Грамадства22

«Правільныя» маці з «правільнымі» дзецьмі. Хто цяпер будзе атрымліваць ордэн Маці і што атрымае Лукашэнка

У панядзелак Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні 227 шматдзетных беларусак ордэнам Маці. У аўторак на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з'явіўся праект паправак у закон «Аб дзяржаўных узнагародах». Цяпер заслужыць ордэн жанчынам стане складаней. Таксама ўстанаўліваецца парадак прызначэння ўзнагарод самому Лукашэнку, піша «Люстэрка».

Фота: pravo.by

На гэты момант права на ордэн Маці, згодна з фармулёўкай закона, маюць жанчыны, якія нарадзілі і (або) выхавалі пяць і больш дзяцей — грамадзян Беларусі. Яго можна атрымаць, калі малодшаму дзіцяці больш за год. Разам з ордэнам належыць грашовая выплата — пяціразовы бюджэт пражытачнага мінімуму (цяпер гэта 1822 рублі).

Не даюць узнагароды жанчынам, якія дрэнна выконваюць свае ўстаноўленыя законамі бацькоўскія абавязкі, вядуць амаральны лад жыцця, былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, маюць непагашаную судзімасць, — словам, нядбайным маці.

Пасля прыняцця паправак проста быць добрай маці пяцярых дзяцей стане мала. Як прапісана ў законапраекце, права на ордэн Маці будуць мець толькі жанчыны, якія:

  • валодаюць высокімі маральнымі якасцямі (што гэта за якасці, не ўдакладняецца);
  • адказна выхоўваюць і ўтрымліваюць дзяцей, клапоцяцца пра іх здароўе, развіццё, навучанне;
  • рыхтуюць дзяцей да грамадска карыснай працы;
  • прышчапляюць дзецям культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.

Такім чынам, калі чыноўнікам не спадабаюцца маральныя якасці жанчыны, ордэна і адпаведных бонусаў ёй не будзе.

Ёсць і іншы нюанс: імаверна, чыноўнікі будуць збіраць характарыстыкі і на дзяцей. І калі ў школе вырашаць, што, скажам, сын-падлетак жанчыны не выказвае належнай павагі да законаў і ўладаў, то ордэн яго мама наўрад ці атрымае.

Акрамя таго, цяпер не даюць узнагароды жанчынам, у якіх ёсць дзве і больш непагашаныя «адміністрацыйкі» — то-бок не выплачаны штраф або не скончыўся тэрмін, пасля якога лічыцца, што асоба не прыцягвалася, а гэта максімум год у выпадку самых грубых парушэнняў. Гэта значыць, абмежаванне з'яўляецца часовым.

Аднак у законапраекце прапануецца гэтую часовасць ліквідаваць. У выпадку яго прыняцця жанчыны, якія хоць бы двойчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці — калі заўгодна, хай нават 20 гадоў таму, — мацярынскага ордэна атрымаць не змогуць.

Гаворка ідзе не пра наогул усе «адміністрацыйкі», а пра парушэнні дзвюх катэгорый:

— супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці — гэта хуліганства, распіццё алкаголю ў грамадскім месцы, прастытуцыя, захоўванне парнаграфіі, распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі і гэтак далей;

— супраць парадку кіравання — гэта несанкцыянаванае пікетаванне, абраза службовай асобы, непадпарадкаванне міліцыі, парушэнне мяжы, парушэнне правілаў дэкларавання даходаў, парадку рамеснай і агратурыстычнай дзейнасці, правілаў абароту розных дакументаў, патрабаванняў пажарнай бяспекі, пражыванне без рэгістрацыі і нават купанне ў забароненых месцах, а таксама мноства іншых парушэнняў.

Такім чынам, жанчыны, якія хоць бы двойчы прыцягваліся да адказнасці, напрыклад, паводле артыкула 23.34 (пазней 24.23) КаАП за ўдзел у пратэстах, будуць пазбаўленыя права на матчыну ўзнагароду.

Акрамя таго, атрымаць ордэн не змогуць жанчыны, якія калі-небудзь былі судзімыя па крымінальным артыкуле. Пакуль што перашкодай лічыцца толькі непагашаная судзімасць, а вось пагашаная не ўлічваецца.

З-за ўзмацнення строгасці правілаў павялічацца тэрміны праверкі кандыдатур. Хадайніцтва аб прадстаўленні жанчыны да ўзнагароды мясцовыя ўлады падаюць у абласныя або Мінскі гарадскі выканкамы, там правяраюць абгрунтаванасць і накіроўваюць сваё рашэнне ў Адміністрацыю прэзідэнта. Тэрмін гэтай праверкі маюць намер павялічыць з месяца да двух.

Узнагароды для Лукашэнкі

Папраўкамі ў дачыненні да маці законапраект не абмежаваўся. Ён таксама прадугледжвае парадак узнагароджання старшыні Усебеларускага народнага сходу і чалавека, які займае пасаду прэзідэнта краіны.

Так, цяпер дзяржаўныя ўзнагароды могуць быць уручаныя старшыні УНС і яго намеснікам, а таксама членам Сакратарыята. Прапановы аб іх узнагароджанні будзе ўносіць сам УНС. Разглядаць іх і прымаць рашэнне, як і ў выпадку ўсіх астатніх дзяржузнагарод, будзе чалавек, які займае пасаду прэзідэнта.

У дадатак права ўносіць прапановы аб уручэнні дзяржузнагарод атрымаюць КДБ, Служба бяспекі прэзідэнта і Аператыўна-аналітычны цэнтр. Кіраўнік КДБ зможа і праводзіць уручэнне ўзнагарод.

Аўтары праекта прапануюць уключыць у закон новы артыкул — «Аб узнагароджанні прэзідэнта Беларусі». Рашэнне аб прысваенні дзяржузнагарод гэтаму чыноўніку будзе прымаць зноў жа Усебеларускі народны сход.

Як вядома, крэсла прэзідэнта Беларусі цяпер занятае Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле апошніх паправак у Канстытуцыю, якія ён жа ініцыяваў, ён можа стаць адначасова і старшынёй УНС, які будзе сфарміраваны вясной 2024 года.

У такім выпадку пасля прыняцця гэтага законапраекта Лукашэнка (які сам жа яго і падпіша) зможа прызначаць узнагароды сам сабе з абодвух пасадаў.

У законе пералічаныя некалькі дзясяткаў медалёў, ордэнаў і ганаровых званняў. Пры жаданні Лукашэнка можа выпісаць сабе, напрыклад, ордэн Айчыны, пашаны, працоўнай славы, «за асабістую мужнасць», Дружбы народаў, ордэн Францыска Скарыны, медаль «за працоўныя заслугі» і, нарэшце, званне Героя Беларусі.

Каментары2

  • Xyz
    04.10.2023
    Ордэн маці для свінаматкі, навошта жанчыне у якой все добра му,ж справы, здароўе ордэн? Ордэн давалі на выставе ці сабацы, ці кату, ці свінне.
  • клетка
    04.10.2023
    "А вы слышали, что Брежневу операцию сделали? - Нет. Какую? - Грудную клетку расширял, для орденов места не хватало."
    а тут клетка ширОокая

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных структур

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных структур

Усе навіны →
Усе навіны

Пазіцыя Шольца па пастаўках Украіне дальнабойных ракет Taurus застаецца нязменнай3

У Мінску бармэн пасварыўся з сябрам і разграміў дзевяць машын з дапамогай сметніцы3

Беларускія навукоўцы вырасцілі пшаніцу фіялетавага колеру3

У Абхазіі паміж уладамі і апазіцыяй могуць прайсці прамыя перамовы

Слава Камісаранка ўклаў грошы ў беларускі стэндап-клуб5

У Мінску са стральбой затрымалі бузацёра2

Спявачка Б'янка расказала, як ледзьве не памерла5

Палітвязень Аўтуховіч: Калі са мной нешта здарыцца, дык гэта спецыяльна1

Тэлевядучага, які называў беларусаў біямасай, а Пазняка нацыстам, выгналі з грамадскага тэлебачання Літвы25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных структур

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных структур

Галоўнае
Усе навіны →