванне аўтамабіляў мясцовых чыноўнікаў.

«Цяпер выканкамы плацяць «Гомельаблаўтатрансу», каб той іх вазіў».

Паралельна адраджаецца практыка сакрэтнага прадастаўлення арганізацыямі аўтамабіляў для патрэб мясцовых выканаўчых органаў улады на патрабаванне чыноўнікаў.

«Раённыя арганізацыі ўжо напружыліся. Калі раней яны спрабавалі ўцячы ад павіннасці прадастаўляць аўтамабілі на суботнікі і аб'езды, то цяпер «саскочыць» ім не дадуць».

Варта адзначыць, што раней выканкамы трацілі значныя сродкі на абслугоўванне сваіх разнастайных аўтапаркаў. Напрыклад, Гомельскі аблвыканкам траціў 39 тыс. даляраў у год на абслугоўванне свайго аўтапарку з 13 машын у год.

Цяпер гэтыя выдаткі панясуць профільныя арганізацыі. Акрамя Гомельскай вобласці, перасядуць на арэндны транспарт і чыноўнікі Брэсцкай вобласці: цяпер выканкамы Брэстчыны праводзяць аналагічныя закупкі.

Чытайце таксама:

У Наваполацку людзей змушаюць прыносіць вопратку для дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый Украіны

«Правільныя» маці з «правільнымі» дзецьмі. Хто цяпер будзе атрымліваць ордэн Маці і што атрымае Лукашэнка

«Колькі можна прыніжацца?» Жыхарка Чавусаў запісала відэазварот да Лукашэнкі: у інтэрнаце чорныя столі, сыплецца тынкоўка і валяцца сцены

Nashaniva.com